Молодежь

МОЛАДЗЬ, ШЧАСЛІВАЯ БУДУЧЫНЯЙ

На плошчы Леніна ў Лунінцы прайшла ўрачыстасць, прысвечаная святу энергіі і аптымізму – Дню моладзі. Яго ўдзельнікамі сталі не толькі юнакі і дзяўчаты – усе, хто адчувае вясну і маладосць у душы.

Святкаванне пачалося павольна. Ад небывалай спякоты “плавіўся” асфальт. Перад будынкам ГДК актывісты БРСМ размясцілі вялікае палотнішча, дзе пераважна малышы малявалі сваё ўяўленне шчасця. Насупраць раённага вузла паштовай сувязі свой куток арганізавалі валанцёры Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Яны правялі акцыю супраць курэння, у ходзе якой сабрана больш як 80 цыгарэт, а ў імправізаваны драўляны муляж увагнана 3 кілаграмы цвікоў. Яшчэ ў гэты вечар валанцёры нагадалі аб здаровым ладзе жыцця: калі сцямнела, запалілі 100 свечак у памяць пра ахвяр СНІДу, кожную сёмую з іх патушылі…

Вуліцу Савецкая ўпрыгожыла выстава спецтэхнікі. Хлопчыкі і дзяўчынкі з ахвотай разглядалі пажарныя машыны і “хуткай дапамогі”, трактары “Беларус”. Спадабаліся юным лунінчанам і разнастайныя забавы: скокі на надзіманых батутах, катанне на электрамабілях, папкорн і салодкая вата, рознакаляровыя паветраныя шарыкі. Мнагалюдна было і каля нядаўна ўзведзенага ў горадзе фантана.

Гараджане стараліся схавацца ў цяньку і толькі, калі пачалася ўрачыстая частка, падышлі бліжэй да сцэны. Аб тым, што маладосць – час надзей і адкрыццяў, у прывітальным слове нагадаў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Рафаловіч. Пад дружныя апладысменты ён уручыў каштоўныя падарункі перадавікам вытворчасці, пераможцам спаборніцтваў маладых механізатараў. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасаваны навучэнцу прафтэхкаледжа сельскагаспадарчай вытворчасці Дзмітрыю Коўшыку, які выратаваў дваіх малышоў з палаючага дома.

Затым прайшоў традыцыйны конкурс маладзёжнай песні “Надзея-2009”. На суд журы і гледачоў нумары мастацкай самадзейнасці прадставілі больш як 20 юных і дарослых артыстаў. Гучалі дзіцячыя песні, шлягеры мінулых гадоў, сучасныя кампазіцыі. Падзяку за актыўны ўдзел атрымалі Ангеліна Карульская і Анжаліка Пахолак. Прызы глядацкіх сімпатый заваявалі Вольга Малафейчык і квартэт ГДК. Дыпломамі ўзнагароджаны: трэцяй ступені – Вольга Васілюк і Алеся Наварыч, другой – Анастасія Бярозка і Вольга Валодзіна, першай – Алёна Война і Надзея Веляскевіч. Віншаванні з галоўнай перамогай – Гран-пры конкурсу “Надзея-2009” – прымалі Дзяніс Праватораў і Валерыя Валынчыц.

Сапраўды яскравым відовішчам стала паказальнае выступленне выхаванцаў спартыўнага клуба “Самурай”, якім кіруе Дзмітрый Карасёў. Не менш гледачоў сабраў конкурс бодзі-арта – малюнкаў на целе. Самыя моцныя прадстаўнікі клуба “Выток” парадавалі гасцей свята сваім незвычайнымі здольнасцямі ў шоу “Сілавы экстрым”. Трактарнае кола, 55-кілаграмовыя гіры, 160-кілаграмовае карамысла, незвычайны якар з 2-пудовых гір не склалі для іх асаблівай цяжкасці. З заміраннем сэрца назіралі балельшчыкі, як адважныя спартсмены зрушвалі з месца аўтамабіль вагой 2,5 тоны. Сяргей Зялянін, які, дарэчы, стаў пераможцам, устанавіў асабісты рэкорд у станавай цязе – 310 кілаграмаў. Анатоль Маркавічэнка і Сяргей Чарненка падзялілі паміж сабой другое і трэцяе месцы.  

Вячэрняя танцавальна-музычная праграма падарыла яе ўдзельнікам прыўзняты настрой: паўсюдна чуліся віншаванні і вясёлы смех. А, значыць, любыя перашкоды на шляху і жыццёвыя цяжкасці пераадольныя. Нездарма, моладзь шчаслівая будучыняй…

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть