Социум

Важны падарунак раёну

Напярэдадні святаў Лунінеччына атрымала шыкоўны падарунак: за сродкі мясцовага бюджэта набыты сучасны перасовачны дыягнастычны рэнтгенаўскі комплекс “Скрынэкспрэс”, у склад якога ўваходзяць пульмаскан і лічбавы мамограф. Каштуе пакупка больш як 3 мільярды 600 мільёнаў рублёў. Днямі аўтамабіль з медыцынскай апаратурай “прышвартаваўся” ў двары цэнтральнай раённай бальніцы.
Важнасць і запатрабаванасць навінкі пераацаніць нельга: лёгачная і паталогія малочных залоз у жанчын – з’ява ў нашай мясцовасці не такая і рэдкая. Менавіта таму ўрачы ўскладваюць вялікія спадзяванні на новую сучасную апаратуру, якая дапаможа на ранніх стадыях выяўляць небяспечныя захворванні, у тым ліку і анкалагічныя.

Першымі машыну, якую па даўжыні можна параўнаць з дзвюма вялікімі “фурамі”, агледзелі, вядома ж, урачы. Яны засталіся задаволенымі тым, што ўнутранае начынне адпавядае зручнасці як для тых, хто будзе праводзіць абследаванні, так і для пацыентаў. Здаецца, тут прадугледжана ўсё: ад аснашчаных па апошняму слову тэхнікі рабочых месцаў медыкаў да цёплых раздзявальняў для наведвальнікаў. 

У невялікіх кабінетах – найноўшае абсталяванне айчыннай і замежнай вытворчасці. Зразумела, што для работы на ім патрэбны спецыяльныя веды. Імі ў поўнай меры авалодваюць урачы Віктар Немец і Ніна Парфёнава, а таксама медыцынская сястра Святлана Яраховіч.
Як паведаміў галоўны ўрач установы аховы здароўя “Лунінецкая цэнтральная раённая бальніца” Ігар Невар, для стажыроўкі выбіралі бальніцы, дзе ўжо ёсць стацыянарная лічбавая апаратура падобнага кшталту. В.Н. Немец навучаўся на базе абласной бальніцы і Брэсцкай гарадской паліклінікі №2, Н.В. Парфёнава, хутчэй за ўсё, тонкасці работы на мамографе ў бліжэйшы час будзе спасцігаць у Баранавіцкай паліклініцы.
Вельмі важнай назваў Ігар Леанідавіч і тую акаліч-насць, што “Скрынэкспрэс” – комплекс мабільны, устаноўлены на аўтамабілі з высокай праходнасцю, што дазволіць дабірацца ў самыя аддаленыя кропкі раёна. Магутны бензінавы генератар забяспечыць неабходны час работы ў аўтаномным рэжыме без стацыянарнага электрычнага сілкавання. Урач Віктар Немец звярнуў увагу на тое, што новая апаратура будзе несці прыкметна меншую радыелагічную нагрузку на пацыентаў.
Разам медыкі растлумачылі, што зараз ідзе даводка абсталявання. Як толькі яна будзе завершана, “Скрынэкспрэс” пачне працаваць у рабочым рэжыме. Адве-дзены на ўсе працэдуры дастаткова сціслы тэрмін. Мяркуецца, што перасо-вачны пульмаскан прыме першых пацыентаў 3 сту-дзеня, а мамограф – прыкладна праз два тыдні.
Варта сказаць, што такога перасовачнага комплексу няма ні ў адной медыцынскай установе краіны. Пра гэта гаварыў і старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч, які, уласна кажучы, стаў ініцыятарам ажыццяўлення мары ўрачоў і лунін-чан. Кіраўнік раёна цвёрда перакананы, што жыццё і здароўе жыхароў раёна – самая вялікая каштоўнасць, а таму і надалей у развіццё сферы аховы здароўя будуць укладвацца патрэбныя сродкі.
Прамым пацвярджэннем слоў старшыні стала яшчэ адна навіна: для службы “Хуткай дапамогі” раёна набыты новенькі аўтамабіль, аснашчаны ўсім неабходным для рэанімацыі. Ёсць тут не толькі звычны дэфібрылятар, але і апарат для штучнай вентыляцыі лёгкіх. Аўтамабіль ужо выехаў на дапамогу хворым.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть