Молодежь

УСЁ Ў ВАШЫХ РУКАХ!

Неаднаразова давялося чуць гэтыя словы падчас сустрэчы з бацькамі, чые дзеці знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, альбо ў апякунскіх і прыёмных сем’ях. Ладзілася мерапрыемства ў сацыяльна – педагагічным цэнтры з прытулкам.

Арганізатары ў каторы раз хацелі даказаць, што бязвыхадных сітуацый не бывае, а выбар ёсць заўсёды: застацца на самым дне, аддаючы апошнія рэшткі сумлення алкаголю, ці вярнуць сям’ю. Так за 2009 год 6 грамадзян з раёна згодна з рашэннем суда аднавілі свае правы ў дачыненні да 9 дзяцей.
Вядучая сустрэчы Таццяна Рамановіч нагадала аб шкодзе алкаголю. Загадчык сектара па ахове правоў дзяцінства Таццяна Шандарэўская падмацавала фактамі, паказаўшы фільм, зняты сіламі сацыяльна – педагагічных службаў раёна. Рэйды па арганізацыях, СВК, дзе былі працаўладкаваны пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, шчымлівыя інтэрв’ю з дзецьмі прытулку, размова з маці, якая знайшла ў сабе сілы, кінула піць і вярнула сваіх дзяцей – сэнсавая нагрузка фільма падзейнічала на ўсіх гасцей. На вачах многіх паявіліся слёзы. І было ад чаго. Як малітва гучаў адказ на пытанне адной з нявольных гераіняў відэа, што б ты пажадала, калі б у цябе была цудадзейная палачка: “Хачу ў доме рамонт прыгожы і каб мама не піла…”. Таццяна Аляксандраўна нагадала бацькам патрабаванні для вяртання дзяцей у сям’ю. Толькі пры ўмове аб’ектыўных, сапраўдных перамен ў паводзінах і вобразе жыцця, у аступіўшагася зноў паявіцца магчымасць быць мамай, ці татам. Але і гэтага часам недастаткова. Сын ці дачка па дасягненні дзесяцігадовага ўзросту змогуць самі адмовіцца ад бацькоў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Вінаградава акцэнтавала ўвагу на функцыях сям’і па аказанню падтрымкі дзецям. Калі бацькі думаюць, што амаральнымі паводзінамі робяць горш толькі сабе – гэта вялікая і непапраўная памылка. Адсутнасць увагі і падтрымкі з боку самых родных людзей, дзеці часта кампенсуюць дрэннымі ўчынкамі, якія рана ці позна прыводзяць іх на лаву падсудных.
Рэзкім, катэгарычным, але слушным і праўдзівым было высіупоенне старшага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх Аляксея Заступневіча . Ён папярэдзіў, што Дэкрэт № 18 з кожным годам набірае сваю моц. У дзяцей павінны быць бацькі. Створаны ўсе ўмовы – толькі не лянуйся, працуй, жыві і даказвай, што ты – чалавек! У ходзе гутаркі ён цікавіўся становішчам спраў кожнага, разам з другімі арганізатарамі сустрэчы пастараўся выслухаць, зразумець і дапамагчы словам і справай. Няхай жа колькасць адноўленых у правах расце кожны год з геаметрычнай прагрэсіяй!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть