Социум

ДАРОЖНІКІ ДА ЗІМЫ ГАТОВЫ

Трывожныя прадказанні сіноптыкаў, якія прагназуюць у бліжэйшыя дні моцны снег і паніжэнне тэмпературы, не палохаюць лунінецкіх дарожнікаў.
Начальнік ДРБУ-101 Аляксандр Трухноў расказаў, што ўзначальваемая ім арганізацыя забяспечана неабходнай тэхнікай. У найбольш экстрэмальныя дні гатовы вывесці на барацьбу з заносамі да 18-ці яе адзінак. Гэта дазволіць у вызначаны нарматывамі тэрмін (на працягу 16-22 гадзін) вызваліць ад снегу праезную частку галоўных артэрый раёна. Адначасова дарожнікі падрыхтавалі дастатковую колькасць пясчана-салявой сумесі. Для гэтага закуплена 1000 тон солі.
З наступленнем снегападаў рабочы дзень дарожнай службы нярэдка пачынаецца ў 2 гадзіны ночы. Яно і не дзіўна: пад апекай знаходзяцца 540 кіламетраў дарог і 390 кіламетраў вуліц. У першую чаргу ад снегу вызваляюцца «артэрыі», па якіх рухаюцца маршрутныя аўтобусы, каб людзі своечасова маглі дабрацца да месцаў работы. Адначасова выходзіць тэхніка на цэнтральныя вуліцы вёсак раёна.
Не забываюць і пра ўскраіны. У гэтай справе плённа дапамагаюць сельгаскааператывы, дзе таксама ёсць патрэбная тэхніка. Такая ўзаемавыручка і супрацоўніцтва дзеля зручнасці людзей, упэўнены Аляксандр Мікалаевіч, бу-дзе наладжана і сёлета.
У супрацоўнікаў Дзярж-аўтаінспекцыі РАУС настрой менш аптымістычны. Першы снег паказаў, што да непагадзі некаторыя аўтааматары аказаліся проста не гатовы. Як расказаў старшы дзяржаўтаінспектар Пётр Ярашэвіч, 4-5 снежня ў раёне зарэгістраваны два дарожна-транспартныя здарэнні, у выніку якіх механічныя пашкоджанні прычынены аўтамабілям. 
На гэты раз абышлося без вялікай бяды. Але ўлічваючы неспрыяльнае надвор’е, дзяржаўтаінспектары раяць у бліжэйшыя дні не садзіцца за руль і без пільнай патрэбы не выязджаць на аўтатрасы. Тым, хто прамарудзіў са зменай шын на зімовы варыянт, неабходна тэрмінова “пераабуць” машыны. 
А яшчэ супрацоўнікі ДАІ нагадваюць, што з 5 па 10 снежня ў раёне праводзіцца аперацыя “Алкаголь”, накіраваная на папярэджанне ДТЗ з удзелам                  
нецвярозых грамадзян. 
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть