Социум

Драўлянае царства і да коней любоў

Ці даводзілася вам калі-небудзь бываць у драўляным царстве? У такой хаце, дзе падлога, сцены, столь і ўся мэбля зроблены гаспадаром самастойна з розных лясных парод. Нядаўна пашчасціла на знаёмства з такім умельцам, які ператварыў сваё жыллё ў сапраўдны музей. У дыхтоўным вясковым доме драўляныя не толькі кухонны гарнітур, сталы, лаўкі і крэслы. Здзіўляюць вуглавы сервант, шафы-купэ, ложкі, арыгінальныя выцяжка над газавай плітой і прасавальная дошка…

Майстар на ўсе рукі Эдуард ЧАРНАВОКІ жыве ў Дзятлавічах. Звычайны вясковец, які нарадзіўся і вырас тут, на радзіме бацькі і дзеда. Тата ўсё жыццё быў лесніком, каля яго малы ўдосталь спазнаў любові да родных краявідаў. Добра арыентаваўся паміж соснаў і бяроз на ледзь прыкметных сцяжынках, наталяўся пахам смалы. Старэйшы продак займаўся разьбой па дрэве. Вядома, у той час не было разнастайных прыстасаванняў і інструментаў, усе рабілася ўручную. Хлопчык назіраў, як звычайнае палена ці абрубак ператвараюцца ў нешта асаблівае і марыў сам навучыцца ўсяму.

Час ляцеў. Эдзік закончыў школу, прызваўся на вайсковую службу, якую праходзіў на бязмежных прасторах былога Саюза. Дэсантнік, ён з зямлі і паветра наглядзеўся на вялікі свет, ды пераканаўся, што самыя лепшыя мяс-ціны ўсё ж на малой радзіме. І спадарожніцу жыцця знайшоў тут, у роднай вёсцы. Суседку даўно ведаў, вось толькі ні ён, ні яна не ўяўлялі, што некалі ў іх сэрцах разгарыцца незвычайны агеньчык кахання.

Галіна з усмешкай згадвае, як задоўга да вяселля разам са сваімі і бацькамі Эдуарда зграбалі сена. Яна – дзяўчынка зусім, сарамлівая, але старанная. Тады і пажартавалі дарослыя, што цудоўная гаспадыня расце, добрай нявесткай стане. Быццам на небе пачулі гэтыя словы, і ім суджана было збыцца.

Пасля вяселля на ўскрайку вёскі пабудавалі прасторны драўляны дом. Калі паўстала пытанне абставіць пакоі мэбляй, гаспадар рызыкнуў зрабіць што-кольвечы сваімі рукамі. Спроба ўдалася. Заўважаючы некаторыя недапрацоўкі і выправіўшы іх, наступны выраб атрымаўся яшчэ прыгажэйшым. І панеслася – паявіўся азарт, дзякуючы якому любую патрэбную рэч майстраваў, часам здзіўляючы фантазіяй не толькі блізкіх, але і самога сябе.

Калі нарадзіўся першынец, у яго гонар Эдуард пасадзіў бярозавую алею ўздоўж агароджы. Мінула 17 год. Дрэўцы моцна разрасліся, сталі вышэйшымі за пабудовы, а Мікіта займаецца ў выпускным класе мясцовай школы, захапляецца баскетболам.

Другой на свет паявілася Даша, якая вучыцца ў сёмым. Таксама аматарка спорту, асабліва лёгкай атлетыкі. Вова – другакласнік. Цікавіцца ўсім, чым займаецца тата, гатовы дапамагаць яму ў любой справе. А галоўнай любіміцай для ўсёй сям’і з’яўляецца двухгадовая Кацюша – маленькі званочак і вялікая гарэза, за бляск цікаўных вачанятак якой даруюцца ўсе свавольствы.

Нараджэнні дзяцей прыпалі на 2000, 2005, 2010, і 2015 гады. Ці стане адметным для бацькоў у гэтым плане 2020-ты, пакуль меркаваць складана. Самі яны выраслі ў невялікіх сем’ях, няма з каго браць прыклад мнагадзетнасці. Планавалі траіх, а цяпер з жахам думаюць, як сумна было б у хаце без любіміцы Кацюшы. Клопатаў з малымі хапае, але адначасова гэта радасць і сэнс іх жыцця. Месца ў прасторным доме ёсць усім. Кожнаму бацька падрыхтаваў асабістую зону для гульняў і заняткаў, улічваючы пажаданні сыноў ці дачок. А самае ганаровае і шыкоўнае крэсла за абедзенным сталом займае… малодшая дачушка.

Вырабы з дрэва – толькі частка захапленняў дзятлаўчаніна. Яшчэ ён з маленства любіць коней, заўсёды трымае на падворку добрага сябра і памочніка. Апошнім часам – гэта рыжая прыгажуня Рамашка. Жывёліна паслухмяная, адклікаецца на свіст і голас гаспадара, выконвае ўсе земляробчыя справы і перавозіць грузы. 

А восенню ажыццявілася даўняя мара аматара верхавой язды – Эдуард купіў пародзістага, чорна-белага жарэбчыка Хардзі. Конь адносіцца да ўніверсальнай пароды – можа быць выдатным скакуном і паддаецца навучанню быць запрэжаным ці хадзіць з плугам. Родзічы нядаўна папрасілі правесці вясельную фотасесію з прыгажуном рэдкай масці, таму малады рысак ужо ў юным узросце аказаўся занатаваным для гісторыі.

Эдуард працуе майстрам у Дзятлавіцкім лясніцтве. На работу ездзіць на кані. Калі вяртаецца вечарам дадому, яго сустракаюць малыя з просьбай пакатацца вярхом. Часта задавольвае іх жаданне, бо памятае, як самому некалі хацелася праехацца, адчуць непаўторныя ўражанні ад хуткай язды. Паклапаціўся пра ўсё неабходнае – ёсць сёдлы, вазы, сані, нават брычка.

Галіна мае спецыяльнасць прадаўца, толькі з-за частых дэкрэтных водпускаў не атрымліваецца папрацаваць. Акрамя догляду за дачушкай займаецца вырошчваннем бульбы, клубніц і агародніны. Хаця гэта больш сямейная справа – дапамагаюць муж і старэйшыя дзеці. Разам любая работа выконваецца лепш і хутчэй. І настрой паляпшаецца, калі ўсе дружна возьмуцца за прылады працы.

Жонка падтрымлівае захапленні мужа. Яны разам плануюць, якім павінен стаць новы драўляны выраб. Часта тое, што Галіна бачыць толькі ў думках, раптам паяўляецца на яве ў здольных руках Эдуарда. Немагчыма стаць умелым майстрам, не маючы свайго крытыка і натхняльніка. Тактоўная жанчына  ведае, калі нешта трэба падправіць і за што варта пахваліць. Тупат конскіх капыт па двары таксама прымае з разуменнем – як можна не любіць гэтых прыгожых істот, якія даверліва цягнуцца да людзей?

Даўно няма на свеце дзеда Сцяпана, які першым паказаў унуку, як працаваць з дрэвам, дапамог адчуць падатлівасць сасновай ці ліпавай дошкі, якая ператварылася ў нешта новае і незвычайнае. Даўно ў мінулым бацькава руплівасць, калі браў сына з сабой у лес – як на кані прабіраліся праз гушчар, арыентаваліся па народных прыкметах, каб не заблудзіцца.

Час уносіць свае карэктывы ў наша жыццё. Усё, чым займаецца Эдуард, з’яўляецца рэдкасцю для сучаснікаў. Прыемна, што дзякуючы яму, можна вярнуцца ў мінулае: зведаць паўзабытае пакалыхванне ў сядле ці гужавой павозцы на ўхабах, адчуць пах свежараспілаванай драўніны, ад якога казыча ў носе і кружыцца галава. Зараз многія скардзяцца, што ў вёсцы сумна жыць, няма куды схадзіць, чым заняцца. Але ж гэта не так. Варта толькі захацець, і захапленне знойдзецца. А дружная сям’я Чарнавокіх – годны таму прыклад.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть