Молодежь

Адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі

Старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко павітаў тых, хто, атрымаўшы прафесію, вярнуўся ў родныя мясціны, а тым, хто ўпершыню прыбыў у раён, пажадаў пранікнуцца асаблівым духам і палюбіць край усёй душой. А яшчэ зразумець, што ўсе яны – стваральнікі будучыні, таму не павінны маўкліва назіраць за падзеямі, якія адбываюцца ў краіне, а прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. У сваім выступленні старшыня райвыканкама падкрэсліў, што ў нас створаны ўсе неабходныя ўмовы для плённай работы і паўнацэннага жыцця моладзі. Доказам з’яўляецца той факт, што многія арганізацыі і прадпрыемствы раёна ўзначальваюць маладыя людзі. Але для таго, каб рэалізаваць свой патэнцыял, трэба старанна працаваць, паказваць свой прафесіяналізм з самых першых дзён. 

Потым адбылася адкрытая размова, падчас якой на пытанні юнакоў і дзяўчат адказвалі спецыялісты райвыканкама, прадстаўнікі прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый раёна. Сучасны фармат мерапрыемства дазволіў у поўнай меры адчуць, што сёння хвалюе моладзь, чым яна жыве, што непакоіць юнакоў і дзяўчат, якую пазіцыю яны займаюць.  

Вядома, на пачатку працоўнай дзейнасці, без вопыту і стажу, заработная плата ў маладых спецыялістаў невысокая. Гэта, бадай, для іх самая актуальная праблема. Яшчэ адно пытанне, якое востра іх хвалюе, – арганізацыя культурнага адпачынку па месцы жыхарства. Праблема не застаецца незаўважанай, адзначылі прадстаўнікі мясцовай улады. Сёння ў раённым цэнтры функцыянуюць басейн, лядовая арэна і 2 трэнажорныя залы, стадыён, ёсць рэстараны і кафэ. Пасля мадэрнізацыі абсталявання кінатэатра «Кастрыч-нік» тут паказваюць сусветныя навінкі, у тым ліку ў 3D-фармаце. Прапановы новых накірункаў баўлення вольнага часу патрабуюцца ад моладзі. Ініцыятыву праявіў інжынер РУВП “Граніт” Яўген Кузьмін, агучыўшы просьбу арганізаваць заняткі секцыі барацьбы. Ён звяртаўся з ідэяй у Мікашэвіцкі гарвыканкам, аднак падтрымкі там не знайшоў. У сваю чаргу Аляксандр Пачко паабяцаў маладому чалавеку ў бліжэйшы час вывучыць сітуацыю, вызначыўшы шляхі вырашэння праблемы.

Узнімаліся і пытанні добраўпарадкавання горада гранітаздабытчыкаў, у прыватнасці, неабходнаць абсталявання пешаходных дарожак і ліквідацыі лужын каля некаторых пад’ездаў. “На карандаш” узяў іх кіраўнік Лунінецкай ЖКГ Георгій Шпакоўскі.

Не прамінулі маладыя людзі пацікавіцца ў старшыні райвыканкама, як ён стаў кіраўніком раёна, на што атрымалі змястоўны і шчыры расказ, а таксама добрую параду – «не пасаваць перад цяжкасцямі, а з годнасцю прымаць іх».

З уважлівасцю паслухалі ўдзельнікі мерапрыемства аб умовах атрымання льготнага крэдыту для набыцця тавараў першай неабходнасці. Гэтую інфармацыю ім данёс прадстаўнік “Беларусбанка” Сяргей Леваненка.

Першы сакратар райкама БРСМ Ігар Гаргун азнаёміў з дзейнасцю арганізацыі і заклікаў не заставацца ўбаку ад спартыўных і культурна-масавых мера-прыемстваў.

Як падкрэсліў у сваім выступленні старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Рафаловіч:

– Важна ісці ў нагу з часам і нават крыху наперадзе. Мы разлічваем на вас, спадзяемся на вашу ініцыятыву, вытрымку і адданасць. Няхай першае працоўнае месца стане добрай стартавай прыступкай у вялікім прафесійным росце!

Пасля афіцыйнай часткі пачалася экскурсія.  Супрацоўнік краязнаўчага музея Ірына Брэзіна расказала пра экспазіцыі і прадметы, якія распавядаюць аб гісторыі горада і раёна. Яна спынілася на асобных этапах развіцця Лунінеччыны, у прыватнасці, бу-даўніцтве на Палессі чыгункі, “польскім” перыядзе, ваенным ліхалецці, пасляваенным станаўленні і сучаснасці. У цэнтральнай раённай бібліятэцы загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Валянціна Рагалінская звярнула ўвагу на кніжны фонд, перыядычныя выданні, электронныя рэсурсы і даведачна-пошукавы апарат. Аб тым, які значны крок зроблены ў плане якаснага медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, вяла гаворку галоўная медыцынская сястра УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” Святлана Гарагляд. Добрыя ўражанні пра калектыў склаліся і ў маладых медыкаў, што сёлета прыступілі да работы.

Адным з вытворчых аб’ектаў, дзе пабывалі юнакі і дзяўчаты, стала ААТ “Лунінецкі малочны завод”. Яго дырэктар Сяргей Карпец акцэнтаваў увагу на асартыменце, прагнозных паказчыках і экспартным патэнцыяле. А падчас дэгустацыі госці ацанілі высокую якасць і адметны смак выпускаемай прадукцыі. У філіяле ААТ “Берасцейскі пекар” Лунінецкі хлебазавод моладзь віталі галоўны інжынер Аляксандр Мазырчук і начальнік вытворчай лабараторыі Таццяна Біктагірава. Пазнавальны расказ тут таксама падмацавалі прысмакамі.

– Прыемна ўражаны прадукцыяй і дасягненнямі, – падзяліўся брыгадзір дзяржаўнага прадпрыемства “Гарадоцкі” Дзяніс Коўшык. – Дарэчы, наш зефір неаднаразова браў з сабой на вучобу. Сябры нават загадвалі, каб без яго ў інтэрнат не вяртаўся.

Спадабалася маладым людзям ДЮСШ па зімовых відах спорту “Алімп”. Пасля экскурсіі ўсе жадаючыя змаглі пакатацца на каньках. Заключным аб’ектам стала новая малочнатаварная ферма №7 у Дварцы.

– Раней не даводзілася бываць у гаспадарцы, – расказала фельчар-лабарант Мікашэвіцкай бальніцы Дзіна Захарчук. – Прыемна, што ў раёне ствараюцца новыя фермы і клапоцяцца пра годнае ўтрыманне жывёл. Парадавалі сучаснае абсталяванне і цікавыя расказы выконваючага дырэктара ААТ “Дварэцкі” Віталя Карчэўскага.

Па дарозе дадому юнакі і дзяўчаты дзяліліся ўражаннямі:

– Сустрэча і шчыры дыялог з прадстаўнікамі раённай улады неабходныя для абодвух бакоў. Такое мерапрыемства, па-першае, накіравана на знаёмства кіраўнікоў з новымі спецыялістамі, а па-другое, спрыяе сяброўству, раскрывае для прыезджых непаўторную прыгажосць нашага краю, яго гісторыю і патэнцыял, на якім, магчыма, у кагосьці пачнецца новы віток жыцця, збудуцца мары, ажыццявіцца задуманае, і яны ніколі не пашкадуюць, што іх працоўная біяграфія пачалася на Лунінецкай зямлі.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть