Присяга

ПА ДАРОГАХ ФРАНТАВЫХ

Цёпла і шчыра прайшла сустрэча ўдзельнікаў абласнога аўтапрабега па месцах баявой славы на мяжы Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў.

Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны не хавалі радасці і слоў удзячнасці, за тое, што жыццё літасціва падарыла шанц убачыцца зноў.

– Прайшло пяць год з нашай апошняй сустрэчы. І вельмі цудоўна адчуваць, што мы дагэтуль у страі, – сцвярджаў Павел Акімавіч Дабрынец, вітаючы ветэранаў Брэстчыны. Дэлегацыя, у склад якой увайшлі прадстаўнікі ўлады, БРСМ, абласной арганізацыі ДТСААФ, былыя воіны-інтэрнацыяналісты, знаёмства з Лунінеччынай і яе гістарычным мінулым пачалі з Бастынскага сельсавета. Аб традыцыях і сённяшніх клопатах расказаў старшыня Фёдар Рашэцкі. У падарунак госці атрымалі кнігу “Лунінецкая Памяць”.

Дырэктар Бастынскай СШ Яраслаў Койка правёў экскурсію па школьным музеі, сканцэнтраваўшы ўвагу на карных аперацыях, якія праводзілі фашысты на тэрыторыі Лунінеччыны, а таксама гераічным подзвігу партызан у гады вайны. Ён жа падкрэсліў, што ў выхаваўчым працэсе важную ролю адыгрывае захаванне памяці аб воінах-афганцах, якія не вярнуліся з “неаб’яўленай” вайны.

Падчас мітынгу каля помніка ў Бастыні ўдзельнікі аўтапрабега хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых у гады вайны, усклалі кветкі, а настаяцель мясцовай царквы айцец Іаан прачытаў малітву і асвяціў помнік.

Наступным прыпыначным пунктам незвычайнага картэжу стаў Лунінец. Каля абеліскаў ў гарадскім скверы, дзе вахту неслі школьнікі, адбыўся ўрачысты мітынг, на якім цёплыя словы ў адрас ветэранаў выказалі намеснік старшыні райвыканкама Віктар Рафаловіч і прадстаўнік абласной арганізацыі ДТСААФ Уладзімір Пруднікаў. А Мікалай Юсціновіч прыгадаў складаныя гады ліхалецця. Мірны салют стаў своеасаблівым залпам у памяць аб ахвярах другой сусветнай вайны.

Удзельнікі аўтапрабега ўшанавалі памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў, усклаўшы кветкі ля помніка на вуліцы 50 год Кастрычніка.

На наступны дзень на плошчы імя Леніна ў Лунінцы прайшла незвычайная сустрэча. Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны атрымалі медалі “65 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” з рук намесніка старшыні райвыканкама Віктара Рафаловіча, старшыні райсавета Віталя Адзішчава, ваеннага камісара Уладзіміра Жука. 

…У Мікашэвічах на плошчы імя Каржа гасцей сустракалі работнікі гарвыканкама, школьнікі і жыхары горада. З прывітаннем выступіла намеснік старшыні мясцовага выканаўчага органа Людміла Бакуновіч. Слова ад ветэранаў узяў Аляксандр Іванавіч Цюрын. Пад урачысты салют былыя салдаты ўсклалі вянкі і кветкі да помніка воінам і партызанам, пасля чаго калона гасцей працягнула свой шлях ў Столінскім напрамку.

Наступным прыпынкам ветэранаў Лунінеччыны стала вёска Сінкевічы. Цеплыню сустрэчы ля помніка камсамольцам-падпольшчыкам жыхары населенага пункта выказалі ветлівымі ўсмешкамі, а выхаванцы мясцовага дзіцячага ясляў-садка – шчырай песняй і кветкамі. Сакратар сельвыканкама Людміла Басавец расказала аб гісторыі назвы цэнтральнай вуліцы Камсамольская і героях, якія абаранялі вёску ў часы баявых дзеянняў. 

“Тут у 1941 годзе ў баях за Радзіму загінулі 27 савецкіх воінаў…”. Балючы надпіс на помніку ля чыгуначнага пераезда недалёк ад Сінкевіч аднавіў у памяці мужных хвалюючыя моманты. Асабліва кранаюча гучала гісторыя ветэрана Паўла Акімавіча Дабрынца аб няпростым лёсе загінуўшых. Іх памяць ушанавалі хвілінай маўчання і каля брацкай магілы ў Лахве, дзе прысутных вітала сакратар сельвыканкама Ева Лукашэвіч. Пасля невялікага мітынгу ўдзельнікі аўтапрабега абмяняліся ўспамінамі і ўражаннямі ад сустрэчы за гасцінна накрытым работнікамі мясцовага кафэ “Верас” сталом. Ад чыстага сэрца гучалі словы шчырай гутаркі ветэранаў – сумнай і адначасова радаснай таму, што нам пашчасціла жыць у мірнай і прыгожай краіне, 65 год таму надзейна абароненай ад разбуральнай варожай сілы!



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть