Зламаць будучыню лёгка
Происшествия

Зламаць будучыню лёгка

карлюк

Падчас сустрэчы з навучэнцамі політэхнічнага каледжа, праведзенай у рамках маладзёжнага праекта “100 пытанняў даросламу”, пракурор Лунінецкага раёна Аляксандр КАРЛЮК паабяцаў юнакам і дзяўчатам прадэманстраваць выязны арышт. І слова сваё стрымаў!

У чытальнай зале каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці сабраліся пераважна хлопцы. Спачатку яны прагледзелі невялікі відэафільм “Спайс. Ракавы выбар”, заснаваны на рэальных падзеях. На жаль, гісторыя, расказаная асуджаным за продаж наркотыкаў Аляксеем, які цяпер адбывае пакаранне ў Бабруйскай выпраўленчай калоніі для непаўналетніх, наўрад ці займела чаканы эфект. А вось паяўленне ў дзвярах падазраваемага адразу змяніла крыху вольную атмасферу. Непаўналетняга жыхара райцэнтра суправаджаў міліцэйскі канвой. Акінуўшы поглядам сяброў, з якімі яшчэ нядаўна слухаў лекцыі, малады чалавек то ўсміхаўся, то сур’ёзнеў, моўчкі назіраючы за кадрамі дакументальнай стужкі.

подсудимый

Неўзабаве ўступнае слова ўзяла старшы памочнік пракурора Надзея Некрашэвіч. Разам з калегамі яна занепакоена распаўсюджваннем на тэрыторыі Лунінецкага раёна наркотыкаў і псіхатропных рэчываў. Як ні прыкра, але кантынгент іх спажыўцоў маладзее – атруту ўжываюць школьнікі, навучэнцы каледжаў, студэнты. Павялічылася колькасць курыльшчыкаў розных сумесяў, у тым ліку спайсаў. Пачасціліся выпадкі перадазіроўкі.

У мэтах барацьбы з заганнай з’явай перагледжана на самым высокім узроўні заканадаўчая база, якую дапоўніў Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №6 ад 28.12.2014 г. “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянню незаконнаму абароту наркотыкаў”. Сваю рэалізацыю дакумент меў і ў адносінах лунінчан, прычым некаторыя з іх на момант учынення злачынстваў былі непаўналетнімі. Тым не менш, усе асуджаны на дастаткова працяглыя тэрміны пазбаўлення волі.

Паколькі ў краіне дзейнічае тайна следства, то і сам допыт падазраваемага з удзелам супрацоўнікаў пракуратуры, следчага камітэта, законнага прадстаўніка і сацыяльнага педагога прайшоў у асобным кабінеце. У гэты час перад падлеткамі выступіла інспектар ІСН РАУС Святлана Каховіч. Па яе словах, з пачатку 2015 года складзена 9 адміністрацыйных пратаколаў у адносінах прыхільнікаў наркатычных сродкаў. Паколькі да 18 год адказнасць за дзяцей нясуць бацькі, то менавіта дарослыя выплачвалі штрафы ў памеры ад 5 да 20 базавых велічынь. Паўторныя выпадкі затрымання з атрутай завяршаюцца ўзбуджэннем крымінальных спраў. Акрамя пакарання ў выглядзе тэрмінаў пазбаўлення волі, асуджаныя накіроўваюцца на прымусовае лячэнне ад наркатычнай залежнасці. Дарэчы, аматары-таксікаманы таксама трапляюць пад дзеянне Дэкрэта №6. Словы інспектара дапоўніла бібліятэкар сельгаскаледжа Ніна Дамашэвіч, якая прапанавала навучэнцам прагледзець фільмы прафілактычнай накіраванасці “Першая спроба” і “Іншае”.

Вынік допыта паведаміў пракурор раёна Аляксандр Карлюк:

– Падлетак абвінавачваецца па крымінальнай справе за ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных часткамі 1 і 2 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Выбрана і мера стрымання – заключэнне пад варту. Памятайце, толькі ад вас залежыць, як будзеце жыць: з наркотыкамі ці без… Памылкова думаць, што падобнае здарыцца з кім-небудзь, але не з вамі. Зламаць сваю будучыню вельмі лёгка. Хвіліннае задавальненне можа каштаваць 25 год пазбаўлення волі. Таму яшчэ раз звяртаю ўвагу, жарты закончыліся, час угавораў мінуў! Спадзяюся, сумная статыстыка – 44 злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, прычым 21 з іх датычыць рэалізацыі атруты, – сёлета пагаршацца больш не будзе!

Наталля Паўлюкевіч

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть