Присяга

Наперакор прагнозам

Якім непрадказальным бывае чалавечы лёс. Ці думала некалі ў маленстве дзяўчынка з Аранбургскай вобласці, што на старасці год ёй давядзецца жыць у далёкай Беларусі? А замест прывычных гор і далін Урала яна будзе любавацца гонкімі бярозамі і бязмежнай палескай раўнінай, штодзённа чуць гутарку з іншым акцэнтам і знойдзе сабе тут новых сяброў.

Лунінчанка Марыя ГЕРАСІМАВА ў лютым адзначыла 90-годдзе. Апошнюю дзявятую частку свайго доўгага веку правяла яна далёка ад сваёй малой радзімы, што засталася ў глыбіні расійскіх прастораў. Жывучы разам з дачкой і зяцем, жанчына ахутана ўвагай, але доўгімі зімовымі начамі часта згадваецца мінулае, у якім хапала месца для радасці і пякучага болю…

Марыя была падлеткам, калі пачалася вайна. Ярка памятаецца, як бацька ішоў на фронт. Яны з мамай праводзілі роднага на вакзал, развітальна пазіралі ўслед цягніку, дзе ў цеснай цяплушцы навабранцы імкнуліся жартаваць і не думаць пра страшнае. Але сэрцамі адчувалі, што больш не давядзецца пабачыцца. На жаль, так і сталася. У 1942-ім пасля цяжкага бою бацька памёр ад ран на руках у знаёмага саслужыўца. Той даслаў родным страшную вестку пра непапраўнае…

Жыццё ў тыле не было лёгкім. У іх горад Меднагорск эвакуіравалі ваенны завод, на якім выраблялі асобныя вузлы для гармат і вінтовак. Дзяўчына ў 15 год уладкавалася туды ізаліроўшчыцай і фрэзероўшчыцай. Хударлявая, невысокага росту, яна ледзь даставала да станка. Але гэта не перашкаджала выконваць і перавыконваць норму, аб чым сведчаць узнагароды – медаль “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945гг.”, прысвоены званні “Ударнік Камуністычнай працы” і “Лепшы па прафесіі”.

Паведамленне пра Вялікую Перамогу пачулі па радыё. Усе крычалі, радаваліся. А яны з мамай плакалі, згадваючы тату, які не ўбачыў светлага дня. Горка было, але жыццё неслася ўдалячынь. Неўзабаве ў Марыю закахаўся Канстанцін Андрэевіч, які працаваў майстрам. Атрымаўшы ўзаемнасць у пачуццях, маладыя стварылі сям’ю. Не маючы свайго жылля, доўга туліліся па халодных бараках. У няпростых умовах нарадзіліся і падрасталі трое дзяцей.

Дачка Вера закончыла школу і пайшла ў тэхнічны інстытут па слядах бацькі. У якасці інжынера-механіка яе накіравалі на завод электрарухавікоў у Лунінцы, з якім былі наладжаны цесныя сувязі на Урале. Тут дзяўчыне сустрэўся мясцовы хлопец. Яна стварыла сям’ю і назаўсёды асталявалася ў Беларусі.

Марыя Андрэеўна ўпершыню прыехала ў наш край на вяселле дачушкі. Радавалася, што тая знайшла сваё шчасце, але непакоілася, што адлегласць будзе замінаць частым стасункам з роднымі. Спадабалася і мясцовасць, і людзі, але пагасцяваўшы, засумавала па дому. Больш чакала, каб наведваліся маладзейшыя, збіраліся пад адным дахам бацькоўскага дома ўсе разам.

На жаль, шчасце цяперашняй доўгажыхаркі не было доўгім. Першым пахавала мужа, з якім разам прайшлі праз 44 вясны. Пагараваўшы аб тым, што сышоў ён даволі рана, аддавала любоў і ўвагу нашчадкам. А калі давялося назаўсёды развітацца з 49-гадовым сынам Уладзімірам, роспачы жанчыны не было межаў. Моцна хвалявалі сэрца супадзенні ў датах – нарадзіліся бацька і сын 28 верасня, а памерлі – 29 верасня.

На гэтым страты не скончыліся. Моцна захварэла дачка Людміла, лекі не дапамагалі. Яе не стала ў 52 гады. Аслабеўшая ад гора маці засталася адна сярод столькіх магіл. Пакуль сіл хапала, абыходзілася самастойна, калі ж пра паважаны ўзрост сталі часцей нагадваць хваробы, родныя і задумаліся пра пераезд Марыі Андрэеўны да Веры ў Беларусь. Адсвяткавалі ўсе разам яе 80-гадовы юбілей і спакавалі рэчы ў далёкую дарогу.

Дабіраліся трое сутак. Спачатку расіянка вельмі сумавала аб далёкіх пакінутых краявідах, тут усё было незнаёмым і чужым. Але паступова асвоілася, знайшла новых сябровак, хаця некалькі маладзейшых за сябе. Ёй ёсць што расказаць пра жыццё ў іншым рэгіёне, цікава і паслухаць, што хвалюе лунінчанак. А пісьмы са штампам Беларусі рэгулярна даходзяць да адрасатаў у Меднагорску – роднай сястры і жонкі нябожчыка-брата, з якімі захаваліся цёплыя адносіны.

Уладкавалі справы з дакументамі. На Дзень Перамогі мясцовыя ўлады запрасілі на ўрачысты парад. Каля помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны Марыя Андрэеўна ўбачыла, што ў Беларусі сучаснікі памятаюць і аддаюць даніну павагі доблесным воінам, у радах якіх навечна маладым застаўся яе тата. Што дзякуюць за адданасць Радзіме стваральнай працай, якой яна прысвяціла сваё юнацтва. Адчуўшы ўвагу, жанчыне лягчэй было стаць сваёй на незнаёмай зямлі.

І сённяшні юбілей не застаўся незаўважаным. Ад раённага Савета ветэранаў з цёплымі віншаваннямі і падарункамі ў госці да юбіляркі завіталі старшыня Надзея Лазіцкая і намеснік Павел Дабрынец. Букет чырвоных гваздзікоў уручыў начальнік аддзела прызыву на вайсковую службу райваенкамата Аляксандр Цялушка. Яны пажадалі моцнага здароўя і душэўнага спакою, спыталіся пра самаадчуванне і параілі звяртацца з паўсядзённымі пытаннямі.

Хвалюе былую працаўніцу, што вытворчасць, якой было прысвечана працоўнае жыццё яе сям’і, страціла былую славу. Не лепшыя часы перажывае вялікі завод у Лунінцы, ёсць праблемы і на родным прадпрыемстве. Але пераадолеўшы за свой доўгі век узлёты і падзенні ў грамадстве і асабістым жыцці, яна разумее, што цяжкасці гэтыя вырашальныя. Не з такога ўзнімаліся ў пасляваеннае ліхалецце.

Пра цвёрдасць духу работніцы тылу сведчыць і той факт, што ў 84-гадовым узросце яна перажыла складаную аперацыю пасля траўмы бядра. Урачы не давалі гарантыю, што пажылая жанчына будзе хадзіць, спасылаючыся на старасць пацыенткі, адносіліся да яе з доляй скептызму. Але наперакор усяму Марыя Андрэеўна ўзнялася на ногі. А яшчэ сваёй прыемнай усмешкай і добразычлівасцю яна дорыць добры настрой кожнаму, хто побач.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть