Присяга

АДНАПАЛЧАН ПАЗНАЁМІЛА «РАЁНКА»

Былы рэдактар раённай газеты, ганаровы грамадзян Лунінца Мікалай Віктаравіч Юсціновіч вядомы раёну сваёй грамадскай актыўнасцю. Ветэран вайны і працы шчодра дзеліцца падзеямі жыццёвага шляху не толькі ў час выступленняў у маладзёжнай аўдыторыі, але і на старонках роднага выдання. Аднойчы апублікаваў успаміны аб асабістым удзеле ў 1945 годзе ў Парадзе Перамогі саюзных войск у Берліне.

–Дык і я ж быў на тым парадзе, – прачытаўшы, усхваляваўся Іван Дзям’янавіч Зіміч. – Пяцьдзесят год жывем у адным горадзе, а не ведалі, што на фронце ў адным палку ваявалі!

Ураджэнец Кажан-Гарадка 20-гадовым устаў у баявы строй. Аб салдацкай доблесці сведчаць узнагароды ваеннага часу – медалі “За адвагу”, “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй”. Таму баец і быў удастоены гонару ўдзельнічаць у адказным аглядзе савецкіх войск і прадстаўнікоў англійскай і амерыканскай армій. І гэта нягледзячы на зусім не асілкавы знешні выгляд, якому, як расказваў наш заслужаны калега, аддавалі перавагу пры адборы салдат на парад!

Калі ўжо ветэраны сустрэліся, удакладнілі, што сапраўды былі стралкамі на 1-ым Беларускім фронце ў 920 палку 247 дывізіі. Разам удзельнічалі ў баях за сумна вядомы горад Лебус-на-Одэры. Там у брацкай магіле пахаваны амаль сто пяцьдзесят воінаў, прызваных з Лунінецкага раёна…

Мікалай Віктаравіч не мог не пацікавіцца ў Івана Дзям’янавіча, якім чынам таму ў час акупацыі ўдалося пазбегчы вывазу ў Германію. Суразмоўнік нявесела ўсмінуўся: відавочна, дакладны адказ на гэта пытанне ведала толькі маці, ці адкупіўшая кавалкам радна, ці адмаліўшая слязьмі свайго сына ад Нямеччыны…

Найбольш пацярпеў за тры гады захопу фашыстамі нашага краю Міхаіл Міхайлавіч Канапацкі. Пры трагедыі Мелясніцы загінулі многія яго родныя. Юнаку пашчасціла выратавацца. Помсціў ворагу за бязвінныя ахвяры, змагаючыся ў партызанскім атрадзе “За Радзіму” брыгады імя Кірава Пінскага злучэння. Пасля вайны і яму родным стаў Лунінец. Сумленна працаваў на чыгунцы, выгадваў двух сыноў.

Іван Дзям’янавіч яшчэ і на пенсіі быў запатрабаваны як сталяр у ПМК-19. Яго праца была адзначана ордэнам “Знак Пашаны”. Сёлетні ўласны юбілей – 85-годдзе – сустракае ў ветэранскім страі разам з паплечнікамі па зброі, вызваліцелямі роднага краю.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть