Социум

Матуля, гаспадыня, спявачка, рукадзельніца

Магчыма, адчыніўшы дзверы гэтай хаты ў ліпені, пад буянне ружаў, лілей і рамонкаў на клумбах і абочынах, здзіўлення было б менш. Але маё знаёмства з гаспадыняй утульных пакояў і яе майстэрствам прыпала на снежань, калі навокал усё выглядала змрочным, паніклым і сумным. А тут – сапраўдны кветнік, ад якога немагчыма адарваць вачэй. Не паверыце, нават падалося, што ўсе вышыўкі і тканыя вырабы пахнуць па-сапраўднаму…

Алена ДАНІЛОВІЧ нарадзілася ў 1947 годзе ў Дзятлавічах. Расла старэйшай сярод 8 братоў і сясцёр. Бацька – будаўнік, маці – палявод у калгасе. Ішоў пасляваенны перыяд, калі народ толькі-толькі ўзнімаўся з галечы – не наеліся ўдосталь, не апрануліся, як след. Малой не было часу аддавацца гульням, ледзь падрасла, як нешта прасцейшае дапамагала па гаспадарцы.

Хутка ткаць навучылася сама, ды палюбіла гэты карпатлівы занятак. Прыдумвала новыя ўзоры вышыванак гладдзю і крыжыкам, з разнастайных колераў мулінэ падбірала адценні, каб кветкі ці лісточкі адпавядалі сапраўдным. Вязала кручком і спіцамі, не было такога рукатворнага вырабу, паўтарыць які яна пабаялася б.

Але захапленню можна аддавацца толькі зімой. Летам трэба было думаць пра заробак. Зусім маладой разам са старэйшымі сяброўкамі паехала ва Украіну на апрацоўку буракоў. Адтуль прывезла першыя грошы, зерне. І не толькі. Юнае сэрца азарылася сапраўдным пачуццём – на далёкіх прасторах закахалася ў земляка Мікалая з вёскі Вічын, які адказаў узаемнасцю. Атрымалася, што дбаючы пра матэрыяльны дабрабыт нечакана для сябе знайшла жаночае шчасце.

На малую радзіму вярнуліся разам. Паступова разжываліся, пачалі будаўніцтва свайго дома. Давалася гэта няпроста – не хапала грошай, фізічнай сілы і часу. Але з кожным разам сцены крышачку ўзнімаліся, што бязмежна радавала сэрцы будучых гаспадароў. Яна пайшла працаваць паляводам у калгас, ён уладкаваўся грузчыкам на базу ОРСа. Прафесіі не мянялі на працягу ўсяго жыцця.

Марылі пра дзетак, і Бог паслаў ім траіх дачушак. Спавіваючы маленькія пакуначкі, спяваючы малышкам калыханкі, Алена Сямёнаўна адчувала сябе па-сапраўднаму шчаслівай. З работы вярталася подбегам, каб як найбольш часу правесці з дзяўчынкамі. Галінка, Каця і Люда як крышачку набралі-ся сіл, дапамагалі дарослым па гаспадарцы. Тры дзяўчынкі праводзілі з мамай час у даверлівых размовах, нягледзячы на розніцу ва ўзросце адразу сталі з ёй сяброўкамі.

Поўнілася радасцю жаночае сэрца, калі дочкі выраслі. Кожнай справілі вяселлі, усе тры падарылі ўнукаў. Але раптам светлая стужка мацярынскага шчасця перарвалася, усё стала змрочным і пакутлівым – у 42 гады памерла Галіна…

Пасля цяжкай страты Алена Сямёнаўна не ведала куды сябе дзець. На шчасце, не пакінулі ў адзіноце сяброўкі, суседкі. Каб менш часу заставалася на сумныя думкі, прапанавалі заняцца рукадзеллем. І гэта дапамагло, выратавала…

Кацярына жыве ў Лунінцы, працуе кандуктарам, Людміла – у Дзятлавічах, нянечка ў дзіцячым садзе. Бабулі дораць цеплыню і любоў малодшыя пакаленні нашчадкаў – 6 унукаў і 5 праўнукаў. З Мікалаем Канстанцінавічам два гады таму сустрэлі залатое вяселле. На працягу паўвеку здаралася ўсякае, але яны змаглі захаваць у адносінах павагу і разуменне. Абое на пенсіі, толькі без справы не сядзяць. Двор прыбраны, чысты, дзякуючы руплівасці гаспадара, хата, як сапраўдны музей з вышытымі пакрываламі на ложках, навалачкамі, ручнікамі і сурвэткамі – заслуга гаспадыні.

Раней пастаянна трымалі дзве каровы, некалькі галоў свіней, а курэй, гусей, качак на падворку пералічыць цяжка. Яшчэ свой агарод вялікі апрацоўвалі і асобна “соткі” з бульбай. І гэта ўсё даглядалі, нарыхтоўвалі кармы для жыўнасці ў вольны ад асноўнай работы час. Згадваюць, што некалі Алена Сямёнаўна за адзін сезон калгасных буракоў вырасціла ажно 45 тон! Цяпер не той узрост, не тая сіла…

Кожную зіму рукадзельніца займаецца ткацтвам. Не выключэнне і сёлетняя. Пакуль разам з сяброўкай і суседкай Марыяй Канапацкай рыхтуюць усё неабходнае для будучых вырабаў, а пасля Калядаў паставяць кросны. Запланавана стварэнне ручнікоў, з больш грубых нітак атрымаюцца палавікі на падлогу. У адзіноце сядзець за станком цэлы дзень сумна, а ўдваіх і справа рухаецца хутчэй, і пагаварыць можна пра ўсё на свеце.

А калі яшчэ і заспяваюць. У большасці вёсак гэта стала рэдкасцю, а ў Дзятлавічах па-ранейшаму часта гучаць народныя спевы. Калі сумнае заводзяць жанчыны, калі вясёлае, але заўсёды атрымліваецца прыгожа, кранае за душу. Іх творы ляцяць над вёскай добрым сведчаннем, што набыткі продкаў захоўваюцца, не знікаюць.

У пакоях столькі вышыванак, што немагчыма спыніцца позіркам на нейкай адной. І тая прыгожая, і гэта, а трэцяя здаецца яшчэ больш незвычайнай. Быццам усе кветкі сабраны ў хаце, песцяць рознымі колерамі. Бачылі б вы, з якім захапленнем разгортвае Алена Сямёнаўна пакунак з ручнікамі, што захоўваецца ў шафе. Тут разумееш, што гэта не проста рэчы, гэта – творы мастацтва, куды майстрам укладзена частачка свайго сэрца.

Такое ж святло бязмежнай любові сыходзіць з вачэй жанчыны, калі яна расказвае пра дзяцей ці ўнукаў. А як гаворка заходзіць аб праўнуках, то пра маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак бабуля можа нешта згадваць бясконца. Кожнаму хапае цяпла, пра ўсіх аднолькава хвалюецца, калі нешта не ладзіц-ца ці захварэе. Каб магла, сабрала б разам пад сваё крыло, засцерагаючы ад праблем, у малітвах заўсёды просіць здароўя для іх.

Па прыкладу Алены Сямёнаўны, дочкі таксама займаюцца рукадзеллем. Іх вырабы, па яе словах, больш сучасныя, адпавядаючыя павевам моды. А тыя, наадварот, лічаць маміны ручнікі самымі прыгожымі і незвычайнымі. Захоўваюць іх, як дарагую рэліквію. Добрая частка вышыванак раздорана майстрыхай гасцям за межы раёна і нават рэспублікі. Няхай і там любуюцца здольнасцямі простай вясковай жанчыны, якая ўвасабляе ў сабе якасці любячай Матулі, стараннай Гаспадыні, таленавітай Спявачкі і ўмелай Рукадзельніцы.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть