ПроисшествияСоциум

Ні машыны, ні грошай

пасат сс13500 долараў ЗША пераслаў жыхар Кобрына віртуальнаму махляру.

Аб’яву аб продажы аўтамабіля “Фальксваген-Пасат СС” 2009 года выпуску мужчына прачытаў на адным з беларускіх сайтаў. Занадта заніжаны кошт для дадзенай мадэлі, якая знаходзілася, па словах віртуальнага прадаўца, у ідэальным стане, ніколькі не збянтэжыла патэнцыяльнага пакупніка. Гаспадар аўто ў электроннай перапісцы паведаміў, што жыве ў Амерыцы, але яго аўтамабіль знаходзіцца ў Мінску. Набыў ён свайго «жалезнага каня», калі вучыўся ў адной з ВНУ. Прычым, махляр нават не знайшоў часу даведацца, якія навучальныя ўстановы існуюць у беларускай сталіцы. Назваў сябе выпускніком інстытута нафты і газу. Пасля атрымання дыплома ён вярнуўся на радзіму, а набыты аўтамабіль пакінуў у адным з гаражоў Мінска. Паказаць машыну ніхто не можа, бо кантактаў у беларускай сталіцы не засталося. Махляр прапанаваў наступны варыянт: патэнцыяльны пакупнік адпраўляе на яго імя 13500 долараў ЗША праз сістэму Western Union, а копіі квітанцый з закрытым унікальным кодам высылае па электроннай пошце. Пасля гэтага прадавец возьме білет да Беларусі і ўзамен на код аддасць ключы ад аўтамабіля.

Жыхар райцэнтра высветліў у банку, што без кода грошы немагчыма зняць, і адразу адправіў запатрабаваную суму. Але махляру аказалася гэтага мала. У чарговым пісьме ён папрасіў яшчэ 3,5 тысячы долараў, паведаміўшы, што знайшоўся кліент, які гатовы заплаціць за практычна новы аўтамабіль большую суму.

Западозрыўшы няладнае, пакупнік накіраваўся ў банк, каб вярнуць свае грошы. Але яму паведамілі, што атрымальнік на іншым кантыненце іх ужо забраў.

– У нашай краіне да пытанняў выплаты міжнародных грашовых пераводаў  ставяцца вельмі  сур’ёзна, і без кода грошы ў банку ні ў якім выпадку не атрымаеш, расказаў начальнік аддзела па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Андрэй Галадко.У многіх жа замежных краінах практыкуецца выдача па копіі квітанцый. З гэтым сутыкаліся не аднойчы.

Апошнім часам пачасціліся выпадкі інтэрнэт-махлярстваў, звязаных з продажам аўтамабіляў. У органы ўнутраных спраў звярнуліся двое жыхароў Баранавіч. Адзін адправіў папярэднюю аплату за машыну ў памеры 5 тысяч долараў ЗША, другі – 4 тысячы. Зразумела, ні сваіх грошай, ні машын яны так і не ўбачылі.

Андрэй Галадко падкрэсліў, што набыццё аўтамабіля заўсёды павінна быць абдуманым і ўзважаным. Тэрміновая пакупка «жалезнага каня», прапанаванага па відавочна заніжанай цане, можа ў будучым прынесці нямала праблем.

Міліцыя звяртаецца да грамадзян з просьбай – быць пільнымі! Раскрыць такое злачынства і вярнуць грошы пацярпелым вельмі складана, таму што махляр знаходзіцца ў іншай краіне. Лепш не укладваць свае зберажэнні ў заведама ненадзейныя пакупкі!

Захаванасць вашай маёмасці, перш за ўсё, залежыць ад вас!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть