Социум

Нічога не забылі…

Сённяшняе беларускае грамадства пераважна апалітычнае. Гэта відаць па многіх прыкметах, самымі яскравымі з якіх можна лічыць няведанне сярэднім абывацелем элементарных, здавалася б, рэчаў. 

Абыякавасць да палітыкі стала відавочнай нават для апазіцыйных груповак, якія сёння больш гавораць не пра “крывавасць рэжыму”, а пра ямкі на дарогах ды абарону старых халуп, якія спрабуюць выдаваць за гісторыка-культурныя каштоўнасці. Такім чынам, намацваюцца новыя шляхі да сэрца беларускага выбаршчыка, бо ранейшыя сцежкі нікуды не прывялі. Новая тактыка прапануе абывацелю замест гадамі прапагандаванага вобраза нязломнага змагара з рэжымам “свайго хлопца”, які нібыта зможа дапамагчы вырашыць надзённыя праблемкі.
Нашто спатрэбілася змена тактыкі – пагаворым потым. Цяпер цікава ці можа быць, змена тактыкі “сяброў народа” выклікана змяненнем ідэалагічных установак? Зменай вех, бы той казаў?
На самай справе ідэалагіч-ныя прынцыпы застаюцца ранейшымі. Хай ужо даруюць апаненты “рэжыма”, што ў адносінах да іх ужываю слова “ідэалогія”, якое яны выкарыстоўваюць выключна ў лаянкавым кантэксце і толькі ў адносінах да сваіх ідэйных ворагаў. Але трэба прызнаваць відавочнае – свае прынцыпы нашы апаненты праводзяць сістэмна і крэатыўна, а галоўнае – не здраджваюць сваім пазіцыям.
“Нічога не забылі і нічому не навучыліся” – так расійскі цар Аляксандр Першы ахарактарызаваў Бурбонаў, якія пасля звяржэння Напалеона вярнуліся кіраваць Францыяй. Бурбоны, якія вярнуліся дзякуючы штыкам інтэрвентаў, рабілі выгляд, што ніякай рэвалюцыі і Напалеона не было, таму можна ўспрымаць Францыю ранейшым набожным каталіцкім каралеўствам. Тое, што краіна, на жаль, не тая, яны змаглі пабачыць праз адзінаццаць месяцаў пасля вяртання, калі Напалеон трыумфальна ўзнавіў сваю ўладу пры абсалютнай падтрымцы французскага народа.
Сёння мы, беларусы, як аказваецца, таксама маем эмі-грантаў, што прынцыпова не заўважаюць рэалій. Адна з мінскіх “незалежных” газет некалькі месяцаў таму надрукавала ўспаміны дэпутата Вярхоўнага Савета БССР 12 склікання Сяргея Навумчыка, які ўжо многа год знаходзіц-ца за межамі Беларусі. Адразу ж шэраг аўтараў далі панегірычныя водгукі на ўспаміны дэпутата. Хвалілі, як правіла, за аб’ектыўнасць.
Засумняваемся, аднак, у аб’ектыўнасці. Па-першае, таму, што аўтар – удзельнік тых падзей, а не старонні назіральнік, а ўдзельнік, як пра-віла, не дае аб’ектыўную ацэнку. Ён і ў 2010-ых гадах хвацка аперуе катэгарыяльным апаратам канца 80-ых – пачатку 90-ых мінулага стагоддзя, шчыра думаючы, што слова “наменклатура” да гэтай пары знаходзіц-ца ў актыўным лаянкавым запасе сярэдняга беларуса.
Але калі эпізоды з “наменклатурай” выклікаюць усмешку, то іншыя – агіду. Пра адзін з такіх момантаў беларускія газеты пісалі ў тыя часы, пра якія бае аўтар. Сёння Навумчык пра яго зноў нагадаў.
У бурлівыя жнівеньскія
дні 1991 года на сесіі Вярхоўнага Савета БССР было паднята пытанне пра інцыдэнт, звязаны са знявагай дэпутата Вярхоўнага Савета Валерыя Ціхіні. Вось як пра гэта гаворыць Навумчык, даючы ў сваіх успамінах стэнаграму дэбатаў на сесіі:
“Антон Зеляноўскі, сакратар ЦК КПБ, народны дэпутат СССР: “Антыкамуністычны псіхоз, учынены сёння парламенцкай Апазіцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце нашай рэспублікі, назваць дэмакратыяй ніяк нельга. Гэтак жа, як нельга назваць дэмакратыяй і тое, што сёння адбываецца на плошчы імя Леніна. Гэта ахлакратыя, улада натоўпу. Ідзе адкрыты псіхалагічны тэрор супраць камуністаў, абразы і нават фізічны гвалт. У перапынку сесіі натоўпам на плошчы быў абражаны, прыніжаны і падвергнуты фізічнаму гвалту народны дэпутат БССР, сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Валерый Ціхіня, які вымушаны быў звярнуцца па хуткую дапамогу ў паліклініку… Што датычыць пытання нацыяналізацыі маёмасці КПБ, дык гэта відавочна супрацьзаконная акцыя”…
Сяргей Навумчык (Апазіцыя БНФ): «Лічу абавязковым удакладніць тую інфармацыю, якую зрабіў тут вам і народу рэспублікі, які слухае трансляцыю, сакратар ЦК Зеляноўскі. Наколькі мне вядома, падчас перапынку да Валерыя Ціхіні не было зроблена ніякіх спроб фізічнага ўздзеяння. Адзінае, што ён быў ачэплены колам і апляваны ў літаральным сэнсе…»
“Апляваны ў літаральным сэнсе…” У той час, калі гэта было сказана, яшчэ ў пэўнай ступені можна было зразумець аўтара выказвання, зыходзячы з эмацыйнага напружання тых шалёных дзён. Але ён і сёння, больш чым праз дваццаць год, смакуе гэты эпізод, замест асуджэння дзеянняў ап’янелага ад уседазволенасці быдла, якое плявала ў твар дэпутату, доктару навук, прафесару, міністру юстыцыі. Нічога не забыў Навумчык. Нічому не навучыўся.
Зараз нешта падобнае
мы бачым у суседняй Украіне, дзе ўсё актыўней ідуць спробы дэстабілізаваць работу дзяржаўнага апарата пры дапамозе некалькіх соцень людзей, якім вось ужо тры месяцы не трэба ні на работу хадзіць, ні сем’і карміць. (Зразумела, калі стаяць яны “за ідэю”, як гэта спрабуюць давесці тыя СМІ, што настойліва лепяць з іх вобраз рамантычных рэвалюцыянераў).
Дарэчы, падтрымку украін-скай “рэвалюцыі” нядаўна выказала “Рада БНР” – экзатычны гурток амерыканскіх пенсіянераў беларускага паходжання, членам якога з’ўляецца Сяргей Навумчык.
У гэтым годзе наша краіна адзначыць адну круглую дату – 20-годдзе Беларусі як сацыяльнай краіны. Хутчэй за ўсё, гэтую дату не абмінуць сваёй увагай розныя дзеячы кшталту згаданага мемуарыста. Не маючы рэальных дасягненняў і заслуг, будуць цешыць сваю фанабэрыю “аналітыкай” і “мэморыямі”. Не дасягнуўшы нічога на ніве палітыкі, будуць спрабаваць сябе ў пісьменніцтве. Будуць паказваць сваё меркаванне як адзіна правільнае. Пры гэтым чужую думку наўрад ці хто будзе браць пад увагу, традыцыйна абмежаваўшыся навешваннем ярлыкоў.
А між іншым, грамадскую думку трэба ўлічваць. Бо нават на тым сайце, дзе друкаваліся водгукі на ўспаміны і вялася ажыўленая дыскусія сярод чытачоў, абмеркаванне скончылася татальным пройгрышам прыхільнікаў версіі нашай нядаўняй гісторыі, выказанай Навумчыкам.
Алег Кунец.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть