Присяга

СЛУЖЫЛІ РАДЗІМЕ СЯЛЯНЕ З МЯСТЭЧКА…

Браты Вайцяхоўскія з Кажан-Гарадка былі прызваны ў Чырвоную Армію ў жніўні 1944 года.
“Я шлю тебе письмо из сорок пятого…”. Радкі вядомай песні ўспамінаю, калі зноў і зноў пераглядаю франтавую спадчыну бацькі. Павел Іванавіч (07.09.1922-2002) служыў на ІІ Украінскім фронце, быў кулямётчыкам. Салдацкімі ботамі вымерана не адна краіна вызваленай Еўропы. Атрымаў раненне ў плячо – турбавала ўсё жыццё. Але больш, чым пра себе, хваляваўся за спакой сваёй маці. Яна выхоўвала траіх дзяцей адна, у сярэдзіне 20-ых гадоў застаўшыся ўдавою салдата Першай сусветнай вайны. Малодшы сын купляў паштоўкі з відамі гарадоў – Вільня, Браціслава, Прага, праз якія ішоў франтавы шлях, і, калі выдавалася вольная хвіліна, пісаў самаму дарагому чалавеку. На адрас “Зап. Б.С.С.Р, Пинская обл., Лунинецкий р-н, м-ко Кожангородок, Войтеховской Зиновии Никитичне” дасылаліся падбадзёрваючыя радкі:
“17.01-45. Дорогая мамо! Пока я жив и здоров. Наша фронтовая жизнь разнообразная, но не скучная. Как Вы проживаете и что делаете дома? Целую Вас крепко. До свидания».
«17.01-45. Пересылаю свой пламенный привет и поцелуи для всех родных и близких знакомых. Ваш Павел».
«21.01-45. Поздравления с передовой пересылает Ваш сын Павел».
Так сталася, што мае мама і тата рассталіся, калі мне было толькі 11 год. Пасталеўшы, перапісвалася з бацькам, які жыў на Далёкім Усходзе. Памятаю, што ў яго былі баявыя ўзнагароды, але ў свой час не ўдакладніла, а цяпер няма ад каго даведацца. У адным з лістоў спытала пра франтавы шлях дзядзькі, якога ўжо не было ў жывых, на што атрымала адказ: 
“Колькі сустракаўся і размаўляў з рознымі франтавікамі, ніхто з энтузіязмам нічога не расказваў аб ваенных падзеях. Былыя салдаты не любяць гаварыць пра вайну. Так і брат. Ніколі не распытваў яго, а сам ён таксама ніколі не расказваў пра свае ратныя подзвігі”.
У сям’і дзядзькі не было дзяцей, таму Сямён Іванавіч Вайцяхоўскі (15.09.1913-02.05.1980) і яго жонка адносіліся да мяне як да роднай дачкі. І пасля яго ўходу менавіта мне перадалі франтавыя дакументы. З чырвонаармейскай кніжкі даведваюся, што малодшы сержант, ездавы служыў у 2 мінамётнай роце 916 палка 2 батальёна 247 Рослаўльскай стралковай дывізіі. Цэлым стосам Падзяк Галоўнакамандуючага з партрэтам Сталіна адзначаны яго франтавы шлях. Тры – за ўдзел у вызваленні польскіх гарадоў Варшавы і Радама (ад 16.01.1945), Лодзі (ад 19.01.1945), столькі ж – за баі пры ўзяцці абарончых вышынь у Германіі: у Брандэнбургскай правінцыі (ад 31.01.1945), пра прарыве на Берлін (ад 23.04.1945), пры ліквідацыі фашысцкай групоўкі на паўднёвы ўсход ад сталіцы трэцяга рэйха (ад 02.05.1945). Адважны воін быў узнагароджаны медалямі “За вызваленне Варшавы”, “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”. Кранаюць душу радкі з ліста “Баявому таварышу”, які ўдзельнікам змаганняў адрасаваў маршал Савецкага Саюза Георгій Канстанцінавіч Жукаў.  
16 красавіка 1945-га Сямён Іванавіч быў паранены і лячыўся ў шпіталі. 17 кастрычніка таго ж года закончылася яго вайсковая служба. Вярнуўся да прывычнай земляробскай працы. Калі ў Кажан-Гарадку была створана калектыўная гаспадарка, стаў яе добрасумленным работнікам. Пацвярджаюць стараннасць дзядзькі Ганаровая грамата райвыканкама, якой быў узнагароджаны ў 1964 годзе, медаль “За доблесную працу”, уручаны ў 1970-ым. Да ўсіх гадавін Перамогі і Узброеных Сіл ён таксама адзначаўся юбілейнымі медалямі.
У старажытнай вёсцы Сямёна Іванавіча ведалі і як лекара, які замовамі і зёлкамі дапамагаў хатняй жывёле. А яшчэ ён вельмі любіў плясці лапці. Пару самага экалагічнага абутку, якую вырабіў дзядзька, мой сын забраў у Маскву. Такая вось мірная спадчына былога франтавіка…
Галіна КУНЦЭВІЧ. г. Баранавічы.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть