Социум

У дэфіцыце – урачы, заатэхнікі і леснікі

Сітуацыя па стварэнню рабочых месцаў і працаўладкаванню беспрацоўных зараз аналізуецца і абмяркоўваецца на ўсіх узроўнях: ад мясцовых органаў улады да ўрада. На пачатак сакавіка ў нашым раёне на ўліку на “біржы працы” знаходзіліся 343 беспрацоўныя. Ці змогуць яны, згодна з патрабаваннем кіраўніка дзяржавы, знайсці работу на Лунінеччыне да 1 мая? Аб кроках, якія робяцца ў гэтым напрамку, расказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына СЕМЯНЧЭНКА:

– Калі гаварыць аб уладкаванні на работу ўсіх беспрацоўных, то трэба мець на ўвазе тых, хто жадае і можа працаваць. На сённяшні дзень у лік афіцыйных беспрацоўных уваходзяць: 110 чалавек, якія маюць базавую і сярэднюю адукацыі, прычым, большая палова з іх дагэтуль нідзе не працавала і не мае ніякай прафесіі; 57 – з дыпломам аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі; 27 – вышэйшай; яшчэ 149 – закончылі прафесійна-тэхнічныя ўстановы. Пошук работы вядуць аграномы, выхавальнікі, вадзіцелі, рабочыя будаўнічых спецыяльнасцей, слесары, інжынеры, эканамісты. У той час, як у нашым раёне ёсць кадравы дэфіцыт урачоў, заатэхнікаў, леснікоў. Для працаўладкавання па гэтых прафесіях патрэбна спецыяльная адукацыя.

– Ці ўсім налічваюць дапамогу па беспрацоўю і ў якім памеры?

– Ёсць пэўныя ўмовы для назначэння дапамогі, якія вызначаны заканадаўча. Па статыстыцы прыкладна кожны другі мае права на яе атрыманне. Пры гэтым улічваецца прычына, па якой чалавек застаўся без работы, працягласць беспрацоўя і іншыя фактары. Памер дапамогі складае 1-2 базавыя велічыні.

– Як доўга беспрацоўны можа мець афіцыйны статус?

– Згодна са змяненнямі ў заканадаўстве, паўтара года.

– Калі чалавек пасля працяглага перапынку страціў ранейшую кваліфікацыю, ці не можа ўладкавацца па прафесіі, што рабіць?

– У такіх выпадках прапануем прайсці прафесійнае навучанне, перанавучанне. Гэта рэальны шанц знайсці сябе на рынку працы. Так, зараз накіроўваем на набыццё прафесій газаэлектразваршчыка – 15 чалавек, швачкі – 12 і прадаўца – 13. Імкнемся фарміраваць групы, каб у далейшым усе мелі 100-працэнтнае працаўладкаванне. Таму асаблівую ўвагу надаем заключэнню трохбаковых дагавораў. У бліжэйшы час плануем накіраваць у цэнтр перападрыхтоўкі 56 чалавек, прыцягнуць да грамадскіх работ – 200.

– Калі беспрацоўнага накіравалі на перанавучанне, ён па-ранейшаму будзе атрымліваць дапамогу па беспрацоўю?

– Яго знімаюць з уліку, ён губляе статус беспрацоўнага і права на атрыманне дапамогі. Але ў перыяд навучання прадугледжана выплата стыпендыі, памер якой складае да 3 базавых велічынь.

– Безумоўна. Сёлета ўжо трое гараджан вырашылі заняцца прадпрымальніцкай дзейнасцю: двое падаліся ў рамеснікі, адзін заняўся аказаннем юрыдычных паслуг. Усе яны атрымалі бязвыплатныя субсідыі згодна з прадастаўленым бізнес-планам. Субсідыю можна атрымаць у памеры да 10 бюджэтаў пражытачнага мінімуму. Многія, каму прапануем тую ці іншую работу, мараць аб высокіх заробках. Іх абяцаць не можам. Разам з тым, усім, хто хоча працаваць, мы прадаставім такую магчымасць.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть