Молодежь

“ТЭРЫТОРЫЯ МАЛАДЫХ”

 

 

Канцэртам маладзёжных рок-групы і танцавальных калектываў пачалося свята моладзі, якое сабрала ў нядзелю на плошчы Леніна не толькі юнакоў і дзяўчат, але і многіх жыхароў раёна.
На пляцоўцы “Кірмаш магчымасцяў” прадстаўнікі цэнтра занятасці, навучальных устаноў расказвалі аб прафесіях, якія запатрабаваны на Лунінеччыне, спецыяльнасцях, што адкрыты ў каледжах – політэхнічным і сельскагаспадарчай вытворчасці. З задавальненнем удзельнічалі хлопчыкі і дзяўчынкі ў акцыі “Палотнішча шчасця. Я малюю дзяцінства”.
“Моладзь – будучае нашай краіны, авангард беларускага грамадства, – сказаў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Віктар Рафаловіч. – Юнакі і дзяўчаты дакладна разумеюць, што Радзіме патрэбны іх ініцыятыва, энергія і творчасць. Неабходна з годнасцю працягваць традыцыі старэйшых пакаленняў, каб квітнела Лунінеччына і наша родная Беларусь!”. Віктар Анатольевіч уручыў каштоўныя падарункі пераможцам раённага спаборніцтва сярод маладых механізатараў, занятых на веснавой сяўбе збожжавых і зернебабовых культур, а таксама лепшым маладым работнікам прадпрыемстваў і арганізацый. Сярод узнагароджаных – намеснік начальніка станцыі Лунінец, старшыня савета моладзі станцыі Лунінец Мікалай Антановіч, які выказаў словы падзякі за разуменне і падтрымку юнакоў і дзяўчат: “Галоўнае – праявіць сябе, атрымаць вопыт лідэрства і работы ў камандзе. Няхай пастаяннымі спадарожнікамі па жыцці будуць шчасце і радасць!”.
5-гадовая Ангеліна Карульская песенькай пра тату адкрыла конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Надзея-2010”. Пераможцамі ў малодшай групе сталі Насця Бярозка, Ірына Сашняніна і Вікторыя Нікіціч. Сярод старэйшых выканаўцаў адзначаны Дзіна Багданец, Дзмітрый Пасюкевіч, Вольга Бірыла, Ганна Шамрыла, Ірына Васюкова. У Дзятлавіцкай сярэдняй школе вучыцца Вольга Касач. Эстраднае выкананне – толькі адзін з талентаў дзяўчыны. Сваё майстэрства яна праявіла і ў харэаграфіі. А песня “Сонца”, якую Оля выканала на конкурсе, прынесла дзятлаўчанцы заслужаную перамогу і Гран-пры.
Нечакана, вельмі прыемна ўразіла навінка – конкурс дзіцячых калясак “Бэбі-шоу”. “Мушкецёра і яго даму” прадставіла сям’я Пахолак, “Лунінецкую сунічку” – Мелехаўцы. У “Марачка” на час ператварыўся Кірыл Кукса, а яго бацькі Дар’я і Міхаіл – таксама сталі матросамі. Усе ўдзельнікі адзначаны каштоўнымі прызамі, якія падрыхтаваў аддзел па справах моладзі райвыканкама. Упэўнены, што пачатак добрай традыцыі пакладзены і ў наступным годзе значна большая колькасць бацькоў парадуе землякоў “калясачнымі” шэдэўрамі.
Шмат прыхільнікаў сабралі спартыўна-масавыя мерапрыемствы. Перамогу ў дартсе святкаваў Яўген Якубоўскі, у армрэстлінгу – Віталь Грабовіч. Лунінецка-Ганцавіцкая міжраённая структура ДТСААФ і аддзяленне ДАІ РАУС арганізавалі конкурс мотааматараў. Усім жадаючым было прапанавана прайсці выпрабаванні, якія прымаюць пры здачы экзаменаў на атрыманне вадзіцельскай катэгорыі. Пераможцам прызнаны самы малады ўдзельнік Максім Бамбізаў. У тройку лідэраў увайшлі Эдуард Жук і Аляксандр Кавальчук. Яўген Ерамяевіч і Генадзь Белавус адзначаны заахвочвальнымі прызамі. Як звычайна, нікога не пакінула раўнадушным паказальнае выступленне спартыўнага клуба “Самурай”. Да ўдзелу ў конкурсе “Сілавы экстрым” арганізатары запрасілі чэмпіёнаў свету, Еўропы, Беларусі па паўэрліфцінгу. Тут не было роўных мінчаніну Андрэю Іванцу, які падняў штангу вагой 360 кілаграмаў. Радаваліся лунінчане дасягненням нашага земляка, шматразовага прызёра і чэмпіёна Беларусі Сяргея Зяляніна.
Інфармацыйную палатку разгарнулі валанцёры раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Юнакі і дзяўчаты распаўсюджвалі буклеты і лістоўкі, адказвалі на пытанні. Сёстры міласэрнасці мералі вагу і артэрыяльны ціск. Усе жадаючыя маглі прыняць удзел у акцыі “Моладзь – за здаровы лад жыцця”, забіць цвік у цыгарэту і запаліць свечку памяці. На вуліцы Савецкая працавалі гандаль і дзіцячыя атракцыёны.
Да поўначы гучала над плошчай музыка – маладзёжная дыскатэка сабрала ўсіх, хто малады не толькі па ўзросце, але і душой.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть