Молодежь

КАБ “АДПРАЦОЎКА” НЕ СТАЛА ФІНАЛАМ

Летась калектывы сельскагаспадарчых арганізацый і медыцынскіх устаноў Лунінеччыны папоўніліся маладымі кадрамі. 58 выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў рэспублікі прыступілі да работы. Забеспячэнне іх жыллём, клопат аб належных умовах працы і годнай заработнай плаце, а таксама прадастаўленне пэўных ільгот у пэўным сэнсе ўзялі на сябе наймальнікі і дзяржава. Ці ў поўнай меры выконваюцца абяцанні “навічкам” – аказваць максімальную падтрымку? Як сёння жывуць і працуюць учарашнія студэнты, прыбыўшыя ў раён па размеркаванню? Гэтыя і іншыя пытанні хвалявалі ўдзельнікаў першага выязнога семінара маладых спецыялістаў.

Дарога да філіяла “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі ЛМЗ” “падарыла” час для знаёмства і сяброўскай размовы. Разам з намеснікам старшыні райвыканкама Віктарам Рафаловічам удзельнікі семінара павінны былі абмяркоўваць праблемы. Іх, безумоўна, хапала ў кожнага, але гаварыць аб гэтым адкрыта рашаліся не ўсе. Таму прапанавалі афармляць заўвагі і прапановы ў пісьмовай форме, застаючыся, такім чынам, у рамках канфідэнцыяльнасці. Аднак, спецыяльны кантэйнер, падрыхтаваны для зваротаў, так і не напоўніўся ніводнай “ананімкай”…

На малочнатаварнай ферме № 1 гасцей вітаў старшыня гаспадаркі Яўген Рафаловіч, які пазнаёміў з асноўнымі прынцыпамі работы. Тут павышэнню паказчыкаў спрыяе аўтаматызаваны працэс даення і сучаснае абсталяванне для захоўвання малака. Вялікую ролю адыгрываюць самі работнікі, сярод якіх чатыры маладыя спецыялісты. Так, мінулы год стаў знамянальным для Мікалая Ляўданскага, які ўладкаваўся селекцыянерам пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага універсітэта. Цяпер юнак часова выконвае яшчэ і абавязкі заатэхніка.

Мехдвор “Лобчанскага” ўразіў чысцінёй і парадкам. Не менш парадаваў адміністрацыйны будынак, у якім праведзены капітальны рамонт. Што датычыць аўтапарка, то сёння яго гонарам па праву з’яўляюцца 4 энерганасычаныя трактары “Джон-Дзір”. Замежная тэхніка таксама выкарыстоўваецца таксама падчас кармлення жывёлы і дапрацоўкі зерня. Праз убачанае многія прыйшлі да высновы: перспектывы для далейшага развіцця гаспадаркі вялікія, а значыць, і колькасць маладых спецыялістаў будзе абавязкова павялічвацца.

Было што ацаніць і на ААТ “Лунінецкі малочны завод”. Дырэктар Сяргей Карпец расказаў аб гісторыі стварэння “ЛМЗ” і асноўных відах прадукцыі. Госці былі прыемна здзіўлены, калі пачулі, што яе пакупнікамі з’яўляюцца не толькі айчынныя гандлёвыя арганізацыі, але і спажыўцы з Алжыра, Сірыі, ЗША. Дарэчы, у бліжэйшы час на заводзе чакаюць дэлегацыю з Кітая – краіны, куды плануецца пастаўляць сухое абястлушчанае малако. 

Тэхнолаг Іван Соц пазнаёміў наведвальнікаў з асноўнымі этапамі вытворчасці. Госці прынялі ўдзел у дэгустацыі прадукцыі, што не пакінула абыякавымі ніводнага “гурмана”. Асабліва прышліся даспадобы ёгурт “Фруцімілк” і смятана.

Наперадзе чакала знаёмства з аграгарадком “Дварэцкі”, таму, падсілкаваўшыся, маладыя людзі зноў адправіліся ў дарогу. Гул матора перабіваў перашэптванне, але нават у гэтай ледзь прыкметнай размове адчуваліся ноткі незадаволенасці ўмовамі працы і яе ацэнкай кіраўніцтвам. Здавалася, узняты раніцай настрой знаходзіўся ў кроку ад суму, калі доўгачаканы прыезд на месца назначэння выправіў становішча. Музычны падарунак у Дварэцкім ЦСДК ад ансамбля “Імпрэза” і яго саліста Дзмітрыя Грыневіча, трыа дзяўчат пад кіраўніцтвам Івана Бушылы ўскалыхнуў пачуцці запальваючымі выступленнямі.

Шмат цёплых слоў пачулі госці ад дырэктара Дома культуры Васіля Коўшыка: 

– Наша ўстанова знаходзіцца на перакрыжаванні дарог, таму кожны раз сюды з’язджаюцца госці з розных куткоў Лунінеччыны! Дагледжаная тэрыторыя і абноўленыя тэхніка ў танцавальнай і інтэр’ер у кіназале прывабліваюць адпачываючых з райцэнтра, Мікашэвіч, вёсак раёна і, безумоўна, мясцовую моладзь.

На прыём да доктара жыхары населенага пункта пры неабходнасці таксама ідуць з ахвотай. Тым больш, што ўзровень абслугоўвання ў вясковай урачэбнай амбулаторыі не горшы, чым у гарадскіх паліклініках. Удзельнікі семінара змаглі пераканацца ў справядлівасці гэтых слоў: галоўны ўрач УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” Мікалай Кочык запрасіў агледзець вясковую “здраўніцу”. Госці адзначылі выдатную абсталяванасць кабінетаў і навакольную чысціню, зазірнулі ў пакой дзённага стацыянара. 

Адметнай гасціннасцю сустрэлі ў бібліятэцы і сярэдняй школе. Вакальна-інструментальны ансамбль “Натхненне” (3-4 класы) пад кіраўніцтвам Мікалая Гушчэні парадаваў вясёлай музычнай кампазіцыяй. З непадкупнай цікавасцю госці ўглядаліся ў фотаздымкі “Галерэі выпускнікоў”. 9-класніцы, дзве Вікі – Сумярэвіч і Яцушкевіч – падрабязна расказалі пра гісторыю школы і вёскі. Вяртаючыся ў горад, многія адзначылі навучальную ўстанову як самае цікавае месца маршрута. 

Расповяд пра мінулае Лунінецкага краю пачулі з вуснаў навуковага супрацоўніка Ганны Пакінай у раённым краязнаўчым музеі. Подых даўніны, якую ўвасобілі ў сабе прадстаўленыя экспанаты, адчуваўся паўсюль. 

Пасля невялікага абедзеннага перапынку ўдзельнікі семінара працягнулі работу ў актавай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі, дзе задавалі хвалюючыя пытанні кіраўнікам улады і разам абмяркоўвалі шляхі іх вырашэння. Менавіта тады ўспомнілася сціплая размова ў аўтобусе аб штодзённых клопатах. Цяпер яна хутка пераўтварылася ў вялікую колькасць заўваг, прапаноў: многіх цікавілі правілы ўтрымання службовага жылля, набыццё зямельных участкаў пад будаўніцтва праз аўкцыёны, парадак заключэння кантрактаў, пакет дакументацыі, неабходны для рэгістрацыі на месцы жыхарства і г.д. Начальнік крэдытнага аддзела філіяла № 119 АСБ “Беларусбанк” Валянціна Кустава засяродзіла ўвагу на выдачы крэдытаў, у тым ліку льготных. Маладыя спецыялісты звярнуліся да начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Кацярыны Мілаванавай з пытаннямі аб аплаце камунальных паслуг і набыцці паліва спецыялістамі, якія пражываюць у так званых “прэзідэнцкіх” доміках. Аб ільготах для маладых работнікаў расказала юрысконсульт упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Вера Яскевіч. 

Нярэдка чулася незадаволенасць арганізацыяй тут культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў у сельскай мясцовасці. Нягледзячы на тое, што наведванне вясковых школьных спартыўных залаў у вольны час знаходзіць усё больш прыхільнікаў (аб гэтым гаварылася раней), людзі ўсё ж чакаюць ад свайго кіраўніцтва чарговых новаўвядзенняў. 

Працяг – у друкаванай версіі газеты.

Падпіска на “ЛН” не заканчваецца. Тэлефануйце 2-26-65.



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть