Молодежь

СВЯТА ЗАКАХАНЫХ ЁСЦЬ І Ў ПРАВАСЛАЎІ

І адзначаецца яно 8 ліпеня, у дзень святых Пятра і Фяўроніі. Праваслаўная царква лічыць іх заступнікамі сям’і і шлюбу, узорам хрысціянскіх адносін мужа і жонкі.

Благаверны князь Пётр, сын Мурамскага князя Юрыя Уладзіміравіча, уступіў на прастол у 1203 годзе. За некалькі год да гэтай падзеі ён захварэў на праказу, перад якой былі бездапаможныя ўсе лекары. У сне князю адкрылася, што яго можа вылячыць толькі дачка «дрэволазца», бортніка, які здабываў дзікі мёд.  

Фяўронія, сялянка вёскі Ласкавая ў Разанскай зямлі, была прыгожай, набожнай, добрай дзяўчынай. Але людзі яшчэ больш паважалі яе за мудрасць, веданне зёлак, уменне лячыць хваробы, разуменне дзікіх жывёл. 

Пётр паабяцаў ажаніцца, калі дзяўчына вылячыць яго. Фяўронія здолела гэта зрабіць, але выздаравеўшы князь не стрымаў слова, дадзенага сялянцы. І хвароба аднавілася. Калі ў другі раз Фяўронія дапамагла Пятру, ён не спакушаў лёс і прапанаваў ёй сваю руку. 

Але баяры не захацелі мець князёўну простага звання. Яны паставілі ўмову князю: “Ці адпусці жонку, якая сваім паходжаннем зневажае знатных пані, ці пакінь Мурам”. Князь узяў Феўронію, сеў з ёй у лодку і адплыў па рацэ Ака. Яны сталі жыць простымі люзьмі, радуючыся таму, што разам, і Бог дапамагаў ім.

У Мураме ж пачалася смута, забойствы прэтэндэнтаў на вызвалены прастол. Баяры апамяталіся і паклікалі Пятра. Князь і князёўна вярнуліся. Фяўронія хутка здолела заслужыць любоў гараджан.  

У старым узросце муж і жонка пайшлі ў манастыр і малілі Бога аб тым, каб памерці ў адзін дзень. Гэта і адбылося 8 ліпеня 1228 года. Яны завяшчалі пахаваць сябе ў труне, вырабленай з аднаго каменю, з тонкай перагародкай. Манахі палічылі гэта несумяшчальным з духоўным званнем і паклалі целы ў розных мясцінах. Але на наступны дзень яны аказаліся разам, каб быць неразлучнымі і ў вечнасці…  

Пазней над мошчамі святых Пятра і Феўроніі быў узведзены храм. Да апекуноў закаханых прыходзяць сучаснікі і просяць аб спрыянні шчасцю ў сям’і.



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть