Социум

У школу – за «дзясяткамі»

Менавіта такія ацэнкі зычылі часцей прыносіць у дзённіках вучням Кажан-Гарадоцкай СШ Аліне і Андрэю ЗОСІЧАМ.

Вось толькі самі дзеткі шчыра прызналіся, што зусім не сумуюць па школе. Сёння іх увага і клопаты куды больш датычаць малодшага браціка. Маленькі Арсеній паявіўся на свет напярэдадні Яблычнага Спаса. Яго нараджэнне надало новы статус сям’і, якая асталявалася ў аграгарадку ў раёне з незвычайнай назвай Майдан.

Мы прыехалі сюды надвячоркам, калі ў цені магутных дрэў лёгка схавацца ад надакучлівай спякоты. Нас сустрэла гаспадыня. Нягледзячы на выхадныя, тата Мікалай Аляксандравіч быў на рабоце. Ён – трактарыст-машыніст у дзяржаўным прадпрыемстве “Гарадоцкі”, а, значыць, у гарачую пару інакш нельга.

Юлія Мікалаеўна ціхенька павіталася, даўшы зразумець, што сынок спіць. Не парушаючы цішыні, прайшлі ў залу, дзе глядзелі тэлевізар Аліна і Андрэй. Даведаўшыся пра мэту візіту, іх вочы ўзрадавана засвяціліся. Ад актывістак раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, рэдакцыі газеты “Лунінецкія навіны” ўручылі падарункі да школы – прыгожы ранец і канцылярскія прыналежнасці. Сціплае “дзякуй” з вуснаў юных землякоў дапоўніла матуля:

– Выказваем шчырую ўдзячнасць усім, хто дапамог нам. Прызнацца, нараджэнне трэцяга дзіцяці дадало не толькі звычайных клопатаў, але і фінансавых расходаў. А тут яшчэ і ў школу хутка. У Алінкі рукзак мінулагодні яшчэ добры, а купіць новы для Андрэйкі ўсё ніяк не атрымлівалася. Вы нас вельмі выручылі!

У верасні сям’я Зосічаў адзначыць 14-ую гадавіну. Параўнаўча нядаўна яны купілі дом, робяць тут рамонт. Няхай пад яго дахам штодня гучаць толькі шчаслівыя галасы!

 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть