ПроисшествияСоциум

“Я не такая, я жду трамвая”

судНе так даўно ў судзе разглядалася справа,  якую можна было б лічыць звычайнай, калі б не адна акалічнасць: аматараў за кошт дзяржавы паблукаць у інтэрнэце становіцца ўсё больш. А ўлічваючы распаўсюджанасць суственага павуціння, можна чакаць, што колькасць падобных іскаў ад арганізацый да некаторых прадпрымальных асоб будзе павялічвацца.
У прадстаўніцтва Белдзяржстраху жыхарка Мікашэвіч М. уладкавалася ў верасні 2012 года. Можна сказаць, што жыццё дало 20-гадовай дзяўчыне шанц, бо знайсці работу ў маладым горадзе не так і проста. Тым больш, што абавязкі былі нескладанымі – заключаць дагаворы па ўсіх відах страхавання. Для эфектыўнага іх выканання работадаўца паклапаціўся пра належныя працоўныя ўмовы: няхай сабе і невялікі, але асобны кабінет, які неўзабаве для зручнасці страхавога агента і кліентаў абсталявалі камп’ютарам. Для доступу ў інтэрнэт і лакальную сетку арганізацыі работніцы выдалі 3G-мадэм, загадаўшы рацыянальна выкарыстоўваць гарадскую, сотавую і інтэрнэт-сувязь. Як сведчыла практыка, карпарацыйнага трафіка памерам у 32 гігабайты было дастаткова, каб на працягу месяца эфектыўна выконваць усе працоўныя даручэнні. Адначасова работніцы паведамілі, што ўстаноўлена абмежаванне на выхад у сацыяльныя сеткі і на сайты, якія не маюць дачынення да работы страхавога агента.
Улічваючы тое, што любыя адносіны паміж наймальнікам і работнікам грунтуюцца, перш за ўсё, на даверы, на працягу пэўнага часу ў бухгалтэрыі не звярталі ўвагі на рахункі, што ішлі з Мікашэвіч за карыстанне інтэрнэтам і аўтаматычна іх аплачвалі. Пакуль у красавіку мінулага года раптоўна не “выстраліла” лічба ў больш як 3 мільёны рублёў. Гэта было занадта!
Неўзабаве праведзеная службовая праверка ўстанавіла, што забарона на выхад у сацыяльныя сеткі на мікашэвіцкім камп’ютары ўзламана, і маладая работніца мела магчымасць практычна штомесяц, дзякуючы сусветнаму павуцінню, “чысціць” кішэні арганізацыі на вялікія сумы. За кароткі час яна нанесла ўрон у амаль 10 мільёнаў рублёў.
Святло на сітуацыю праліла і так званая дэталізацыя выхадаў у інтэрнэт, якую ветліва прадаставіла кампанія сотавай сувязі. Чаго тут толькі не было: “завісанне” ў “Одноклассниках” і “Вконтакте” – самая, здаецца, бяскрыўдная забава М. Акрамя гэтага, цікавілі маладую асобу новыя відэа- і музычныя запісы, модныя каталогі жаночага адзення, “дзённікі вампіраў”, чаты радыёстанцый, відэазапісы разнастайных рэаліці-шоу, “прыколы дома” і нават “закрытае відэа”. Асаблівай папулярнасцю ў аматаркі паблукаць па сустветным павуцінні стала песенька “Я не такая, я жду трамвая”, якую меламанка слухала дзясяткі разоў на працягу дня. Словам, рабочы час М. бавіла “на ўсю катушку”.
Справядлівасці дзеля, варта сказаць, што разам з М. страхавым агентам працавала яшчэ адна жанчына. Але была яна намнога старэйшай і за камп’ютар, як сціпла прызналася сама, садзілася лічаныя разы, каб “пагуляць у карты”.
Між тым М. з прапановай у добраахвотным парадку кампенсаваць нанесены ўрон не згадзілася. Філіял Белдзяржстраху па Брэсцкай вобласці звярнуўся з іскам у суд. Пасяджэнне было працяглым, заслуханы шэраг важных сведкаў, якія пераконвалі правасуддзе, што адказчыца, мякка кажучы, спрабуе накіраваць вартавых правапарадку па падманным шляху. Так, М. настойліва даказвала, што і сапраўды ў абедзенны перапынак адпачывала, бавячы час у сацыяльных сетках, але для гэтага выкарыстоўвала ўласны 3G-мадэм. Яе ніколькі не ўсумніла, што за той жа красавік 2013 года за карыстанне інтэрнэтам арганізацыя вымушана была заплаціць суму ў 15 разоў большую за тую, што дзяўчына пералічыла на рахунак свайго 3G-мадэма. Больш таго, абсалютна бессаромна яна спрабавала перакласці віну на ўласных калег: маўляў, камп’ютар забіралі ў рамонт і хто ведае, у якіх мэтах ім карысталіся.
Так ці інакш, пад ціскам неабвержных доказаў аматарка інтэрнэта вымушана была прызнаць факт таго, што праз камп’ютар яна, вобразна кажучы, залезла ў кішэню арганізацыі. Адпаведна суд прызнаў іск філіяла Бел-дзяржстраху справядлівым і абавязаў грамадзянку М. не толькі кампенсаваць наймальніку ўрон у памеры 9 мільёнаў 757 тысяч 750 рублёў, але і выплаціць 213 тысяч 600 рублёў працэнтаў за карыстанне названымі грашовымі сродкамі, а таксама пагасіць судовыя выдаткі, якія склалі амаль 500 тысяч рублёў.
Варта спадзявацца, што ўсё расказанае стане пэўнай перасцярогай не толькі для тых, хто не задумваецца аб наступствах бяскрыўдных, здавалася б, забаў, але і для тых, хто свядома не грэбуе любымі метадамі пажывіцца за кошт іншых, у тым ліку і за кошт дзяржавы.
Васіль БЕЛЬСКІ, суддзя.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть