Экология

Адпачываем, але пра культуру не забываем

Упэўнена, што кожны з вас згодзіцца з меркаваннем, што ў любы час лепшы адпачынак – на прыродзе. Падыхаць гаючым паветрам, адчуць прахалоду вады, наталіцца прыгажосцю наваколля. Тым больш, што нашай Лунінеччыне пашчасціла мець адразу некалькі ўнікальных мясцін. Адна з іх – ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння “Сярэдняя Прыпяць”.

Яго дырэктар Васіль Мардухай можа бясконца захоплена расказваць пра падведамасную тэрыторыю:

– Яе плошча ў рэгіёне займае больш як 26 тысяч гектараў. Прытокамі Прыпяці ў нас з’яўляюцца рэкі Бобрык, Цна, Смердзь, Лань і Случ. У веснавы перыяд тут канцэнтруецца вялікая колькасць пералётных птушак, у тым ліку ахоўных – белая чапля, шэры журавель, вярт-лявая чарацянка, арлан-белахвост і іншыя. Таксама любяць пойму Прыпяці бабры, андатры, выдры, норкі. Не дадуць схлусіць рыбакі-аматары, на чыю вуду трапляюць шчупак, лешч, акунь, плотка, судак, сом, язь, ёрш, лінь. У забалочаных лясах і хмызняках сустракаюцца ласі, дзікі, казулі, зайцы. Багатая і флора – растуць расліны-“чырвонакніжнікі”: плаваючая сальвінія, белы і жоўты гарлачыкі, балотная лотаць, сібірскі касач…

Ландшафтны заказнік “Сярэдняя Прыпяць”, як любая асабліва ахоўваемая прыродная тэрыторыя, мае свае межы, аб чым расказваюць інфармацыйныя і гранічныя знакі.

– Іх мы вырабілі і ўстанавілі ў межах заказніка 47 штук згодна з праграмамі “Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў” на 2011-2015 гг., 2016-2020 гг., – працягнуў Васіль Васільевіч. – Акрамя таго, стварылі 7 рэкламных шчытоў, выпусцілі 3,5 тысячы буклетаў. Рэгулярна праводзілі сустрэчы з вучнямі і навучэнцамі. Падчас лекцый вялі размову пра палажэнні і асаблівы рэжым, што дзейнічае на аб’ектах такога кшталту. Школьнікі і навучэнцы ўстаноў прафтэхнавучання разам з выкладчыкамі і майстрамі далучаліся да традыцыйнай акцыі па добраўпарадкаванню “Чысты бераг” з удзелам актывістаў РГА “Белая Русь”, лясгаса, чыгуначнага вузла, камунальнай службы. Неабходная інфармацыя пра палажэнні заказніка “Сярэдняя Прыпяць” ёсць і ў пяці землекарыстальнікаў.

Распрацаваны і зацверджаны планы рэйдавых мерапрыемстваў. Як правіла, іх рэалізоўваем сумесна з супрацоўнікамі Мікашэвіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, РАУС, лясгаса. Пасля кожнага выезду даводзіцца канстатаваць, што грамадзяне, на жаль, па-ранейшаму парушаюць заканадаўства. Гэта несанкцыянаваныя смеццезвалкі, пашкоджанне і нават знішчэнне інфармацыйных і гранічных знакаў, паркоўка аўтатранспарту ў прыбярэжнай паласе, распальванне вогнішчаў, высечка расліннасці. За супрацьпраўныя дзеянні людзей прыцягваем да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу.

Звяртаюся да землякоў і гасцей Лунінеччыны з просьбай зразумець, што інфармацыйныя і гранічныя знакі размешчаны не проста так, не для “галачкі”. Каля кожнага з іх нельга паставіць чалавека для аховы. Аднак выконваць патрабаванні абавязаны ўсе! Тым больш, што знайсці інфармацыю пра заказнік не складае асаблівай праблемы. Яна размешчана на сайтах Лунінецкага райвыканкама, Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, лясгаса. Ды ў любым пашукавіку сусветнага павуціння можна зрабіць запыт і пазнаёміц-ца з палажэннем. А для тых, хто прыязджае да нас, раю звяртацца ў эколага-асветніцкі цэнтр. Тут ёсць усё для камфортнага адпачынку: пражывання да 11 чалавек, абсталяваная стаянка для аўтамабіляў, месцы для вогнішча, альтанкі для прыгатавання і прыёму ежы. Кантактны тэлефон 3-14-00, электронны адрас: zakaznik_lnc@tut.by.

Накіроўваючыся на адпачынак, мы чакаем толькі пазітыўных эмоцый. Давайце шчыра любіць малую Радзіму, якая падарыла нам сапраўдны скарб. Давайце паважаць сябе і працу тых, хто ў якасці прафесіі выбраў нялёгкі клопат аб прыро-дзе. Давайце, урэшце, навучымся культуры адпачынку, каб праз некалькі дзесяцігоддзяў унікальнай прыгажосцю Прыпяці змаглі палюбавацца будучыя пакаленні нашых нашчадкаў.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть