Присяга

“БЕЛАЕ СОНЦА ПУСТЫНІ”

Калі думаеце, што размова пойдзе пра мастацкую кінастужку, то вы памыляецеся. У аснове расповяда – рэальныя падзеі і лёс неардынарнага чалавека. На шляху Валерыя Паўлавіча КАВАЛЕНКІ было шмат выпрабаванняў, пераадоленне якіх спрыяла загартоўцы характару.


Далёкі Сахалін з яго сопкамі, хуткімі рачулкамі, прылівамі і адлівамі. У гэтым цудоўным краі, які стаў пунктам размеркавання сям’і ваеннаслужачага Паўла Арцем’евіча Каваленкі, прайшлі дзіцячыя гады маленькага Валерыя. Разам з равеснікамі ён любіў праводзіць вольны час на рэчцы, дзе нерасцілася кета, а па беразе раслі вялізарныя лопухі. А яшчэ там вадзіліся пацукі памерам з сабаку. Мясцовыя жыхары іх адлаўлівалі і выкарыстоўвалі як прыманку пры паляванні на пясца. Калі ж прырода лютавала, спакойны востраў ператвараўся ў “парахавую бочку”. Рачулкі, якія можна было пераходзіць у брод, зносілі ўсё, што станавілася на іх шляху, разбураючы дамы, тэхніку, не шкадавалі людзей. Экстрэмальныя ўмовы прымушалі быць смелым і адважным, выхоўвалі сапраўдныя мужчынскія якасці.
Пазней сям’я пераехала ў Барысаглебск Варонежскай вобласці, дзе Валерый закончыў школу. Кім стаць, вызначыўся хутка: разам з сябрам вырашылі “штурмаваць” ваеннае вучылішча. Паглыбленае вывучэнне дакладных навук у школе і добрая фізічная загартоўка дапамаглі без асаблівых праблем трапіць у лік курсантаў Варашылаваградскага вышэйшага ваеннага авіяцыйнага вучылішча штурманаў. 
Ваенную кар’еру пачаў у Туркестанскай ваеннай акрузе ў 1975 годзе. Спачатку накіравалі ў Ташкент. Але ў хуткім часе атрымаў новае назначэнне – Кізіл-Арват.
– Нехта пажартаваў, сказаў, што гэта недалёка, – успамінае Валерый Паўлавіч. – Доўга шукаў на карце кропку, якая на самай справе аказалася ў 1500 кіламетрах ад Ташкента – паміж Краснаводскам і Ашхабадам. 
Невялікі населены пункт знаходзіўся ў 30-кіламетровай зоне ад мяжы з Іранам, з аднога боку Капетдагскае перадгор’е, з другога – пустыня. Умовы, ў якіх давялося асталявацца, нармальнымі цяжка назваць: спякота, бруд, хваробы, вада па гадзінах некалькі разоў на суткі. Затое кавуноў і дынь – удосталь. Спачатку нават тэлебачання не было. Пазней уключылі пару каналаў, па якіх трансліравалі скачкі з іпадрома, а навіны ішлі са спазненнем на некалькі сутак. Мясцовы ўклад жыцця падобны на сярэднявечча. Жанчыны ходзяць у паранжы, як у “Белым сонцы пустыні”. Мужчыны не працуюць, але маюць па 3 жонкі, якія вядуць хатнюю гаспадарку і ткуць дываны.
Служба ўдалечыні ад цывілізацыі не здавалася мёдам. Парушальнікі мяжы часта прымушалі знаходзіцца ў баявой гатоўнасці: то з разведвальнай місіяй пранікалі на тэрыторыю, то проста хуліганілі. Але ў маладосці многае не заўважаеш і прасцей адносішся да жыцця. Так і тут – у вольны час маглі пагуляць у футбол, або злятаць на выхадныя ў Баку. А яшчэ радаваліся, калі прыязджала “Карова”. Так называлі паміж сабой малочную машыну, у якой дастаўлялі піва. Асаблівае ўражанне пакідалі горы, якія ў канцы лютага – пачатку сакавіка ператварліся ў цюльпанавыя даліны…
28 снежня 1979 года. Па загаду камандавання ў складзе групы кіраўніцтва палётамі першым самалётам Валерый Каваленка быў накіраваны ў Афганістан:
– Быў позні вечар. Калі праляталі над тэрыторыяй Саюза адчуваўся спакой. Праз ілюмінатар назіралі за агенчыкамі ўздоўж аўтамабільных дарог. Але як толькі пераляцелі мяжу, быццам трапілі ў бездань. Непраглядная цемра не абяцала нічога станоўчага. Над месцам, дзе павінны былі прызямліцца кружылі паўгадзіны, пакуль на пасадачнай паласе не заззялі агні. Перад намі стаяла задача – абсталявацца на аэрадроме Шынданд і прымаць самалёты.
Першая ноч аказалася вельмі напружанай: самалёты прызямляліся і ўзляталі праз кожныя 5 хвілін. Раніцай тэрыторыя стала непазнавальнай: чаго тут толькі не было. А 31 снежня аэрадром прыняў першыя баявыя самалёты, на наступны дзень – змешаны верталётны полк. Месцам яго дыслакацыі павінен быў стаць Кандагар. Асаблівага жаху вайны не адчувалася, але як толькі першы верталёт узляцеў, ён трапіў пад кулямётны абстрэл. Тэрмінова ў паветра паднялі два знішчальнікі, якія і суправаджалі полк па шляху следавання. Пазней да выбухаў прывыклі, але чужына не была літасціва да савецкіх салдат. На кожным кроку падсцерагала бяда. Тыф, дызентэрыя, малярыя – з гэтымі хваробамі давялося сустрэцца амаль кожнаму. Змеі, мошкі, скарпіёны стваралі не меншую пагрозу, чым паўстаўшыя войскі афганцаў. Выпрабаванне 45-градуснай спякотай вытрымлівалі таксама не ўсе…
Толькі ў 1984-ым Валерый Паўлавіч пакінуў тэрыторыю, дзе пануе белае сонца пустыні, быў пераведзены на авіяцыйную базу ў Лунінец на пасаду начальніка каманднага пункта. Тут ён сустрэў сваю суджаную Ларысу Аляксандраўну, з якой разам ужо 25 год. У шлюбе нарадзіліся дзве дачкі – Таццяна і Марыя.
У 1993-ім В.П. Каваленка пачаў працоўную дзейнасць у мытных органах, і амаль 15 год узначальвае аддзел мытнага афармлення і кантролю №3 Пінскай мытні. Мае званне саветніка мытнай службы 3 ранга.
За час праходжання службы ўзнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За бездакорную службу” І, ІІ, ІІІ ступеняў, нагрудным знакам Дзяржаўнага мытнага камітэта “За отличие”, іншымі юбілейнымі ўзнагародамі і падзякамі.
Напярэдадні чарговай гадавіны вываду савецкіх войск з Афганістана, успамінаючы падзеі тых далёкіх часоў, Валерый Паўлавіч упэўнены, што выкрэсліць з жыцця годы вайны нельга, як і памяць пра загінуўшых калег і сяброў, якія годна выконвалі свой абавязак.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть