Присяга

КАБ НЕ ЗАБЫЦЬ АБ ТЫХ САЛДАТАХ, ШТО ПАДАРЫЛІ МІР ЗЯМЛІ…

Яркія цёплыя промні сонейка радасна віталі лунінчан пасля халодных дажджлівых тыдняў. Сімвалічна, што надвор’е змянілася менавіта напярэдадні 67-гадавіны вызвалення Лунінеччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Мітынг, які традыцыйна прайшоў каля стадыёна «Палессе”, пачаў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч. Ён напомніў, якім жудасным быў той час і якой цаной дасталася перамога, падзякаваў ветэранам за іх подзвіг, за падораны нам мір і спакой. Гулкія ўдары метранома абвясцілі хвіліну маўчання ў памяць пра герояў, якія аддалі самае дарагое – жыццё. Пасля слова ўзяў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Павел Дабрынец. Пад выстралы салюта адбылося ўскладанне кветак і вянкоў да абеліскаў загінуўшых.

Раённы савет ветэранаў сумесна з Лунінецка-Ганцавіцкай структурай ДТСААФ пры падтрымцы райвыканкама арганізавалі аўтапрабег па месцах баявой славы. Сярод запрошаных былі прадстаўнікі БРСМ, воіны-інтэрнацыяналісты і актывісты хору ветэранаў «Спадчына”.

У Язвінках, каля помніка загінуўшым садатам, гасцей сустракаў старшыня Дварэцкага сельвыканкама Аляксандр Віднікевіч. Падчас вайны вёскі Язвінкі, Яжаўкі і Сасноўка згубілі 61 жыхара. У Ракітна ў брацкай магіле пахаваны 89 чалавек. Аляксандр Іванавіч расказаў, што школьнікі, добра ведаюць сумную гісторыю жудаснай вайны, прыбіраюць і падфарбоўваюць помнікі. Самі вучні таксама падрыхтаваліся да сустрэчы, прачыталі вершы і ўручылі ветэранам кветкі.

Цёплы прыём удзельнікаў аўтапрабегу чакаў у Кажан-Гарадку, у Лахве, у Любані і Сінкевічах. Парадавала, што ў кожнай вёсцы, каля помнікаў нас сустракалі мясцовыя жыхары. Старэйшыя прыгадвалі той цёмны, прагорклы ад смерці і людскога гора час, малодшыя з цікавасцю слухалі і запаміналі, каб расказаць пасля іншым, каб помніць…

Заключным этапам падарожжа стала брацкая магіла ў Сітніцкім Двары. Паветра гэтага месца на ўскрайку леса пранікнута тугой і асаблівай цішынёй. Менавіта тут хор ветэранаў сваімі цудоўнымі неўміручымі песнямі нагадаў многім удзельнікам прабегу час маладосці, слёз, перамогі, кахання, будаўніцтва новага жыцця і аднаўлення.

Жыццё працягваецца, і сёння ветэраны атрымліваюць узнагароды за дапамогу ў патрыятычным выхаванні моладзі, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раённага савета ветэранаў. Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Мазько ўручыў граматы Фёдару Насовічу і Паўлу Дабрынцу.

Годнае і бясстрашнае жыццё нашых ветэранаў застанецца ў памяці многіх пакаленняў.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть