Социум

РЫЦАР “КАРАЛЕВЫ”

З дзяцінства захоплены лёгкай атлетыкай, якая лічыцца “каралевай” спорту, 65-годдзе адзначае выкладчык фізкультуры СШ №1 г. Лунінца Аляксей Іванавіч ГНЕДЗЬКА.

Патомны лунінчанін нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка. Бацька быў дзяжурным, потым дыспетчарам станцыі Лунінец. Мама займалася хатняй гаспадаркай і выхоўвала сямёра сыноў. Усе дзеці вызначаліся добрай фізічнай загартоўкай, паспяховасцю ў вучобе. Лёс так распарадзіўся, што бацька захварэў, і Аляксей з СШ №2 перайшоў ў 11-ы клас вячэрняй школы рабочай моладзі. Адначасова працаваў вагаўшчыком кантрольнага пункта.

Пры вызначэнні будучай прафесіі ваганняў не было. Закончыў Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры. У 1969 годзе быў накіраваны ў СШ №1 роднага горада. Першае месца работы засталося адзіным на працягу ўсяго працоўнага шляху.

Настаўнік больш як 40 год аддаў справе свайго жыцця. Першаму з калег яму ў 1991-ым была прысвоена вышэйшая катэгорыя. Шмат год узначальваў раённае метадычнае аб’яднанне выкладчыкаў фізічнай культуры. Яго выхаванцы паказваюць высокія вынікі па лёгкай атлетыцы, лыжах, іншых відах спорту. Адно з дасягненняў апошняга часу – баскетбольная каманда СШ №1 заняла першае месца ў раёне ў мінулым навучальным годзе.

– Аляксей Іванавіч – адзін з самых паважаных прадстаўнікоў лунінецкага спартыўнага руху, – рады далучыцца да віншаванняў юбіляру дырэктар РФСК “Здароўе” Ігар Гапон. – Ён адзначаны ганаровымі граматамі Міністэрства асветы БССР, абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, трыма – раённага аддзела адукацыі. Летась наш клуб заснаваў Дыплом памяці пісьменніка-земляка Мікалая Калінковіча, які быў заўзятым футбалістам і спартыўным журналістам. Першая ўзнагарода па праву ўручана Аляксею Іванавічу…

Настаўнік не абмяжоўваўся ўрокамі з вучнямі – сумяшчаў іх, трэніруючы адораных юных выхаванцаў у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Цяпер ён у асноўным вядзе пазакласную дзейнасць – заняткі ў секцыі лёгкай атлетыкі.

– Працую ва ўласнае задавальненне, – усміхаецца Аляксей Іванавіч. – Спорт для мяне – заўсёднае свята! Параўнальнае хіба з рыбалкай…

У калегі простае вызначэнне шчасця: калі раніцай з радасцю ідзеш на работу, а вечарам – з такой жа радасцю вяртаешся дамоў. Мне асабліва прыемна адзначыць, што і жонка Аляксея Іванавіча – настаўніца. Сяброўскія адносіны з былой аднакласніцай, з якой працягвалі сустракацца ў час студэнцтва, перараслі ў каханне. Іна Васільеўна выкладала біялогію, была намеснікам дырэктара СШ №3. Выхавалі сына, які таксама атрымаў вышэйшую педагагічную адукацыю. Радасць сям’і – 12-гадовая ўнучка, якая любіць наведваць Лунінец, адпачываць у бабулі з дзядулем.

Агульнае захапленне жонкі і мужа – праца на агародзе. Аздабляўчы дрэвамі і кветкамі зямлю, Аляксей Іванавіч марыць, каб на ёй жылі такія ж прыгожыя і прыносячыя карысць грамадству людзі. Уласным прыкладам і ўсёй сваёй дзейнасцю паважаны настаўнік ўвасабляе гэта імкненне ў жыццё…

Наталля КАЗАНКОВА, старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть