Социум

Прыгажосць дабрыні

19 снежня адзначыла 90-годдзе Ганна Емяльянаўна ЯРМОЛЕНКА, якая была настаўніцай у розных школах, а на пенсію выйшла з СШ в. Вулька 1.

Яе малая радзіма – Буда-Кашалёўскі раён Гомельшчыны. Бацька – удзельнік Першай сусветнай, дзе быў цяжка паранены. Вярнуўшыся з фронту, усе сілы аддаваў дабрабыту сям’і. Вялікія спадзяванні ўскладалі на земляробства. Апрацоўваў участак, сам араў, а хатнюю гаспадарку даглядалі ўсёй сям’ёй, у якой раслі пяцёра дзяцей.
У час калектывізацыі сям’ю раскулачылі – канфіскавалі ўсю маёмасць. Бацька выказаў пратэст. За “супраціўленне Савецкай ула-дзе” быў асуджаны на два гады зняволення. Сям’і давялося выпрабаваць голад і холад. Але бацькоўскім запаветам для нашчадкаў заставалася імкненне да ведаў. Яны паспявалі па ўсіх прадметах, атрымлівалі ўзнагароды за паспяховую вучобу, але ў камсамол дарога была закрыта – “кулацкія дзеці”.
У 1938-ым, закончыўшы дзевяцігодку, паступіла ў Рагачоўскі настаўніцкі інстытут. Стаць дыпламаваным спецыялістам, аб чым марыла, удалося толькі перажыўшы страшныя гады вайны…
Іх раён вызвалілі ў канцы 1943-га. У пачату 1944-га – адкрылі школу. Так пачалося прафесійнае станаўленне… Будынак быў пераўтвораны пад шпіталь. Вучні дапамагалі даглядаць параненых вызваліцеляў, а займаліся па хатах. З дошак збілі сталы і лаўкі. Чарнілы выраблялі з раслін. У пошуках паперы раскручвалі гільзы і снарады. Гэта было вельмі небяспечна – здарылася не адна трагедыя… У яе адзінай са студэнцкіх часоў захаваўся падручнік для 4-га класа, па якім і вяла ўсе прадметы.
“Но вот и Победа!” Мару ажыццявіла, закончыўшы Гомельскі настаўніцкі інстытут. Старэйшая сястра – таксама педагог – выкладала ў Лунінскай школе. У нашым раёне ўгаварыла застацца і малодшую. Тут была наканавана сустрэча лёсу – яе выбраннік працаваў настаўнікам пачатковых класаў і фізкультуры.
Хутка маладую сям’ю перавялі ў Дрэбск, дзе Ганна Емяльянаўна займала пасаду намесніка дырэктара школы па вучэбнай частцы, потым у Красную Волю – ужо кіраўніком СШ. Выкладала вучням – і выхоўвала сваіх дзяцей. Але спасцігла трагедыя – памёр адзін з сыноў. Могілкі знаходзіліся на шляху да школы. Сэрца маці разрывалася на кавалкі, а трэба ж было кіраваць калектывам, весці ўрокі… Папрасіла аб пераводзе. Так апынуліся ў вёсцы Вулька 1, якая і стала другой радзімай.
Ганна Емяльянаўна ад-дала школе амаль 42 гады жыцця. Аб прафесійным старанні сведчаць Ганаровыя граматы раённага і абласнога ўзроўняў. Сціпла адзначае, што сярод цяперашніх педагогаў, у тым ліку і ў СШ в. Вулька 1, ёсць нямала яе вучняў. Яны памятаюць сваю настаўніцу, з удзячнасцю наведваюць.
Мае рацыю сельская
настаўніца ганарыцца і ўласнымі дзецьмі. Адзін з чатырох сыноў – сувязіст у Гомелі, другі, выпускнік Горацкай сельгасакадэміі, служыць у органах улады ў Мядзелі, што на Міншчыне. Малодшы – пабудаваў дом побач, у Вульцы 1, а працуе інжынерам-гідратэхнікам ПМК-59. Клапоціцца аб маме, асабліва – з таго часу, як не стала бацькі… Цікава, што са старэйшым сынам, студэнтам стацыянару, Ганна Емяльянаўна, “чтоб быть с веком наравне”, вучылася ў Брэсцкім педагагічным інстытуце завочна. Закончылі яго разам у 1973-ім. Аляксандр Іосіфавіч Яворскі (гэта прозвішча мужа настаўніцы) шмат год узначальваў Рэдзігераўскую СШ, цяпер там жа выкладае фізіку. Дзеці адарылі бабулю трыма ўнукамі і дзвюма ўнучкамі, тыя, у сваю чаргу, – пяццю праўнучкамі. Калі яны наведваюць старэйшыну роду, дом Ганны Емяльянаўны, заўсёды ўражваючы акуратнасцю, чысцінёй, утульнасцю, зіхаціць сапраўды анёльскімі ўсмешкамі.
Вялікі сад і агарод ужо непадуладныя гаспадыні, але асобныя градкі даглядае і захапляе ўраджаем сусе-дзяў. Зімой зямля адпачывае. Яе любімы занятак у вольны час – чытанне. Пастаянны падпісчык раёнкі, Ганна Емяльянаўна ўважліва знаёміцца з навінамі мясцовага жыцця. Радуецца поспехам юных і дарослых лунінчан. Занепакоена распаўсюджваннем п’янства, засмучана неўладкаванасцю многіх разумных і здольных маладых людзей… Тэлебачанне глядзіць рэдка, перакананая, што блакітны экран, хаця і стаў каляровым, нясе ў дамы шмат негатыву… Гарманічны стан аднаўляе класічнай літаратурай – прыцягваюць даследаванні аб пісьменніках, з задавальненнем перачытвае любімых аўтараў… За доўгі век Ганна Емяльянаўна не змяніла жыццёвым каштоўнасцям. Галоўным у чалавеку лічыць сумленнасць і дабрыню. Гасцінная гаспадыня, цікавая суразмоўніца, пазітыўны чалавек, яна захавала ў сабе гэтыя якасці і, як сапраўдны настаўнік, па-ранейшаму ўласным прыкладам дае навакольным урокі жыцця.
На развітанне нагадала, што Ганна Емяльянаўна нарадзілася ў дзень Свяціцеля Мікалая Цудатворцы, якога на Захадзе атаясамліваюць з нашым Дзедам Марозам, і спытала аб яе пажаданні чытачам напярэдадні Новага года.
– Заўсёды памятаць, што “красота – отцветет, доброта – неотцветна”, – радкамі з верша ўсміхнулася сельская настаўніца.
Наталля КАЗАНКОВА, старшыня раённага савета ветэранаў
педагагічнай працы.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть