Молодежь

ВІТАЕ ШЧЫРА ТВОРЧАЯ ПАРА, КАБ СТАЛІ МЫ “АКУЛАМІ” ПЯРА!

Дзеля ажыццяўлення мар і спадзяванняў многія людзі прыкладаюць шмат намаганняў, імкнучыся дасягнуць сваёй мэты – самай галоўнай і жаданай. Не меншай стараннасцю вызначаюцца выпускнікі Дзятлавіцкай сярэдняй школы, сярод якіх на старт да доўгачаканай падзеі – паступлення ў Беларускі дзяржаўны універсітэт – выйшлі 11-класніцы Наталля Хартановіч і Вікторыя Брэзіна.  

Падчас сустрэчы карэспандэнта “ЛН” з вучнямі старэйшых класаў моладзь цікавілася пытаннямі, што датычылі вучобы ў інстытуце журналістыкі БДУ, уступных іспытаў і непасрэдна творчасці. Аб сваіх пачынаннях расказаў сацыяльны педагог Мікалай Касач. 

…На рашэнне дзяўчат звязаць будучую дзейнасць з журналістыкай паўплывалі шматлікія парады бацькоў і, у першую чаргу, асабістае жаданне. Ім падабаюцца сустрэчы з цікавымі людзьмі. Сяброўкі прымаюць актыўны ўдзел не толькі ў школьным, але і вясковым культурным жыцці: разам выступаюць на разнастайных мерапрыемствах, рыхтуюць матэрыялы для школьнай газеты “З лёгкай рукі”. Годнае месца тут займаюць вершы дзяўчат, напісаннем якіх вучаніцы займаюцца яшчэ з пачатковых класаў. Дарэчы, свой першы твор Наталлі дапамагла напісаць Віка на адпачынку ў Італіі. 

Як лічаць выпускніцы, належная падрыхтоўка стане рашаючым фактарам падчас паступлення. І тут жа дадаюць: 

– Акрамя “навукі”, не дрэнна было б мець крышачку ўдачы! Нягледзячы на нядрэнныя вынікі пробнага тэсціравання, палохаюць прахадныя балы. Нават тое, што для абітурыентаў з сельскай мясцовасці яны меншыя, не надта супакойвае. Хлопцам і дзяўчатам з горада прадастаўлена больш магчымасцей. Яны могуць з лёгкасцю трапіць у інтэрнет, наведаць бібліятэку, дзе заўсёды больш карыснай літаратуры, выбраць рэпетытара. Яго, безумоўна, мы таксама наведваем, і пакуль падстаў скардзіцца на дрэнную падрыхтоўку няма.

Пазней дзяўчаты адзначылі: не мае значэння, адкуль ты, важна, якімі здольнасцямі валодаеш! Вялікае жаданне стаць сапраўднымі журналістамі дапамагае не задумвацца пра няўдачы, якія могуць сустрэць. Імкнучыся пераняць вопыт, дзяўчаты ахвотна чытаюць “раёнку”. Найбольшую цікавасць выклікаюць праблемы сучаснай моладзі (у прыватнасці падлеткаў) і расказы пра лёсы людзей.

“Лунінецкія навіны” паважаюць за тое, што яны ніколі не страчвалі сур’ёзнасці і кантакту з грамадствам, якіх часта не хапае многім сённяшнім выданням. Наталля і Вікторыя жывуць марай пра будучую прафесію. Яны перакананы, што сапраўдны карэспандэнт павінен быць універсальным і умець пісаць на любую тэму. Застаецца пажадаць дзяўчатам поспехаў у паступленні і пераканнасці ў абранай будучай справе!



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть