Молодежь

АПОШНІ – З НАДЗЕЯЙ І СВЕТЛАЙ ТРЫВОГАЙ…

У школах Лунінеччыны празвінеў апошні званок.

На свята ў гімназію імя Уладзіслава Нядзведскага завітаў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч.

Сёлета гэтая навучальная ўстанова дае пуцёўку ў жыццё 33 выпускнікам. Віншуючы іх, а таксама настаўнікаў і бацькоў са знамянальнай падзеяй, Васіль Міхайлавіч шчыра пажадаў удачы на прадстаячых іспытах і ажыццяўлення самых запаветных мараў. А яны ў юнакоў і дзяўчат аднолькавыя – мець магчымаць працягваць навучанне ў жаданых ВНУ. На добры ўспамін аб сустрэчы кіраўнік раёна ўручыў гімназістам набор спартыўнага інвентару.

На свяце было шмат традыцыйных момантаў. У іх ліку – развітальны школьны вальс, На танец старшыню райвыканкама, сціпла ўсміхаючыся, запрасіла Таццяна Брухан – адна з траіх прэтэндэнтак на залаты медаль. А вось паветраныя шары выпускнікі гімназіі сёлета адпускалі ў блакітнае неба ўпершыню. Традыцыя, хутчэй за ўсё, прыжывецца. А разам з ёю няхай не пакідае выпускнікоў элітнай навучальнай установы блакітная птушка ўдачы.

Развітальнае свята ў ліцэі традыцыйна мела выгляд тэатралізаванага “капусніка”.

Тут хораша віталі гасцей – намесніка старшыні райвыканкама Віктара Рафаловіча, галоўнага рэдактара “Лунінецкіх навін” Таццяну Вайцяхоўскую, намесніка начальніка РАУС Юрыя Марытынкоўскага, бацькоў і настаўнікаў, якім сардэчна дарылі песні і вершы. Віктар Анатольевіч у адказ падарыў ліцэю набор спартыўнага інвентару.

Светлы сум растання, трывожны халадок невядомага будучага, хваляванне за вынікі тэсціравання – усяго гэтага не хавалі дырэктар ліцэя Мікалай Паўловіч, класны кіраўнік Галіна Сіманава, Міхаіл Пятровіч, якія выступалі ад імя адміністрацыі, педагогаў,бацькоў… На свяце прагучала так многа прачулых слоў і пажаданняў, што міжволі думалася: усе 72 выпускнікі ліцэя проста павінны спраўдзіць самыя смелыя спадзяванні. Тым больш, што сёлета чацвёра з іх прэтэндуюць на вышэйшую адзнаку вучнёскіх ведаў – залаты медаль.

Зрэшты, у тым, што кожны з навучэнцаў – увасабленне выдатных здольнасцей і абавязкова асоба, і дапамагло зразумець з такім натхненнем падрыхтаванае свята. Атрымалася ўсё захапляльна!



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть