Молодежь

З ІНЖЫНЕРНАЙ ДУМКАЙ – ПА ЖЫЦЦІ

26 чэрвеня – Дзень вынаходніка і рацыяналізатара
Назіраючы, як малыш разбіраў па частках цацкі, а калі крыху падрос – магнітафоны і радыёпрыёмнікі, бацькі злаваліся, не здагадваючыся, што ўжо ў той час у іх сына кіпела канструктарская думка. Калі надышоў час выбіраць прафесію, Яўген ДАВІДЗЮК спачатку асвоіў навыкі токара і электраманцёра ў ліцэі прыборабудавання, потым – механіка па рамонце тэле- і радыёапаратуры ў Брэсцкім тэхнікуме бытавога абслугоўвання. А год таму юнак атрымаў дыплом тэхніка-тэхнолага ў Віцебскім дзяржаўным станкабудаўнічым каледжы.
Па заканчэнні навучальнай установы ўраджэнца Мікашэвіч размеркавалі на ААТ “Палессеэлектрамаш”. Перш-наперш накіравалі ў цэх. На рамонтна-механічным участку праходзіў стажыроўку пад кіраўніцтвам вопытнага інжынера-тэхнолага Аляксандра Міхайлавіча Корчыка. Некалькі месяцаў знаёмства з абсталяваннем і калектывам праляцелі непрыкметна. Асвоіўшы “азы” тэхналагічнай справы на практыцы, перавялі ў аддзел галоўнага механіка. Малады інжынер паглыблена і карпатліва пачаў вывучаць тэхнічную дакументацыю, рыхтаваць новую для абсталявання пры тэхабслугоўванні, бягучым і капітальным рамонце, рабіць чарцяжы па пашпартных дадзеных, заключаць дагаворы на пастаўку запчастак.
– Працую з задавальненнем, таму што кожны дзень даводзіцца знаёміцца з чымсьці новым, нешта прыдумваць, канструяваць, – дзеліцца ўражаннямі Яўген. – З задачамі стараюся спраўляцца самастойна, але ўдзячны за парады і падказкі галоўнаму механіку Аляксандру Міхайлавічу Галка, начальніку бюро ППР Сяргею Аляксандравічу Пыжэўскаму і інжынеру-тэхнолагу Ніне Антонаўне Канановіч.
Пасля напружанага рабочага дня Яўген разам з жонкай Алай, якая, дарэчы, сёлета стала пераможцай раённага конкурсу прадаўцоў, робяць утульным і прыгожым пакой, які нядаўна атрымалі ў заводскім інтэрнаце. У выхадныя маладыя часта ездзяць у Мікашэвічы, дзе дапамагаюць бацькам па гаспадарцы.
– Вельмі люблю прыроду, але пакуль не вывучыў мясцовыя краявіды, дзе можна збіраць грыбы і рыбачыць, – усміхаецца Яўген, – Думаю, гэта справа паправімая. Якія нашы гады?!
А яшчэ яму падабаецца вышыня. Калісьці ў школе захапляўся альпінізмам і нават наведваў адпаведны гурток. Менавіта вышыня надае маладому арганізму адрэналіну, які спрыяе дасягненню пастаўленых мэт. Няхай жа на жыццёвам шляху ў Яўгена Давідзюка будзе больш узлётаў.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть