Социум

Дэкрэт №3 адмяняць не стануць, але на працягу года даручана не спаганяць адпаведны збор

Дэкрэт нумар 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” адмяняць не стануць, але на працягу года даручана не спаганяць адпаведны збор. Гэта рашэнне сёння на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны агучыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“На працягу сакавіка, калі неабходна, нам трэба падкарэкціраваць гэты дэкрэт. Але дэкрэт адмяняцца не будзе. Перадайце перш за ўсё чыноўнікам, што ён будзе выконвацца з тымі карэкціроўкамі, пра якія я сказаў”, – заявіў беларускі лідар.

“Я, зразумела, назіраю, наколькі гэта магчыма, і адсочваю ўсялякую пісаніну ў СМІ – і апазіцыйных, і праўладных. І ведаю заявы прадстаўнікоў пятай калоны і сёе-тое яшчэ – тое, чаго грамадства не ведае. Хоць намёк у СМІ на гэта быў”, – заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, гэты дэкрэт не з’яўляецца эканамічным і фінансавым. “Гэта ідэалагічны, маральны дэкрэт. Ніякіх там вялікіх грошай дзяржава не атрымае. Мэта гэтага дэкрэта адна – прымусіць працаваць тых, хто павінен і хто можа. Гэта – галоўнае”, – адзначыў Прэзідэнт.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы канстатаваў дрэннае і безадказнае выкананне дэкрэта з боку адказных чыноўнікаў. “Не знайшлі там (у рабоце з насельніцтвам па выкананні дэкрэта. – Заўвага БЕЛТА) сваё месца і нашы дэпутаты. Прытым розных узроўняў, асабліва мясцовых Саветаў”, – сказаў ён.

“Кожны старшыня райвыканкама, кіраўнікі адміністрацый у гарадах, раённых адміністрацый – гэта іх перш за ўсё работа. А кантроль – за губернатарамі і мэрам Мінска. У вас там павінны быць гэтыя спісы гультаёў, якіх трэба прымусіць працаваць. А сумленных людзей не трэба было кранаць наогул. Мы не павінны крыўдзіць людзей, асабліва ў гэты час. І тыя, хто сёння па 200-500 чалавек выходзяць на вуліцы і пачынаюць крычаць, гэта ж не тыя дармаеды, якія сапраўды дармаеды. Гэта ў асноўным тыя людзі, якія пакрыўджаны, якім мы ні з таго, ні з сяго паслалі гэтыя паведамленні”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён даручыў да 1 красавіка вызначыць спісы тых, хто павінен уносіць плацяжы на падставе дэкрэта нумар 3. “Спісы павінны быць вывераны. Прыцягнуць трэба ўсіх – дэпутатаў мясцовых Саветаў, міліцыю, участковых, спецслужбы – усіх прыцягнуць, але скласці гэтыя спісы. Яны павінны быць у кожнага старшыні гар- і райвыканкама, кіраўнікоў адміністрацый у абласных цэнтрах і горадзе Мінску. А Адміністрацыя Прэзідэнта разам з урадам павінна арганізаваць кантроль за выкананнем гэтага рашэння. І не дай бог вы пакрыўдзіце хоць аднаго чалавека”, – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт агучыў наступнае рашэнне: на працягу 2017 года не спаганяць у рамках дэкрэта нумар 3 збор з тых, хто будзе ўнесены ў адпаведныя спісы. “Хто аплаціў у 2016 годзе, пойдзе ў залік 2017 года, калі ён не будзе працаваць. Калі ён паступіць на работу, мы з бюджэту па яго патрабаванні вернем гэтыя грошы”, – распарадзіўся кіраўнік дзяржавы.

“У 2016 годзе пэўная колькасць (гэта тысячы людзей), не пярэчачы, унеслі плацяжы. Сёння я здымаю патрабаванне, каб усе, каго мы вычленім за першы квартал, плацілі гэтыя грошы. Не будзем за 2016 год браць гэтыя грошы з тых, хто павінен плаціць. А тыя, хто заплаціў, у 2017-м не будуць плаціць. Калі яны будуць працаваць у 2017 годзе, мы павінны па іх патрабаванні вярнуць гэтыя грошы”, – растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Уладзімір Мацвееў – БЕЛТА.

 

Таксама Прэзідэнт Беларусі даручыў да 1 мая вырашыць пытанне працаўладкавання ўсіх беспрацоўных.

“Па працаўладкаванні беспрацоўных – я ўжо гаварыў аб тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця, яны ў нас ёсць (няхай не крыўдзяцца) – п’яніцы, алкаголікі, тыя сапраўды дармаеды, як іх называлі раней. Да іх – адны метады па прымушэнні да работы. Тых, хто па няшчасці застаўся без работы, мы павінны кожнага прыняць, і не толькі ў службе занятасці, а ў органах улады і аказаць дапамогу”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Але людзі павінны разумець, што яны, перш за ўсё, павінны шукаць сабе работу. А мы ім павінны дапамагчы. Да 1 мая ўсе павінны быць працаўладкаваны, – даручыў Аляксандр Лукашэнка. – І запомніце, у якое б я месца і раён ні прыехаў, мой памочнік выедзе туды загадзя і запросіць публічна беспрацоўных людзей да мяне на сустрэчу. І не дай бог пасля 1 мая такія людзі будуць”.

Гаворачы аб стварэнні рабочых месц, Прэзідэнт прывёў прыклад, што ў Мінску часам на работах па добраўпарадкаванні тэрыторыі задзейнічана дарагая тэхніка, эксплуатацыйныя і амартызацыйныя расходы на якую значна перавышаюць кошт ручной працы. “Трэба вызначыць месцы, куды павінны прыйсці людзі за работай, стварыць брыгады, групы, якія будуць лес высаджваць, агароджы будаваць, фарбаваць, прыбіраць тэрыторыю, капаць, вазіць, насіць і іншае. І мы зоймем усіх людзей”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Няпраўда, што ў нас няма магчымасцей працаўладкаваць людзей, якія сёння на біржы працы”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Уладзімір Мацвееў – БЕЛТА.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть