Социум

Пенсіі ў маі

З 1 мая 2014 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ) у суме 1 мільён 212 тысяч 470 рублёў (у красавіку ён раўняўся 1128070 руб.). У сувязі з гэтым павялічаны памеры працоўных мінімальных і сацыяльных пенсій, а таксама надбаўкі і павышэнні для асобных катэгорый грамадзян. Напрыклад, даплата за так званае доўгажыхарства складае: 227300 рублёў – для тых, хто дасягнуў узросту ад 75 год да 80-ці, 303100 – ад 80-ці і больш гадоў.
Яшчэ раз звяртаем увагу, што з 1 мая павялічаны памеры не ўсіх пенсій, а толькі тых, чый памер залежыць ад бюджэту пражытачнага мінімуму. Мінімальная пенсія па ўзросту пры стажы 25 год у мужчын і 20 – у жанчын вырасла ўсяго на 21100 – да 1295100 рублёў у месяц. Пры такіх жа стажах і вельмі нізкім індывідуальным каэфіцыенце заробку (напрыклад, 0,01378) налічваецца мінімальная працоўная пенсія. Гэта значыць, грамадзянін адпрацаваў поўны патрабуемы ў адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь “Аб пен-сійным забеспячэнні” стаж работы, але з-за нізкай зарплаты можа атрымліваць пенсію толькі ў памеры, які складваецца з 25 працэнтаў БПМ (303118 рублёў) і даплаты 20 працэнтаў сярэдняй заработнай платы па краіне, што прымяняецца для разліку працоўных пенсій (992009). Абедзве сумы складуць мінімальную пенсію – 1295100 рублёў.
Сацыяльная пенсія налічваецца грамадзянам, якія нідзе не працавалі, ці ад-працавалі менш, чым патрэбна для назначэння працоўнай пенсіі пры няпоўным стажы работы. Часцей за ўсё такія пенсіі выплачваюцца інвалідам з дзяцінства. З мая 2014 г. памеры ўзрастуць ад 63-ох да 93-ох тысяч рублёў. Так, напрыклад, памеры сацыяльных пенсій дзецям-інвалідам да 18 год, у залежнасці ад ступені страты здароўя, складуць: першай ступені – 80 працэнтаў БПМ (969980 рублёў), другой – 85 працэнтаў (1030600), трэцяй – 95 (1151850) і чацвёртай ступені – 110 працэнтаў БПМ (1333720 рублёў).
Памер сацыяльных пенсій асобам больш за 18 год: інвалідам І групы (у тым ліку інвалідам з дзяцінства) – 110 працэнтаў БПМ (1333720 рублёў), інвалідам з дзяцінства ІІ групы – 95 працэнтаў БПМ (1151850), інвалідам ІІ групы (акрамя інвалідаў з дзяцінства) – 85 (1030600), інвалідам ІІІ групы – 75 працэнтаў БПМ (909350 рублёў). Памер сацыяльнай пенсіі дзецям з выпадку страты кармільца – 85 працэнтаў БПМ (1030600 рублёў) на кожнае дзіця. Палову бюджэту пражытачнага мінімуму (606240) складае памер сацыяльнай пенсіі па ўзросту (мужчыны – 60 год, жанчыны – 55). Такім чынам, павышэнні з 1 мая 2014 года склалі: сацыяльныя пенсіі – на 7,5 працэнта, мінімальныя па ўзросту – 1,7.
Звяртаем асаблівую ўвагу пенсіянераў, што згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №54 ад 29.01.2014 г. у сувязі са святкаваннем 70-ай гадавіны вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў будзе аказвацца матэрыяльная дапамога. Яе выплата працягнецца з 1 чэрвеня па 1 ліпеня па дадатковых ведамасцях. Асобам, якія вымушаны часова адсутнічаць у гэты перыяд, грошы будуць выплачаны да 10 ліпеня.
Ірына СЕМЯНЧЭНКА, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть