«Знаешь, так хочется жить…»
Происшествия

«Знаешь, так хочется жить…»

Матэрыялы гэтай крымінальнай справы без унутранага жаху чытаць немагчыма. Гэткі ж шок спасціг лунінчан жнівеньскай раніцай мінулага года, калі па горадзе распаўсюдзіліся чуткі аб жудасным забойстве маладой жанчыны, цела якой знайшлі непадалёк ад дома №133 па вуліцы Чырвонай. Па гарачых слядах устанавілі злачынцаў. Імі аказаліся лунінчане: адзін 1991 года нараджэння, другі – 1983-га. Для праваахоўнікаў затрымаць забойцаў вялікай цяжкасці не склала: адзін з іх – маладзейшы – выклікаў “хуткую дапамогу”, прадставіўшыся звычайным прахожым.

Паколькі 36-гадовая загінуўшая ўжо нічога расказаць не магла, тлумачэнні давалі астатнія фігуранты справы, сярод якіх была яшчэ адна маладая жанчына. Як пазней высветлілі следчыя і суд, шляхі забойцаў і ахвяры С. перасякліся раніцай 22 жніўня 2016 года на цэнтральнай плошчы горада. Адзін аднаго ведалі і дагэтуль, таму сустрэчу ўспрынялі як звычную прычыну для таго, каб выпіць. Тым больш, што С. паскардзілася на тое, што яе звольнілі з работы. Пазычылі грошай, зазірнулі ў магазін і накіраваліся на кватэру да аднаго са знаёмых.

Перыядычна бегалі за дабаўкай, таму п’янка доўжылася ледзь не да вечара. Калі на добрым падпітку вырашылі разыходзіцца, С. спала на канапе ў суседнім пакоі. Ведаць бы, чым закончыцца вечар, то лепей было б не прачынацца, скажуць потым многія з гараджан. Так ці інакш, пасля кароткага сну С. накіравалася па добра вядомым адрасе ў падвальнае памяшканне дома №2 па вуліцы Чэхава. Менавіта тут у кладоўцы, прыпісанай да кватэры №13, абсталяваў сабе “офіс” 25-гадовы Алесь Літвіненка. У катуху, устаўленым старой мэбляй, нярэдка збіраліся шукальнікі прыгод, каб весела правесці вольны час і нагнаць страху на жыхароў гэтага і суседніх дамоў. 

Тут у жнівеньскі вечар і разыгралася жудасная драма. Спачатку п’янка працягвалася ў адносна мірным рэчышчы. Аднак, пакрыўджаная на ўвесь свет С. у адзін з момантаў быццам бы абразіла гаспадара, ударыўшы яго пры гэтым па шчацэ. Пра тое, што адбылося потым, расказваюць скупыя радкі пратакола і вынікі судова-медыцынскай экспертызы. На трупе налічылі 123 цялесныя пакалечанні. На жанчыне, якая памерла ад масіўнай страты крыві, можна сказаць, не было жывога месца.

Як высветлілася, збіваць безабаронную пачаў 33-гадовы Цімчанка, якога С. увогуле не чапала і ніякім чынам не крыўдзіла. Тут варта сказаць, што абодва саўдзельнікі – патэнцыяльныя кліенты праваахоўнікаў. Цімчанка да гэтага меў 6 судзімасцей, у ліку якіх – рэальныя тэрміны за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы. Упершыню ў канфлікт з законам уступіў у 19-гадовым узросце, трапіўшы ў калонію за замах на забойства. У стане алкагольнага ап’янення жорстка збіў непаўналетнюю лунінчанку, нанёс ёй чатыры ўдары нажом, уцёкшы з месца злачынства. Ужо тады многія заўважалі яго дзікі нораў, а ў стане алкагольнага ап’янення ён станавіўся проста страшным у сваёй нястрыманасці, што і вылілася, урэшце, у страшную жнівеньскую трагедыю.

Не саступаў свайму падзельніку і Літвіненка. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, яго “паслужны спіс” таксама быў унушальным. Нідзе не працаваў, вёў амаральны лад жыцця. Да крымінальнай адказнасці прыцягваўся за хуліганства і нанясенне лёгкіх цялесных пакалечанняў. А на працягу 2016-га тройчы трапляў у поле зроку праваахоўнікаў за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў на глебе злоўжывання алкаголем.

У той жнівеньскі позні вечар фізічна моцны, рослы Літвіненка, наносячы ўдары сваёй ахвяры, здаецца, укладваў у іх усю сілу. Яго не спыніла спроба прысутнічаўшай пры гэтым другой сабутэльніцы спыніць здзек: адштурхнуўшы ненастойлівую абаронцу, ён працягваў збіваць тую, што не хацела ды і не магла аказаць супраціўленне…

Наталіўшы прагу да бойкі, пачалі разыходзіцца. Першымі пакінулі падвал Цімчанка з сяброўкай. Літвіненка з С., якая не падавала прыкмет жыцця, некаторы час яшчэ заставаліся ў памяшканні. Менавіта гэта і дазволіла пазней старэйшаму злачынцу пераконваць правасуддзе, што яго ўдары аніяк не маглі стаць прычынай смерці небаракі, і, быццам бы, менавіта Літвіненка давёў страшную справу да канца, застаўшыся сам-насам з ахвярай.

Так ці інакш, далей падзеі развіваліся з удзелам іншых асоб. Пакінуўшы С. на лаўцы ў праходзе паміж кладоўкамі, вялікаўзроставы бэйбус накіраваўся да бліжэйшага магазіна, які ў Лунінцы называюць “Універсамам”. Там сустрэў новых сябрукоў. Пасля выпіўкі з імі прапанаваў дапамагчы вынесці з падвала “п’яную жанчыну”. Падатлівае цела паклалі на адмостку суседняга дома і зноў пайшлі выпіваць. Праз некаторы час вырашылі паглядзець, што з небаракай. Толькі тут закралася падазрэнне, што жанчына мёртвая.

Далей усё пайшло па ўжо вядомым сцэнарыі. Літвіненка выклікаў “хуткую”, выдаўшы сябе за выпадковага прахожага, які ведаць не ведае забітую. Сабраць неабвержныя доказы дачынення яго і старэйшага падзельніка Цімчанкі да забойства для праваахоўнікаў было справай тэхнікі.

Прыкладна праз паўгода адбыўся суд. Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда адмерала кожнаму са злачынцаў па 23 гады пазбаўлення волі: Літвіненка – ва ўмовах узмоцненага, а Цімчанка – ва ўмовах асобага рэжыму. Акрамя гэтага, абодвум давядзецца выплаціць пацярпелым больш як 50 тысяч маральнай шкоды. З прыгаворам злачынцы і іх адвакаты не згадзіліся. У судовую калегію па крымінальных справах Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь паступіла апеляцыйная скарга, якая была разгледжана на гэтым тыдні. Абодвум забойцам на год зменшылі тэрміны зняволення. Прыгавор абласнога суда ў частцы задаволення іскавых патрабаванняў пацярпелых аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды ад злачынства пакінуты без змянення.

Здавалася б, справядлівасць узяла верх. Аднак засталіся пытанні, дакладныя адказы на якія не прагучалі дагэтуль. Чаму ў падвальным памяшканні ў цэнтры горада абсалютна адкрыта існаваў самы сапраўдны прытон: экспертыза паказала, што ў момант учынення злачынства Цімчанка быў не толькі п’яным, але і знаходзіўся пад уздзеяннем наркотыкаў. Хіба не ведалі пра “офіс” праваахоўнікі і камунальнікі, якія пераканана сцвярджаюць, што доступ пабочным асобам у абсалютна ўсе падвальныя і ншыя памяшканні агульнага карыстання закрыты? Чаму абодва фігуранты справы выпалі з поля зроку міліцыі, хаця мелі ўсе падставы для таго, каб знаходзіцца на прафілактычным (і не толькі) ўліку? Каго, як не іх, своечасова трэба было паставіць на ўлік у наркалагічным кабінеце, а Літвіненку – ізаляваць ад грамадства, накіраваўшы ў лячэбна-прафілактычную ўстанову, бо падстаў для гэтага было хоць адбаўляй? Чаму на “Палессеэлектрамашы”, дзе працаваў Цімчанка, ведаць не ведалі пра яго  амаральны лад жыцця? Урэшце, як сталася, што на вачах многіх цэлы ланцужок злачынных дзеянняў вёў да трагедыі, і ні ў кога з надзеленых паўнамоцтвамі асоб не ўзнялася рука, каб яго перарваць?

Адразу пасля трагедыі адбылася міжведамасная аператыўная нарада пры пракуроры раёна. У яе ходзе адкрыта прагучала, што ў пэўнай ступені безініцыятыўнасць супрацоўнікаў РАУС, у прыватнасці, участковых інспектараў, невыкананне імі патрабаванняў Закона “Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь”, адсутнасць прафілактычных мерапрыемстваў па папярэджанню правапарушэнняў супраць жыцця і здароўя, грамадскага парадку і маралі, агрэхі ва ўзаемадзеянні з іншымі службамі, на якія ўскладзены паўнамоцтвы па правядзенню прафілактычнай работы, ускосным чынам садзейнічалі таму, што за апошнія два гады на тэрыторыі нашага раёна ўчынена 4 асабліва цяжкія злачынствы, у ліку якіх жнівеньская трагедыя. І гэты паказчык застаецца адным з самых высокіх у вобласці.

Пасля судовага разбіральніцтва ў рэдакцыі раздаўся тэлефонны званок. Усхваляваны жаночы голас паведаміў, што маці аднаго са злачынцаў, вядомая ў мінулым мясцовая спартсменка, збіраецца памяняць месца работы з ДЮСШ, дзе працавала трэнерам, на настаўніцкую прафесію ў адной з гарадскіх школ. “Дык што, у спартыўнай школе ёй працаваць нельга, а з нашымі дзецьмі можна? І чаму навучыць яна нашых дзяцей, калі ўласнага сына не здолела выхаваць належным чынам, не прывіўшы яму любоў да спорту, хаця ўсе задаткі ў яго для гэтага былі? Няхай едзе працаваць у вёску, там настаўнікаў не хапае…”. Абсалютна не прыняўшы апошнюю прапанову (чаму абавязкова ў вёску і чым вясковыя дзеці горшыя за іншых?), усё ж патэлефанавала начальніку раённага аддзела адукацыі Наталлі Цяльпук, якая пацвердзіла навіну і падкрэсліла, што жанчына мае адпаведную адукацыю і ўправе працаваць там, дзе пажадае. Дазволю пэўную рэмарку на гэты конт і сабе.

Віны сем’яў злачынцаў у тым, што адбылося, ніхто не адмаўляе. Па справядлівасці, то менавіта там – карані зла, з якім потым даводзіцца змагацца ўсім, каго прынята называць суб’ектамі прафілактыкі. Аднак у гэтым канкрэтным выпадку, нягледзячы на тое, што ў су-дзе было яскрава заўважана імкненне прадставіць сваё “чада” як вельмі спакойнае і паслухмянае, жанчыне да канца дней давядзецца несці крыж “маці забойцы”. І наўрад ці аблегчыць гэтую ношу імкненне прадставіць у непрывабным святле загінуўшую жанчыну і вінаваціць усіх, акрамя сябе, у тым, што адбылося.

Калі б ведаў, дзе ўпадзеш – саломку падаслаў бы… Гэтая вядомая і простая ў сваёй ісціне народная мудрасць датычыць усіх, каго тым ці іншым бокам закранула мінулагодняя жнівеньская трагедыя. У тым ліку – і кожнага з нас, хто жыве ў горадзе, які звыкла называем спакойным і ўтульным. Так хочацца, каб гэта было на самай справе.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть