Молодежь

З БАЛЮ – НА КАРАБЕЛЬ ЖЫЦЦЯ

Дождж, што ішоў у пятніцу, перашкодзіў правесці раённы баль выпускнікоў на плошчы Леніна. Свята прайшло ў гарадскім Доме культуры.

11 выпускнікоў 2009 года закончылі школы і ліцэй з медалямі. Пад моцныя апладысменты гледачоў заслужаныя ўзнагароды ўручыў юнакам і дзяўчатам старшыня райвыканкама Васіль Міхайлавіч Агіевіч. Кіраўнік раёна пажадаў маладым людзям поспехаў у жыцці і здзяйснення надзей, бадзёрасці і шчасця, навучыцца пераадольваць перашкоды і ўзброіцца дабрынёй, заклікаў памятаць свой край і пасля вучобы вярнуцца сюды высокакваліфікаванымі спецыялістамі.

На працягу года ў навучальных установах праводзілася апытанне, школьнікі вызначалі любімых настаўнікаў. Імі сталі Ніна Барысаўна Трэгубава (ліцэй), Сяргей Аляксандравіч Грушэўскі (СШ №1), Дзіяна Раманаўна Сладзінская (СШ №2), Галіна Сцяпанаўна Канановіч (СШ №3), Васіль Дзям’янавіч Граблюк (СШ №4). Прывітальныя паштоўкі і прэміі ўручыла начальнік аддзела адукацыі Валянціна Ігнатаўна Верас.

“Што, адмучыліся?” – з такім пытаннем звярнуліся да выпускнікоў першаклашкі. У вершаваных радках расказалі малышы, што стануць годнай сменай тым, хто пакідае школу і пачынае плаванне на караблі жыцця. Дапоўніла іх выступленне цёплымі словамі настаўніца СШ №2 Наталля Іванаўна Арашкевіч.

На апошні бацькоўскі сход, прысвечаны выпуску дзяцей са школы, сабраліся мамы і таты. Слова ад іх трымала Марына Генадзьеўна Бандарэнка: “Раней жадалі шчаслівых білетаў, цяпер іх няма, таму жадаю вам шчаслівых пасадачных месцаў у аўдыторыях”. Словы ліцэісткі Таццяны Наварыч складваліся ў “мелодыю выпускнога шчасця”.

Гэта мелодыя быццам разлівалася над горадам. Прыгожыя дзяўчаты ў яркіх бальных сукенках з чырвонымі лентамі цокалі каблучкамі па мокрым асфальце і тратуарнай плітцы, юнакі галантна крочылі за імі. Гутарылі больш аб выніках школьных экзаменаў, цэнтралізаваным тэсціраванні і паступленні ў навучальныя ўстановы.

Выпускнікі атрымалі атэстаты аб заканчэнні навучальных устаноў і сустрэлі раніцу дарослага жыцця.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть