“ЗРОБІМ ЛЕТА БЯСПЕЧНЫМ”
Гэта – дэвіз сёлетняга Адзінага дня бяспекі дарожнага руху. Праводзіцца ён сёння, 29 мая. А 25 мая пачалася спецыяльная акцыя “Увага – дзеці!”. Пройдзе яна да 10 чэрвеня. У ходзе акцыі запланавана правесці шэраг мерапрыемстваў, закліканых папярэдзіць дзіцячы траўматызм на дарогах.
Трывожных падстаў для гэтага нямала. З пачатку года ў вобласці зарэгістравана 31 ДТЗ з удзелам непаўналетніх, што на 5 больш, чым на такі ж час летась. 32 дзіцяці атрымалі траўмы і пакалечанні. Удумайцеся ў гэтую лічбу – 32 пакалечаныя дзіцячыя жыцці!
Але што часцей бачым насамрэч? Ці заўсёды мы, дарослыя, з’яўляемся прыкладам для сваіх дзяцей. Няхай нават і ў такой звычайнай рэчы, як паводзіны на вуліцы. А для малышоў аўтарытэт іх бацькоў наогул непахісны. Таму, як бы мы ні спяшаліся па неадкладных справах, не трэба на вачах у сыноў і дочак пераходзіць вуліцу у неўстаноўленым месцы, перабягаць яе паблізу аўтамабіля, спяшацца на чырвонае святло светлафора. Можа стацца так, што дзеці паўтораць вашы ”манеўры”. Вось толькі свае магчымасці і сілы могуць не разлічыць. А за гэтым – бяда. Ці варта яе чакаць?
Лета – цудоўная пара. І дзеці, і дарослыя чакаюць гэтага часу з нецярпеннем. Давайце не будзем азмрочваць яго бядой, якую можна папярэдзіць. Дзяжаўтаінспекцыя РАУС жадае ўсім удачы на дарогах!