Социум

Эксплуатуйце катлы па правілах

котелЗ наступленнем халадоў у зводках па надзвычайных сітуацыях час ад часу з’яўляецца інфармацыя аб згарэўшых або разбураных прыватных дамах. Бяду нясуць не толькі непатушаная цыгарэта ці няспраўная печ, але і звычайны ацяпляльны кацёл.

 

Каб не здарылася бяды, трэба ведаць, што ў зону рызыкі трапляюць катлы, якія працуюць не пастаянна, а эпізадычна. Найбольш слабыя іх месцы — расшыральныя бачкі, цыркуляцыйныя трубы і халодныя памяшканні накшталт гарышчаў, дзе сістэму ацяплення можа “прыхапіць” лядком. Калі сістэма замярзае, у трубах перастае цыркуляваць вада, а паліва пры гэтым працягвае гарэць. У выніку ўнутры секцый катла ці труб вада пачынае кіпець, ціск пары хутка нарастае і ў некаторы момант можа дасягнуць той крытычнай адзнакі, калі метал не вытрымае… І тады вынікі разбурэння немагчыма прадугледзець. Разам у замкнутую прастору выкідваецца вялізны аб’ём паравадзяной сумесі, што прыводзіць да росту ціску ўнутры памяшкання. Можа быць выбітым толькі шкло, а ў горшым выпадку — разбураны канструкцыі збудавання, нанесена шкода здароўю ці нават смерць людзей, якія ў гэты момант знаходзіліся ў зоне выбуху.

За апошнія 5 год у краіне ўзарваліся 45 бытавых катлоў, з іх 9 — сёлета. Два чалавекі атруціліся чадным газам. Самым небяспечным стаў вельмі халодны студзень 2014га, калі ўзарвалася 6 катлоў. Так, 21 чысла, у прыватным доме адной з вёсак Клецкага раёна выбуховай хваляй разбураны сцены веранды, гаспадыня дома і яе сын пры гэтым атрымалі апёкі рознай ступені цяжкасці. У той жа дзень узарваўся самаробны кацёл у прыватным доме жыхара Магілёва, а ў лютым — у Кіраўску.

На шчасце, пры сур’ёзных раз бурэннях будынкаў ніхто з людзей не пацярпеў.

Для зніжэння рызыкі замярзання трубаправодаў і сістэмы ацяплення Правілы бяспекі патрабуюць, каб мантаж і наладку праводзілі толькі спецыялізаваныя арганізацыі, зарэгістраваныя на тэрыторыі нашай краіны і маючыя ліцэнзію Дзяржпрамнагляду на выкананне гэтых работ. Да таго ж, спецыялісты арганізацыі павінны навучыць уладальнікаў катлоў правілам бяспечнай эксплуатацыі абсталявання і зрабіць адзнаку аб гэтым у адпаведным пашпарце.

Перад запускам катла домаўладальнік павінен упэўніцца, што запорныя сістэмы адкрыты адразу на двух трубаправодах. Неабходна таксама адкрыць усе запорныя ўстройствы, устаноўленыя на сістэме ацяплення. Каб пазбегнуць атручвання чадным газам, з ніжняга аддзялення дымавой трубы трэба выдаліць кандэнсат. Неабходна таксама рэгулярна правяраць стан агалоўка дымавой трубы і каналаў дымаходаў. Каб упэўніцца, што вада не замерзла, перад пачаткам распальвання катла адкрыйце лінію падпіткі сістэмы і кантрольную лінію запаўнення расшыральнага бака. Вада павінна выцякаць з кантрольнай лініі.

Калі ж вады няма, знайдзіце прыкладнае месца замярзання сістэмы і прагрэйце яго. Пасля таго, як вада пацячэ, распальвайце кацёл, кантралюючы пры гэтым паказчыкі манометра. Як толькі ціск у цепланосьбіце наблізіцца да максімальна дапушчальнага, спыніце падачу паліва. Гэта прыкмета таго, што сістэма ацяплення яшчэ не адагрэта.

Здараецца, што замярзае кацёл, устаноўлены на гарышчы. Як і трубу, яго адаграваюць гарачай вадой (адкрыты агонь выкарыстоўваць пры гэтым катэгарычна забараняецца). Калі заўважыце, што з паверхні разагрэву катла пойдзе вада, адразу ж спыніце яго выкарыстанне. Такі кацёл разгерметызаваўся і яго належыць накіраваць на рамонт. Стальныя катлы спецыялісты, якія маюць на гэта адпаведны дазвол, перавараць, а ў чугунных заменяць пашкоджаныя секцыі і перакуюць іх.

Асаблівую трывогу выклікаюць катлы, зробленыя народнымі ўмельцамі (з 45-ці, што ўзарваліся, 8 былі самаробнымі), дзе, як правіла, адсутнічаюць тэрмометры, манометры ізасцерагальныя клапаны, што робіць іх надзвычай небяспечнымі ў эксплуатацыі.

Дзяржпрамнагляд папярэджвае: не карыстайцеся самаробнымі катламі і не давярайце ўстаноўку сертыфікаваных цеплавых агрэгатаў асобам без спецыяльнай кваліфікацыі. З’эканомленыя такім чынам грошы могуць абярнуцца вялікай бядой. Ці варта рызыкаваць сваёй маёмасцю, жыллём, а, магчыма, нават здароўем і жыццём?

Васіль ПАЎЛЮШЧАНКА, Алег КАЗІМІРСКІ, Аляксандр КАРНЕЕНКА,
дзяржаўныя інспектары абласнога ўпраўлення Дзяржпрамнагляду.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть