Молодежь

ДЗЕ БЕРАГ МЯКЧЭЙШЫ, ТАМ ЛЁГКА СТУПАЦЬ?..

Багданаўская гаворка пачулася яшчэ ў аўтобусе – дарогу да аддаленай лунінецкай вёскі напоўнілі шматгалосныя абмеркаванні мясцовых жыхароў. Шчырая размова пасажыраў, нягледзячы на пэўную асаблівасць, аказалася даволі лёгкай для ўспрымання, захацелася паболей даведацца аб жыцці гэтых простых людзей, іх укладах, традыцыях. Што ні кажы, а госцю ахапіць такі вялікі аб’ём інфармацыі адразу вельмі складана. Аднак, дастаткова пражыць ў Багданаўцы непрацяглы час, каб як след уліцца ў паток спакойнага вясковага жыцця… 
Так лічыць Дзмітрый НАУМОВІЧ – малады спецыяліст, што прыбыў у мясцовую гаспадарку пасля заканчэння Пінскага аграрна-тэхналагічнага каледжа. Набытая спецыяльнасць ветфельчара прывяла ўраджэнца Парахонска на Лунінеччыну, дзе другі год спасцігае сакрэты прафесіі. 
Ранішняя падрыхтоўка да напружанага дня ўтрымлівае немудрагелісты набор: кубак гарачай кавы або гарбаты, перакананасць ва ўласных сілах і вясёлы настрой. Гэтыя простыя складаючыя дапамагаюць значна аблегчыць работу, якая пачынаецца з абавязковага абходу “пацыентаў” – хворая жывёла быццам па раскладу чакае прыходу свайго выратавальніка. Пэўным чынам яму дапамагаюць гутаркі з аператарамі машыннага даення, але галоўнымі памочнікамі застаюцца веды. Безумоўна, не ўсе знаходзяць увасабленне ў дзеянне (некаторыя метады лячэння даволі дарагія), але большасць прапаноў маюць плён. Напрыклад, па ініцыятыве ветфельчара набылі родадапаможнік, патрэбнасць у якім адчувалася даўно. 
Увогуле, працэс мадэрнізацыі дыктуецца самім часам – неабходны новыя прэпараты, інструменты. Навінкі паступова папаўняюць стандартны “арсенал” ветэрынараў, але іншы раз і яны не здольны аблегчыць працу. Напрыклад, адсутнасць службовага транспарту прымушае дабірацца да патрэбнага месца “сваім ходам”, а невысокі заробак наўрад ці садзейнічае таму, каб маладыя спецыялісты заставаліся ў гаспадарцы…
Тым не менш, спадзяванні Дзмітрыя на светлую будучыню СВК “Багданаўскі” застаюцца. Ён, як і многія работнікі, лічыць далучэнне гаспадаркі да стабільнай арганізацыі аптымальным выйсцем з крытычнага стану. Тут жа ўспомніў родны Парахонск – мясцовы сельгаскааператыў удала трапіў пад крыло Нацбанка, атрымаўшы адчувальную падтрымку.
…Жыццё Багданаўкі напоўнена асаблівай самабытнасцю, не характэрнай для іншых вёсак. Няма тут сур’ёзных спрэчак паміж суседзямі, людской адасобленасці, знявагі. Дзмітрый успамінае, як аднойчы бабуля папрасіла даць уколы… куранятам, якія “нешта дрэнна елі”. Былі выпадкі, калі даводзілася ратаваць падстрэленых ці параненых дзікамі сабак, лячыць коней. Па-іншаму нельга: работа ветфельчара – аказваць першую дапамогу кожнай жывёліне. І справа, безумоўна, не столькі ў абавязках, колькі ў чалавечай спагадлівасці…
А калі надыходзіць летняя пара, малады чалавек адпраўляецца на рыбалку. Унікальным пейзажам вабіць Прыпяць, нагадваючы пра родную Піншчыну. Там ён таксама захапляецца прыгажосцю і багаццем галоўнай палескай ракі, калі прыязджае дахаты. Гледзячы на спакойнае цячэнне, чамусьці успамінае… жыццё Багданаўкі. Яно такое ж павольнае, з нейкай старажытнай патаемнасцю. Відаць, прыродная сувязь гарманічна аб’яднала чалавека і мясцовасць, на якой ён пражывае. Дык няхай гэтыя цёплыя адносіны захаваюцца на доўгі час, стаўшы карыснымі для абодвух бакоў!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть