Змяненні, прадыктаваныя жыццём
Происшествия

Змяненні, прадыктаваныя жыццём

gai_mogilev_1Пачынаючы з 16 студзеня 2015 года ў краіне ўступаюць у сілу змяненні і дапаўненні ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 лістапада 2005 года №551 “Аб мерах па павышэнню бяспекі дорожнага руху». Пра асноўныя новаўвядзенні вызначальнага для ўладальнікаў транспартных сродкаў і пешаходаў закона папрасілі расказаць начальніка аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі РАУС, маёра міліцыі Аляксандра АНТАНОВІЧА.

А.Антонович— Перш за ўсё, мяняецца стаўленне да падрыхтоўкі вадзіцеляў. Больш увагі будзе надавацца навучанню практычнаму ваджэнню аўтамабіля: замест ранейшых 40 гадзін на такія мэты цяпер прадугледжана не менш як 50 гадзін. Трэба спадзявацца, што больш строгі падыход да гэтай безумоўна важнай справы не толькі палепшыць якасць падрыхтоўкі вадзіцеляў, але і самым станоўчым чынам паўплывае на статыстыку дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам навічкоў.

Практыка работы ў органах правапарадку не аднойчы дазваляла пераканацца ў тым, што людзі самую пільную ўвагу звяртаюць на паводзіны на дарозе супрацоўнікаў міліцыі. Неаднойчы даводзілася тлумачыць, чаму іншы раз праваахоўнікам дазвалялася ехаць на забараняючае святло светлафора, размаўляць за рулём па мабільным тэлефоне, не карыстацца рамянямі бяспекі і іншае. Цяпер гэтыя палажэнні замацаваны ўнесенымі змяненнямі і дапаўненнямі, якія сведчаць, што вадзіцелі транспартных сродкаў аператыўнага назначэння з уключанымі маячкамі сіняга ці сіняга і чырвонага колераў ва ўмовах аховы бяспекі дарожнага руху могуць адступаць ад патраба-ванняў светлафораў, дарожных знакаў і дарожнай разметкі, а таксама падпункта 9.8 пункта 9 (выязджаць на дарогу і з’язджаць з яе, пераяз-джаць раздзяляльную паласу, раздзяляльную зону ў вызначаных для гэтага месцах (месцы, пазначаныя адпаведнымі дарожнымі знакамі, дарожнай разметкай, абсталяваныя прыладамі, якія агароджваюць ці накіроўваюць і г.д.), падпункта 10.4 пункта 10 (карыстацца падчас руху транспартнага сродку апаратам радыё- і тэлефоннай сувязі, не абсталяваным тэхнічнай прыладай, якая дазваляе весці перамовы без выкарыстання рук), главы 9 (акрамя пунктаў 56 і 57, глаў 10-15, 17-19 Правілаў дарожнага руху). Без уключаных маячкоў дазваляецца адступаць ад патрабаванняў падпункта 10.4 пункта 10, главы 19 Правілаў.

Варта звярнуць увагу вадзіцеляў і на змяненні патрабаванняў пры пад’ездзе да пешаходнага перахода. Раней трэба было знізіць хуткасць аж да поўнага спынення транспартнага сродку. Цяпер Правілы прадпісваюць рухацца з хуткасцю, якая дазволіць пры неабходнасці спыніць транспартны сродак. Гэта павінна павысіць увагу не толькі вадзіцеляў, але і пешаходаў, якія іншы раз ступаюць на “зебру”, абсалютна не звяртаючы ўвагу на тое, што да небяспечнага месца набліжаецца транспартны сродак. Паводзіны на дарозе павінны грунтавацца на ўзаемнай павазе і самай пільнай увазе, якія і закліканы дапамагчы зрабіць сітуацыю бяспечнай для ўсіх удзельнікаў руху.

Нямала раней узнікала пытанняў пры перавозцы ў аўтамабілях дзяцей. Цяпер пункт 178 Правілаў сведчыць, што перавозка дзяцей у легкавым аўтамабілі, абсталяваным рамянямі бяспекі, павінна ажыццяўляцца з выкарыстаннем утрымліваючых прыстасаванняў, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці ва ўзросце да 5 год. Ва ўзросце ад 5 да 12 год прадугледжана выкарыстанне ўтрымліваючых прыстасаванняў (бустэраў, спецыяльных падушак для сядзення, дадатковых сядзенняў), якія дазваляюць бесперашкодна выкарыстоўваць рамяні бяспекі, прадугледжаныя канструкцыяй транспартнага сродку. Калі дзіця ва ўзросце да 12 год мае рост большы за 150 сантыметраў, то дапускаецца перавозіць яго без вышэй пазначаных сродкаў. Не выкарыстоўваюцца яны і ў аўтамабілях-таксі. Раней нярэдка можна было бачыць, як вадзіцель для таго, каб лепш было назіраць за малышом, перавозіў яго на пярэднім сядзенні ў спецыяльным дзіцячым крэсле, спіной да лабавога шкла. Цяпер у аўтамабілях, якія маюць падушкі бяспекі, гэта строга забаронена. Выключэнне складаюць выпадкі, калі механізм франтальнай падушкі бяспекі ў аўтамабілі адключаны. Забараняецца правозіць дзяцей ва ўзросце да 12 год на заднім сядзенні матацыкла ці мапеда.

Апошнім часам зноў пачала ўваходзіць “у моду” таніроўка шкла аўтамабіляў. Варта нагадаць, што Правілы дарожнага руху патрабуюць мець святлопрапусканне не менш як 70 працэнтаў лабавога шкла і столькі ж — для іншых, калі заводам-вырабляльнікам не нанесена маркіроўка, якая ўтрымлівае адно з наступных спалучэнняў: «43R», «V»; «43R», «V-VI»; «AS3»; «43R», «V», «AS3».

Цяпер, што датычыць зімовых шын. Пры ўдзеле ў дарожным руху з 1 снежня па 1 сакавіка аўтамабілі з тэхнічна дапусцімай агульнай масай да 3.5 тоны ўключна, легкавыя і грузапасажырскія аўтамабілі з тэхнічна дапусцімай агульнай масай больш як 3.5 тоны, а таксама аўтобусы з масай больш як 5 тон павінны абавязкова быць абсталяваны зімовымі шынамі. Прычым, устанаўліваюцца яны на ўсіх колах транспартнага сродку і абавязкова павінны адпавядаць усім патра-баванням, пазначаным у ПДД.

Змяненнямі і дапаўненнямі пэўна вызначаны патрабаванні да вышыні пратэктара. Цяпер зімовыя шыны механічных транспартных сродкаў, прызначаных для эксплуатацыі на абледзянелым ці заснежаным дарожным пакрыцці, маркіраваныя знакам у выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі і сняжынкай унутры ці знакамі ў выг-лядзе «М+S», «M&S», «M.S», «M S», «All seasons» павінны мець астатачную вышыню малюнка пратэктара не менш як 4 міліметры.

Адначасова нагадаю, што з 1 студзеня 2015 года са 150 да 180 тысяч рублёў павялічылася базавая велічыня. Зразумела, што адпаведна з ёй змяніліся і памеры штрафаў за парушэнне Правілаў дарожнага руху. Мяркуецца, што падаражае таксама атрыманне вадзіцельскага пасведчання, талона да яго, здача экзаменаў у МРЭА, рэгістрацыя-зняце з уліку транспартнага сродка і транспартная пошліна.

Запісала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть