ПроисшествияСоциум

Няма дзяцей – няма праблем?

Калі ў сям’і лад, то і малыш будзе развівацца добра. Калі ж у доме паявіліся «падводныя камяні», гэта напрамую адаб’ецца і на дзецях. На жаль, апошнім часам у нашай краіне распаўсюджана такое паняцце як сацыяльнае сіроцтва. Гэта калі юрыдычна бацькі ў дзіцяці ёсць, але фактычна яны не выконваюць сваіх абавязкаў. Сацыяльнае сіроцтва з’яўляецца заганай грамадства, і мы павінны імкнуцца да таго, каб гэта з’ява была выкаранена або зведзена да мінімуму. На праблемах у нядобранадзейных сем’ях спынілася ў сваім выступленні намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Вольга Калугіна падчас сустрэчы прадстаўнікоў зацікаўленых дзяржаўных структур з абавязанымі асобамі.
Як правіла, у бацькоў, якія злоўжываюць спіртным, не клапоцяцца пра сваіх крывіначак, забіраюць дзяцей і нават пазбаўляюць бацькоўскіх правоў. У такім выпадку грамадства бярэ на сябе цяжар па ўтрыманню іх дачок і сыноў. Разам з тым, мамы і таты абавязаны кампенсаваць гэтыя расходы. Але аб’явы са зместам: «На працу патрабуецца абавязаная асоба», наўрад ці можна ўбачыць. Больш таго, кіраўнікі прадпрыемстваў глытаюць супакойваючыя прэпараты, калі даведваюцца, што да іх на работу накіравалі такіх грамадзян.
Механізм выканання Дэкрэта № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях» у частцы працаўладкавання абавязанай асобы і кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, наступны: суд выносіць пастанову аб працаўладкаванні, накіроўвае яе ў РАУС і службу занятасці па месцы жыхарства. Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама на працягу трох рабочых дзён вызначае арганізацыю для працаўладкавання. Прычым адмовіцца прыняць на работу «даўжніка» наймальнік не можа. Згодна з Дэкрэтам, абавязаная асоба павінна спраўна працаваць, штомесяц кампенсаваць расходы дзяржавы. Але справа часта ідзе інакш – абавязаныя не вельмі хочуць працаваць, кампенсаваць і выпраўляцца.
У аддзеле прымусовага выканання раёна па стану на 1 мая 2014 года знаходзілася 162 выканаўчыя вытворчасці ў адносінах 120 абавязаных асоб. За перыяд з пачатку года яны павінны былі кампенсаваць амаль 1 мільярд рублёў. Фактычна з іх спагнана толькі 51,4 працэнта ад агульнай сумы. У адносінах 10 неплацельшчыкаў сёлета ўзбуджаны крымінальныя справы. Гэтыя лічбы агучыла начальнік аддзела Святлана Казун.
Як высветлілася ў ходзе прафілактычнага мерапрыемства, часцей за ўсё няўплаты ўзнікаюць па прычыне прагулаў і нізкай аплаты працы. Асабліва складана даводзіцца тым, хто кампенсуе расходы на ўтрыманне двух і больш дзяцей.
Што датычыць прагулаў, то яны фіксуюцца рэгулярна. Па словах старшага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Юрыя Антановіча, штодзень не выходзяць на работу 5-6 абавязаных. А чаму б не пагуляць? Падставай для звальнення простага рабацягі можа паслужыць яго адсутнасць на працоўным месцы без уважлівай прычыны больш за тры гадзіны. А з абавязаных асоб – як з гуся вада. У выніку Лунінеччына знаходзіцца ў хвасце па кампенсацыі абавязанымі асобамі расходаў на ўтрыманне дзяцей сярод раёнаў Брэстчыны. Аб гэтым паведаміў памочнік абласнога пракурора Аляксандр Жэшка, які браў удзел у мерапрыемстве.
Як змагацца з прагуламі? Тое, што толькі разам, – ужо даўно, здавалася б, вырашылі. Толькі цеснае супрацоўніцтва РАУС, арганізацыі-наймальніка, камісіі па справах непаўналетніх, упраўлення па працы, аддзела адукацыі дае магчымасць уплываць на абавязаных асоб, прымушаць іх працаваць. Апошнім часам усё часцей за прагулы без уважлівых прычын у адно-сінах да абавязаных асоб узбуджаюцца крымінальныя справы.
– За 10-11 нявыхадаў на работу можна “зарабіць” да двух год “хіміі”, – канстатаваў Юрый Антановіч. – У цяперашні час сабрана 7 матэрыялаў на прагульшчыкаў.
На адказнасці бацькоў, якія павінны кампенсаваць расходы па ўтрыманню дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, спыніў-ся і памочнік пракурора раёна Арцём Ралінскі. Большая частка абавязаных пакутуюць на хранічны алкагалізм рознай ступені цяжкасці, у іх выпадку можа дапамагчы толькі ЛПП. Калі летась туды накіравалі толькі адну абавязаную асобу, то за 5 месяцаў гэтага года – ужо 4.
У ходзе дыялогу, які адбыўся паміж удзельнікамі мерапрыемства, стала відавочна, што некаторыя і рады ўносіць кампенсацыю ў поў-ным памеры, але ўзровень аплаты іх працы не дазваляе гэтага рабіць. Так, напрыклад, працаўніца СВК “Велута” паскардзілася, што ёй не даюць належных аб’ёмаў работы. У СВК “Дзятлавічы” пэўны час рабочы дзень усіх работнікаў, у тым ліку і абавязаных быў усяго 4 гадзіны, што, зразумела, адбілася і на заробку. Адна жанчына пасля выхаду з водпуску па догляду за дзіцём была пераведзена з аператараў машыннага даення ў паляводы, бо папярэдняе яе працоўнае месца занята. Цяпер яна зарабляе намнога менш. Жыхарка Мікашэвіч, якая працуе ў Лунінецкай ЖКГ, папрасіла садзеяння ў вырашэнні жыллёвага пытання. Але былі ў зале і такія, што не збіраюцца мяняць сваё існаванне: па-ранейшаму кідаюць дзяцей і вядуць амаральны лад жыцця. З болем назірала за адной з мамачак, якая днямі павінна прадстаць перад судом, дзе будзе вырашацца пытанне па пазбаўленню яе бацькоўскіх правоў. Жанчына не магла растлумачыць свае паводзіны, а толькі ўсміхалася…
– Хто з вас наведвае сваіх дзяцей? – паступіла пытанне да прысутных.
У адказ цішыня. І толькі адна рука нясмела паднялася ўверх. Многія лічаць дастатковым таго, што ўносяць кампенсацыю. І нават вяртаць дзяцей не спяшаюцца: дзяржава паклапоціцца, ды яшчэ і жыллё дасць…
Адна з прысутных, у якой трое дзетак, не згодна з такой пазіцыяй, і мае намер аднавіць свае бацькоўскія правы, але не ведае, як гэта зрабіць. Слушныя парады па гэтаму пытанню дала метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Вольга Скрыпель. Адпаведную памятку атрымалі і ўсе абавязаныя асобы, што сабраліся ў зале.
На заканчэнне мерапрыемства мамы і таты пагля-дзелі відэазапіс з дзіцячага прытулка. З экрана да бацькоў звярнуліся іх дзеткі, якія расказалі аб сваім самым запаветным жаданні – хутчэй вярнуцца дадому. Пранікнёныя словы малышоў кранулі сэрца, і ў некаторых матуль паявіліся на вачах слёзы.
Варта спадзявацца, што хтосьці з іх, урэшце, задумаецца і скажа: “Я хачу змяніць сваё жыццё, каб не толькі вярнуць свае бацькоўскія правы, але любоў і павагу сваіх дзяцей. І я ўсё зраблю для гэтага…”

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть