Социум

«Люблю, калі мама заве мяне сынуля»

Такое простае слова для большасці хлопчыкаў не выклікае асаблівага замілавання. Сынуля, ды сынуля… Маўляў, што тут незвычайнага, калі па-сапраўднаму любяць…

А вось для 9-гадовага   Сашы Хоміча з Вялікіх Чучавіч цяплей за гэта слова, здаецца,  няма нічога на свеце. Так склалася, што з  нараджэння і да 4 год ён не спазнаў у поўнай меры ні матулінай любові, ні яе клопату. Жанчына, якая дала хлопчыку жыццё, па стану здароўя проста не магла забяспечыць яму належны догляд. Прыглядваў за Сашкай дзядуля, для якога галоўным было, каб малы не памёр з голаду. Пры такім “выхаванні”  4-гадовы хлопчык не ўмеў ні гаварыць, ні даглядаць за сабой. Першай прыступкай для выратавання стаў дзіцячы прытулак, адкуль яго забрала Кацярына Шумская.

Яна ўсё жыццё працавала ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве, а аднойчы трапіла пад скарачэнне і не ведала, куды сябе падзець. Тым больш, што ў сына з дачкой былі ўжо свае сем’і і жылі яны ў гарадах. Поўная сіл і рашучасці Кацярына Антонаўна знайшла ім годнае прымяненне: аформіла апякунства над хлопчыкам, хаця выдатна ведала ўмовы, у якіх рос Сашка. Падтрымаў жанчыну і муж Вячаслаў Смольскі. 

За пяць год, якія хлопчык выхоўваецца ў сям’і, ён вельмі змяніўся. І справа не толькі ў тым, што вырас… Ахутаны любоўю, з “дзікага” і нясмелага вельмі хутка пераўтвараўся ў добрага і даверлівага. Кацярына Антонаўна ўспамінае, што перажыўшы шмат хвароб і некалькі аперацый у раннім дзяцінстве, Сашка з жахам глядзеў на медсясцёр і ўрачоў, хаваўся, як толькі ўбачыць машыну “хуткай дапамогі”.  Цяпер з медработнікамі за руку здароваецца. І куды толькі падзеўся той страх?! Ён з задавальненнем ходзіць у школу. Не ўсё атрым-ліваецца, але стараецца. Напрыклад, вершы, якія задаюць выразна чытаць, абавязкова вывучыць на памяць. Хоць і цяжка даецца матэматыка, але любіць гэты прадмет. А яшчэ хлопчык вельмі актыўны, у школе наведвае факультатывы, займаецца ў спартыўных секцыях, ходзіць у музычную школу. Вельмі любіць сваю новую сям’ю, стараецца не засмучаць родных людзей, дапамагае ў хатніх справах, з задавальненнем гатуе простыя стравы і ніколі не бярэ ў рукі запалкі.

– Распаліць газ заўсёды просіць у мяне. Будзе пажарным, як яго старэйшы брат, – усміхаецца Кацярына Антонаўна. – Хаця, наўрад ці, у Сашкі зрок слабы. А ў жыцці, наогул, галоўнае здароўе…

Ласкавы, вясёлы, актыўны – такім хлопчыка зрабілі матуліна любоў, падтрымка школьных сяброў і клопат бацькі. Вячаслаў Іванавіч не песціць яго пацалункамі і абдымкамі, як маці, а па-мужчынскі прывучае да самастойнага жыцця. Заўзяты пчалавод і рыбалоў заўсёды бярэ хлопчыка з сабой.

Акружаны пазітывам і дабром, Сашка таксама стараецца аддаваць цеплыню свайго маленькага сэрца слабейшым і, як умее, клапоціцца пра любімых кацянят Філю і Мулю. А якім цёплым становіцца яго погляд, і як ззяюць яго вочкі, калі ён абдымае сваю матулю, якая так пяшчотна заве яго – сынуля!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть