ПроисшествияСоциум

Аўтамабіль мінус…

машинаАмаль два месяцы прайшло з моманту ўступлення ў сілу змяненняў, унесеных у Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, якія робяць больш жорсткай адказнасць вадзіцеляў за кіраванне транспартам у стане алкагольнага ці наркатычнага ап’янення. На жаль, аматараў сесці п’янымі за руль менш не становіцца. Практычна штотыдня крымінальная зводка ўтрымлівае звесткі пра такіх “рызыкантаў”. Менавіта таму судовае пасяджэнне па першай падобнай справе вырашылі зрабіць выязным. Прайшло яно ў актавай зале РУВП “Граніт”. Работнік прадпрыемства Т., безумоўна, трапіць у гісторыю. Шкада толькі, што з такога незайздроснага боку.

Слесара гранітаздабываючага прадпрыемства нельга назваць асобай, невядомай праваахоўнікам. Першы раз у поле зроку вартавых правапарадку Т. трапіў 20-гадовым юнаком за хуліганства. Атрымаў 3 гады абмежавання волі. Відавочна, прысуд падаўся мяккім, бо праз чатыры гады жыхар Мікашэвіч зноў пайшоў на канфлікт з законам. Менавіта ў 2009-ым яго злавілі п’яным за рулём. На гэты раз ён атрымаў паўтара года выпраўленчых работ з утрыманнем 15 працэнтаў заробку ў даход дзяржавы.
Далей – болей. Тэрмін паміж учыненымі парушэннямі станавіўся ўсё меншым, а пакаранне, улічваючы схільнасць да рэцыдыву, – больш сур’ёзным. Яшчэ двойчы небараку затрымлівалі “пад шафэ” за рулём аўтамабіля, аднак ні мільённыя штрафы, ні прыкметныя тэрміны выпраўленчых работ належнага ўплыву не зрабілі. Для ўчынення чарговага парушэння не стала перашкодай і забарона садзіцца за руль на працягу трох год.
Літаральна на наступны пасля прыняцця змяненняў у Крымінальны кодэкс дзень Т. спынілі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі. Па злой іроніі лёсу парушальнік кіраваўся ад будынка суда, дзе трымаў справаздачу аб уплаце чарговага “транша” штрафу, да будынка банка. Адлегласць у 200 метраў стала ракавой для гора-вадзіцеля. Першая проба на алкаголь паказала перавышэнне ўтрымання яго ў выдыхаемай пары. Ад наступнага медыцынскага абследавання Т. адмовіўся, абгрунтавана думаючы, што яно пакажа яшчэ большую дозу ап’янення.
Самае крыўднае, што на момант затрымання ў салоне аўтамабіля знаходзі-лася жонка парушальніка і немаўля-дзіця. Няўжо жанчына, упаўне дарослы і самадастатковы чалавек, не разумела, чым пагражае падобная ўсёдазволенасць у адносінах не толькі да свайго, але і да жыцця дзіцяці?
Сам Т. у ходзе судовага разбіральніцтва віну прызнаў, адначасова пацвердзіўшы, што ў свой час у інспекцыі яго папярэджвалі аб адказнасці, якая можа наступіць у выпадку ўхілення ад выканання прыгавору суда.
Улічваючы гэта, суд прызначыў Т. пакаранне ў выглядзе 1 года 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем тэрміну ў выпраўленчай калоніі агульнага рэжыму. Адначасова на працягу 5 год ён не мае права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі.
Не падумаў парушальнік і пра тое, што па новаму заканадаўству абсалютна не мае значэння, каму належыць аўтамабіль. Нягледзячы на тое, што зарэгістраваны “Форд-Арыён” на жонку, на транспартны сродак накладзены арышт. Пазней машына будзе рэалізавана на аўкцыёне, а выручаныя сродкі пойдуць у даход дзяржавы. Варта зазначыць, што браць удзел у аўкцыёне можа і былы ўладальнік, але на агульных умовах.
Ды толькі наўрад ці суцешыць гэтая акалічнасць сям’ю, дзе гадуюцца двое малых дзетак. У тым і бяда, што, знаходзячыся на злачыннай мяжы, тыя, хто адказвае за іх лёс, не задумваюцца, чым можа абярнуцца звычайнае грэбаванне патрабаваннямі закона. І матэрыяльныя страты, паверце, ні ў якае параўнанне не ідуць з уронам, які ў выпадку ДТЗ, учыненага п’яным вадзіцелем, можа быць нанесены здароўю і жыццю ні ў чым невінаватых людзей.
Міхаіл
ДЗЕНІСОВІЧ,
старшыня
суда.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть