ПроисшествияСоциум

Чужое дабро вылазіць праз рабро

судУ тым, што ў наш час нямала аматараў паквапіцца на чужое, у тым ліку і на дзяржаўнае, пераканацца няцяжка. Дастаткова пагартаць справы, ініцыіраваныя КУП ВКГ “Лунінецкі водаканал”, узбуджаныя да асобных грамадзян, якіх удалося, як кажуць, злавіць за руку пры крадзяжы вады.

Перыядычна спецыялісты вышэй названай арганізацыі робяць падворны абход з мэтай выявіць тых, хто самавольна ўрэзаўся ў сілкуючую “артэрыю” ці зрабіў незаконны адвод у абход лічыльніка. І штораз такіх рызыкантаў выяўляецца нямала. Ім прапаноў-ваецца ў добраахвотным парадку кампенсаваць кошт украдзенай вады (звычайна за каляндарны месяц). Многія прызнаюць сваю віну і не супраціўляюцца. Некаторыя ж спрабуюць пазбегнуць адказнасці, і тады арганізацыя звяртаецца ў суд.

Мінулым летам у самы разгар агародных работ спецыялісты “Водаканала” выявілі самавольнае далучэнне да водаправодных сетак на адной з сядзіб па вуліцы Гагарына ў райцэнтры. Быў складзены акт, згодна з якім гаспадару сядзібы прадпісвалася ўплаціць 2381600 рублёў за спажытую на працягу каляндарнага месяца ваду. Сума адказчыку не спадабалася, і добраахвотна развітацца з грашыма лунінчанін не пажадаў.

У ходзе судовага пасяджэння прадстаўнікі арганізацыі-істца прадставілі неабвержныя доказы віны чалавека, які самавольна падключыўся да выгоды. Іск быў задаволены ў поўным аб’ёме, віну сваю парушальнік прызнаў, і  ўсе выдаткі кампенсаваў. Дык ці не лепш было б гэта зрабіць адразу, не даходзячы да судовага  разбіральніцтва і не спадзеючыся на тое, што нехта менш разумны і хітры, чым той, хто адважыўся на крадзеж?

Зрэшты, злодзеі не заўсёды такія лагодныя. Ёсць і тыя, хто, нягледзячы на пераканаўчыя факты, усё-такі спрабуе выйсці сухім з вады. Што з гэтага атрымліваецца, сведчаць наступныя выпадкі.

Пры падворным абходзе на вуліцы Сонечная ў Мікашэвічах у гаражы адной з жыхарак было выяўлена дадатковае адгалінаванне ад водаправоднай сеткі ў абход лічыльніка. Па ім за спажытую ваду гаспадыня плаціла спраўна, а вось вадой, якой праз адвод палівала агарод, карысталася бясплатна. Быў складзены акт, згодна з якім грамадзянцы прапанавалі аплаціць 4367730 рублёў. Зрабіць гэта яна наадрэз адмовілася. Справа дайшла да суда.

У ходзе разбіральніцтва жанчына праявіла “вышэйшы пілатаж” вынаходлівасці, заявіўшы, што бескантрольна вадой не карысталася, а не перакрывала адвод таму, што праз гэтае адгалінаванне паступае вада на суседскі падворак, і калі яго перакрыць, то людзі застануцца без выгоды. Довады былі абвергнуты з дапамогай спецыялістаў, віна жанчыны даказана, і рашэннем суда ёй прадпісвалася ў вызначаны тэрмін усё-такі выдаткаваць грошы за ўкрадзенае. Тым не менш, у абласную інстанцыю пайшла касацыйная скарга, якая была пакінута без задавальнення.

Яшчэ большую суму – амаль 16 мільёнаў рублёў – давялося выкласці і “вынаходніку” з вуліцы Братоў Цуба ў Мікашэвічах. У адзін з летніх дзён да яго таксама завіталі спецыялісты з “Водаканала”. Візіцёраў гаспадар аніяк не чакаў. Даведаўшыся, у чым яго абвінавачваюць (а самавольная ўрэзка ў водаправод у абход лічыльніка была ў наяўнасці), віну не прызнаў. Больш таго, вёў сябе агрэсіўна, абражваў людзей, пагражаў ім. А калі службовыя асобы паспрабавалі выклікаць нарад міліцыі, выхапіў у адной з жанчын мабільны тэлефон і кінуў яго на зямлю. За гэта нястрыманага парушальніка падверглі адміністрацыйнаму пакаранню – штрафу ў памеры двух базавых велічынь.

Нягледзячы на тое, што складзены спецыялістамі “Водаканала” акт грамадзянін не згадзіўся падпісваць (што пазней дало яму падставу пераконваць правасуддзе, быццам на момант прыходу правяраючых яго наогул не было дома), разбіральніцтва працягнулася ў судзе. У адрозненне ад папярэдніх выпадкаў іск быў прад’яўлены на прыкметна большую суму – за тры месяцы бескантрольнага карыстання вадой. (Дарэчы, гранічны тэрмін, абумоўлены Правіламі карыстання сістэмамі камунальнага водазабеспячэння і водаадвядзення ў гарадах і населеных пунктах Рэспублікі Беларусь, – тры гады. Зразумела, што такія сумы не ў стане выплаціць ніводзін са спажыўцоў). Суд задаволіў іск у поўным аб’ёме.

Аднак з гэтым адказчык не згадзіўся. У абласную судовую калегію па грамадзянскіх справах была накіравана касацыйная скарга. У вызначаны тэрмін яе разгледзелі. Рашэнне суда было пакінута без змянення. У спробе даказаць недаказуемае жыхар Мікашэвіч вырашыў ісці да канца. Нарэшце справай заняўся Вярхоўны суд. У Брэсцкі абласны суд быў унесены пратэст, рашэнне раённага суда адмянілі. Справу накіравалі на новы разгляд пад старшынствам іншага суддзі. Аднак факты – рэч упартая. Пад іх ціскам зноў было прынята рашэнне не на карысць адказчыка.

Эпапея рызыкавала набраць новыя абароты, патрабуючы новых затрат і сіл. Парушальнік, між тым, узяў перадышку, гэткі своеасаблівы “тайм-аўт”. Нягледзячы на тое, што тэрміны падачы касацыйнай скаргі былі ўпушчаны, жыхар Мікашэвіч звярнуўся ў суд з заявай аднавіць тэрмін іскавай даўнасці і адмяніць рашэнне суда, як незаконнае. У іску яму абгрунтавана адмоўлена. На гэты раз – канчаткова.

“Чужое дабро вылазіць праз рабро”, – кажа народнае выслоўе. Іншы раз яго няшкодна ўспомніць тым, хто мяркуе пажывіцца за чужы кошт.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть