Молодежь

“ЗАЛАТЫ ГРАМАФОНЧЫК”

Конкурс юных спевакоў пад такой назвай урачыста адкрыў актавую залу Вулькаўскай 1 СШ, адрамантаваную па праграме стварэння аграгарадка.

Напярэдадні прыгожай колеравай гамай сцен і новым адзеннем сцэны захапляліся выпускнікі, вечар сустрэчы якіх быў перанесены на другую суботу лютага, – у пачатку месяца школа была на аздараўленні. Ці настрой адпачынка паспрыяў артыстычнасці канкурсантаў, ці эстэтычны кампанент адукацыі ў гэтай навучальнай установе садзейнічае мастацкім здольнасцям вучняў, але восем фіналістаў з 16-ці ўдзельнікаў вызначыліся з розніцай літаральна ў некалькі балаў. Мала сказаць, што іх падтрымлівалі аднакласнікі. Гледачы знаходзіліся ў такой жа творчай атмасферы, якая дазваляла не толькі апладзіраваць у такт мелодыям знаёмых песень, але і радавацца персанажам любімых мультыкаў, што дэманстраваліся на вялікім экране. У ролі музычна- і відэааператараў выдатна адчувалі сябе намеснік дырэктара школы Алена Сяргееўна Пятрэнка і выкладчык спецыяльных музычных прадметаў Таццяна Васільеўна Сарока (можна толькі ўявіць, колькі часу яны рыхтавалі гэта прыгожае шоу!). Так жа захапіў дзяцей і дарослых наступны конкурс – караоке, па выніках якога лепшымі былі прызнаны дзве 4-класніцы. Думкі журы падзяліліся. Вырашылі, што ісціну павінна выказаць дзіця, – аб’ектыўным суддзёй і ўражваючым ганаровым госцем была Крысціна Збралевіч, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Маючая вялікі сцэнічны вопыт, лунінецкая “зорачка” аддала перамогу Алёне Абравец. Другое месца заняла Каця Дырман. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі падзячныя лісты, але, здавалася, самай вялікай узнагародай для дэбютантаў стала магчымасць выступіць у прыгожых святочных убраннях перад сваімі равеснікамі, настаўнікамі і мамамі.

Асобна трэба адзначыць конкурс канферансье, у фінал якога выйшлі 3-класнікі – прывабная Каця Мелюх і абаяльны Саша Верас. Умелым вядучым “Залатога грамафончыка” ( Фея – вучаніца 9’ класа Надзея Дараховіч і Скрыпічны Ключ – 8-класнік Валерый Мелюх) расце годная змена! На гэты раз фартуна ўсміхнулася хлопчыку. Але наперадзе ў таленавітых дзяцей столькі магчымасцей праявіць свае мастацкія здольнасці, што яны не канцэнтравалі ўвагу на размеркаванні месцаў. Дакладна ведаюць: пры жаданні – стануць упрыгожаннем любога канцэрта! І гэта – не галаслоўнае сцвярджэнне. Планавы выезд на аздараўленне перашкодзіў удзельнічаць у занальным аглядзе ІІІ фальклорнага фестываля “Радавод”. Але хіба можа ён адбыцца без удзелу нязменных пераможцаў – юных самадзейнікаў Вулькаўскай 1 СШ?! Днямі школу наведала прадстаўнічая камісія з Брэста і адабрала на абласны тур не асобныя нумары, а цэлую праграму!


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть