Социум

Камунальныя плацяжы пачакаюць?

ЖКХНе сакрэт, што зараз патрабуе вырашэння праблема абароны правоў і законных інтарэсаў дзяржавы і законапаслухмяных жыхароў у сувязі з павелічэннем колькасці грамадзян, якія ўхіляюцца без уважлівых прычын ад унясення платы за карыстанне жылым памяшканнем і камунальныя паслугі. Відавочна, што непаступленне грошовых сродкаў не лепшым чынам адбіваецца на агульным становішчы спраў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, падтрыманні жыллёвага фонду ў належным стане, своечасовым правядзенні бягучага і капітальнага рамонтаў, добраўпарадкаванні і г.д. Аб тым, якія меры і новаўвядзенні ў сістэме ЖКГ прымаюцца ўжо сёння, расказвае начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Кацярына МІЛАВАНАВА.

— З 27 чэрвеня 2014 года ўступіла ў сілу Палажэнне аб парадку разлікаў і ўнясення платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду. У цэлым парадак налічэння платы не змяніўся, але разам з тым ёсць і некаторыя новаўвядзенні. Напрыклад, вызначаны парадак аплаты бягучага рамонту ў жылых дамах, а таксама прадугледжаны адзіны падыход у налічэнні платы за тэхабслугоўванне па ўсіх жылых памяшканнях, незалежна ад колькасці пакояў у ім, у тым ліку па аднапакаёвых кватэрах. Змены закранулі і плату за карыстанне ліфтам, устаноўлены субсідзіруючыя тарыфы для мнагадзетных сем’яў і іншае.

— Ці ўзмоцнены меры па барацьбе з неплацельшчыкамі?

— Жыллёвым кодэксам Рэс-публікі Беларусь, які ўступіў у сілу з 1 сакавіка мінулага года, уведзены больш жорсткія падыходы па высяленню грамадзян, якія не аплачваюць жыллёва-камунальныя паслугі і не выконваюць правілы карыстання жылымі памяшканнямі. Цяпер заканадаўча прадугледжана норма, якая дазваляе высяляць грамадзян, якія пражываюць у прыватызаваных жылых памяшканнях, вызначаны механізм гэтай працэдуры. Прадугледжана і высяленне былых членаў сям’і наймальніка, уласніка жылога памяшкання за парушэнне правілаў карыстання жылым памяшканнем. Папярэднім кодэксам такое высяленне не прадугледжвалася.

— Які парадак прымусовага адчужэння жылля?

— Калі ўласнік жылога памяшкання мае без уважлівых прычын 6-месячную запазычанасць па аплаце жыллёва-камунальных паслуг або на працягу года тры і больш разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў карыстання жыллём, напрыклад, у разбурэнні, порчы жылога памяшкання або ў выкарыстанні яго не па прызначэнні, ці за іншыя парушэнню патрабаванняў Жыллёвага кодэкса, якія робяць немагчымым для іншых пражыванне з ім у адной кватэры або ў адным доме, то мясцовы выканаўчы і распарадчы орган у пісьмовай форме папярэджвае ўласніка аб неабходнасці пагасіць запазычанасць або ліквідаваць парушэнні і прызначае тэрмін. Для пагашэння запазычанасці — адзін месяц. Калі ўласнік кватэры на працягу ўстаноўленага тэрміну не разлічыўся і не мае магчымасці пагасіць доўг за кошт маёмасці, якая знаходзіцца ў яго ўласнасці, то зноў жа мясцовы выканаўчы і распарадчы орган звяртаецца ў суд з іскам аб прымусе гэтага даўжніка да адчужэння жылога памяшкання. Пасля прыняцця адпаведнага рашэння на працягу года ўласнік абавязаны правесці адчужэнне жылога памяшкання, гэта значыць — перадаць на карысць дзяржавы. Яшчэ на працягу года з моманту ўступлення ў законную сілу рашэння суда ўласнік мае права пагасіць запазычанасць, ліквідаваць іншыя перашкоды ў карыстанні або зрабіць рамонт — зыходзячы з якой нагоды звярталіся ў суд. Калі гэта будзе зроблена, то выканаўчая вытворчасць па справе спыняецца — адказчык застаецца ў сваім жыллі.

Калі ж нічога не зроблена, то выканкам звяртаецца ў суд з іскам аб прымусовым продажы гэтага жылога памяшкання з публічных таргоў. Кватэра прадаецца з аўкцыёна, а яе былому ўласніку ўзамен перадаецца ва ўласнасць жыллё меншай плошчай і (або) якое саступае ранейшаму па сваіх якасцях. Акрамя таго, яно можа быць у іншым населеным пункце, а ў сельскай мясцовасці — па-за межамі тэрыторыі сельсавета, на якой знаходзілася прададзенае жылое памяшканне. Грошы, якія застаюцца пасля пагашэння запазычанасці за камунальныя паслугі, кампенсацыі выдаткаў на правядзенне аўкцыёну і за мінусам кошту прадастаўленага жылля, вяртаюцца ўласніку жылога памяшкання. А калі ўсё гэта не будзе ўрокам даўжніку, то новае перададзенае яму жыллё можа пайсці з “малатка”.

— Ці маюць месца выпадкі высялення ў нашым раёне?

— У лістападзе гэтага года наймальнік кватэры, размешчанай у жылым доме па вуліцы Астроўскага ў Лунінцы, сумесна з членамі яго сям’і быў пераселены па рашэнню суда ў нядобраўпарадкаванае жылое памяшканне меншай плошчы. Яшчэ адна іскавая заява знаходзіцца зараз на разглядзе ў судзе.

— Наколькі ведаю, апошнім часам у аддзел прымусовага выканання паступае ўсё больш выканаўчых дакументаў аб спагнанні з грамадзян неаплачанай своечасова запазычанасці па камунальных паслугах…

— Сапраўды так. Пасля вынясення і ўступлення выканаўчага дакумента ў законную сілу, ён перадаецца да судовага выканаўцы для прымусовага спагнання. Неплацельшчыку ўстанаўліваецца добраахвотны тэрмін выканання — 5 дзён. Калі запазычанасць не будзе аплачана ў вызначаны час, да агульнай сумы доўгу па камунальных плацяжах дадаткова даналічаць 5 працэнтаў выканаўчага збору.

Судовым выканаўцам запытваецца інфармацыя аб наяўнасці ва ўласнасці нерухомай маёмасці, а таксама грашовых сродках на разліковых рахунках банка, аб суме заработнай платы, пенсіі, дапамозе па беспрацоўі і г.д. Таксама судовы выканаўца можа накласці арышт на маёмасць з наступнай яе рэалізацыяй. Пры прымусовай рэалізацыі маёмасці ў лік пагашэння запазычанасці па камунальных плацяжах на даўжніка ўскладаюцца дадатковыя выдаткі, звязаныя з ацэнкай, захоўваннем, рэалізацыяй. У выпадку, калі маёмасці недастаткова для пагашэння запазычанасці, то яна будзе ўтрымана з заработнай
платы або пенсіі. I тады штомесячныя даходы скароцяцца на суму да 50 працэнтаў.

— А як быць з неплацельшчыкамі, у якіх ёсць малалетнія дзеці?

— Калі ў кватэры, наймальнік якой мае запазычанасць за камунальныя паслугі больш за 6 месяцаў, зарэгістраваны непаўналетнія, у тым ліку тыя, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні ў дзіцячых інтэрнатных установах, апякунскіх сем’ях або недзе навучаюцца, то пасля высялення жылыя памяшканні, атрыманыя гора-бацькамі ў выніку прымусовага абмену, замацоўваюцца і за дзецьмі. Гэта прапісана ў другой частцы артыкула 86 Жыллёвага кодэкса. Пры высяленні правы не парушаюцца — за дзецьмі замацоўваецца жыллё. Яны ж маюць права на паляпшэнне жыллёвых умоў па дасягненні 18-гадовага ўзросту, у тым ліку асобныя катэгорыі могуць разлічваць на сацыяльнае жыллё.

Раней не маглі высяляць, калі ў сем’ях выхоўваліся непаўналетнія дзеці, таму што органы апекі не давалі згоды, і суд адмаўляў. Але ў сувязі з тым, што цяпер за непаўналетнімі замацоўваецца жыллё, то і на такія сем’і неплацельшчыкаў можна знайсці ўправу.

— Ці распаўсюдж:ваюцца нормы на членаў жыллёва-будаўнічых кааператываў?

— Зразумела, заканадаўства аднолькава для ўсіх. Тым больш, што сярод гэтай катэгорыі грамадзян колькасць неплацельшчыкаў таксама ўзрасла. Такім чынам, старшыні ЖБВК маюць права звяртацца з іскавымі заявамі ў суд.

Атрымліваючы квітанцыю аб аплаце камунальных паслуг, задумайцеся, ці трэба пратэрміноўваць плацяжы.

Гутарыла Алена ДАНІЛОВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть