ПроисшествияСоциум

“Все это было бы смешно…”

Святлана МІХАЛЬЧЫК
Гартаючы судовыя справы, міжволі звярнула ўвагу на адну, што ўражвала пэўнай доляй кур’ёзнасці. Хаця канфлікты паміж людзьмі, якое б пачварнае адлюстраванне ні набывалі, выклікаюць часцей не ўсмешку, а сорам і шкадаванне.
Падзеі адбываліся цёплым майскім ранкам, калі на полі на ўскрайку Лунінца сустрэліся дзве жанчыны. У абедзвюх тут былі надзелы, якія, дзякуючы старанням, пад восень радавалі ўраджаем звычнай для беларусаў агародніны – цыбулі, морквы, буракоў… У гэты дзень гаспадыні, старэйшай з якіх споўнілася 80 год, радуючыся пагодліваму дню, рыхтавалі пад пасадку грады. Цяжка сказаць, што стала штуршком да сваркі. Пазней мала-дзейшая пераконвала тых, хто спрабаваў разабрацца ў канфлікце, што ёй падалося, быццам суседка капае занадта глыбокую разору паміж надзеламі. Яна зрабіла заўвагу жанчыне, на што тая, быццам бы, адказала грубай лаянкай.
Так ці інакш, перабранка на словах неўзабаве перайшла ў тузанне (назваць бойкай “разборкі” паміж дзвюма пажылымі жанчынамі не паварочваецца язык). У выніку старэйшая ўпала на зямлю, але не разгубілася. Сяк-так падняўшыся ў рост, яна ўха-піла лапату, што стаяла непадалёк, і замахнулася на крыўдзіцельку. Удар прыйшоўся на руку. “Адпомсціўшы”, старая пашыбавала з поля. А пацярпелая паспяшалася да ўрачоў, а потым – з заявай у міліцыю.
Рэзаная рана левай рукі на юрыдычнай мове набыла вызначэнне лёгкіх цялесных пакалечанняў. Праведзеная супрацоўнікамі РАУС праверка падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы не дала. Тым не менш, жанчына звярнулася ў суд, дзе ў прыватным парадку крымінальная справа была ўзбуджана.
Судовае разбіральніцтва расставіла кропкі над “і”. Васьмідзесяцігадовая жанчына была прызнана вінаватай у прычыненні лёгкіх цялесных пакалечанняў і пакарана штрафам у памеры 3 000 000 рублёў. Адначасова ёй належала выплаціць пацярпелай 500 000 рублёў маральнай шкоды, кампенсаваць расходы на лякарства і аплаціць дзяржаўную пошліну.
З судовым вердыктам лунінчанка не пагадзілася і падала касацыйную скаргу ў абласную судовую калегію па крымінальных справах, якая, вывучыўшы нюансы, адмяніла штраф. У астатнім усё засталося без змяненняў.
Здавалася б, усё як належыць: вінаватая пакарана, пакрыўджаная можа святкаваць перамогу. Але не дае спакою іншае. Чаму апошнім часам чалавечая нястрыманасць і злосць нярэдка знаходзіць выйсце зусім нечалавечым спосабам? Чаму міліцэйскія зводкі стракацяць злачынствамі на бытавой глебе, дзе ў якасці апошняга аргумента выступае нож, сякера, лапата? Чаму асэнсаванне ўчыненага прыходзіць запознена, калі паправіць, здараецца, ужо нічога нельга?
Выпадак з жанчынамі хоць і прыкры, але абышоўся, што называецца, “малой крывёй”. Але колькі такіх, дзе ад жудаснасці таго, што адбылося, стыне кроў. Няўжо трэба апынуцца ля апошняй мяжы, каб усвядоміць да болю простую і зразумелую ісціну: жыццё такое, якім мы самі яго робім.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть