Социум

Час знімацца з мелі

Многія жыхары рэспублікі нават і не ўяўляюць, што ў краіне ёсць уласны флот, хай і рачны. Беразіна, Нёман, Днепр, Заходняя Дзвіна даўно страцілі статус гандлёвых шляхоў. І нават “беларуская Амазонка” – Прыпяць – у нізоўях змялела настолькі, што гружаныя баржы не праходзяць. Дадаць да гэтага амаль 80-працэнтны знос тэхнікі – і лёс водных перавозак здаецца прадвызначаным. Як у сённяшніх умовах выжывае рачны порт Мікашэвічы, расказвае яго кіраўнік Аляксандр БРЭЛЬ:

– Кіраўніцтва рачным флотам ажыццяўляе Беларускае рачное параходства з цэнтрам у Мазыры. У яго склад, акрамя порта ў Мікашэвічах, уваходзяць яшчэ сем: Гомель, Мазыр, Рэчыца, Брэст, Пінск, Бабруйск і Магілёў. Асноўны наш від дзейнасці – перавозка будаўнічых мінеральных грузаў. У першую чаргу – гэта шчэбень, які дабывае РУВП “Граніт”.

– Другі год запар

у Прыпяці нізкі ўзровень вады. Гэта, зразумела, не дазваляе працаваць стабільна. Як удаецца трымацца?

– Усю навігацыю прастаялі: з 4 чэрвеня і да канца кастрычніка. З-за гэтага згубілі кантракты з кліентамі, якіх больш задавольваюць транспартныя паслугі аўтамабілістаў і чыгуначнікаў. Яны не залежаць у такой ступені ад прыродных катаклізмаў, у прыватнасці, засухі, як мы. Зараз працуем усяго 3 дні на тыдзень. За 10 дзён гэтага месяца загрузілі, перавезлі і выгрузілі 7 тысяч тон. Грошай хопіць толькі на выплату заробкаў на 2-3 месяцы. Крыху лягчэй было б, каб з намі разлічыліся тыя, хто трапіў у спіс даўжнікоў. Сума дэбітор-скай запазычанасці складае амаль 284 тысячы рублёў.

– А ці праўда, што водны транспарт – самы выгадны?

– Як паказваюць лічбы, рачная краіна – не значыць суднаходная. У нас практычна адсутнічае развітая сістэма шлюзавых каналаў, таму нашы баржы могуць дабрацца ў абмежаваную колькасць месцаў. Там, дзе цягнік едзе па прамой, баржа павольна плыве па бясконцых звілістых рэчышчах. Калі да Мазыра цягнік і баржа пераадольваюць прыкладна аднолькавую адлегласць, то да Гомеля ці Магілёва наш шлях даўжэй у 2 разы.

– Асаблівасці беларускага клімату прымушаюць рачны порт сутыкнуцца яшчэ

з адной праблемай – сезоннасцю работ. Калі навігацыя пачынаецца,

а калі заканчваецца?

– У савецкія часы былі вызначаныя даты – 20 сакавіка і 20 лістапада. Сёння ж мы выкарыстоўваем любую магчымасць, каб зарабіць грошы. Пакуль рака не замерзне, бу-дзем працаваць.

– Што на сённяшні дзень уяўляе сабой порт Мікашэвічы?

– На балансе знаходзяцца 13 адзінак несамаходнага грузавога флоту – баржы – грузападымальнасцю 1000 тон. У нашым распараджэнні 5 адзінак буксірнага флоту – цеплаходы, якія “штурхаюць” баржы па рацэ Прыпяць. Самы стары з іх – 1979 года выпуску. Ды і ўвогуле флот немалады і патрабуе рамонту. Але на гэта неабходны грошы, прычым, немалыя. Так, напрыклад, каб аднавіць днішча адной баржы, спатрэбіцца прыкладна 300 тысяч рублёў… Цеплаходы ж стараемся падтрымліваць у спраўным стане ўласнымі сіламі. У нашым калектыве 31 чалавек. Усе яны сапраўдныя прафесіяналы.

– На што спадзяецеся?

– Порт працягвае сваю дзейнасць, і ўсё, што мы рабілі раней, выконваем і цяпер. Спадзяюся на лепшае: на паўнаводную раку, надзейных і заможных заказчыкаў, а таксама на зладжаны калектыў порта.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть