ПроисшествияСоциум

Закон: пакаранне – для злачынцаў, абарона – для добрых людзей

У праваахоўнай сферы падпалкоўнік юстыцыі Юрый МАРТЫНКОЎСКІ не навічок, але два гады таму яму ў пэўным сэнсе давялося перагледзець падыходы да ўласнай дзейнасці. Перш за ўсё, таму, што  даручылі ўзначаліць абсалютна новую структуру – раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Зыходзячы з вопыту, ведае: любая самая складаная задача будзе паспяхова вырашана, калі за яе бяруцца адказныя і высокакваліфікаваныя прафесіяналы. Пашанцавала, што менавіта такія людзі стварылі касцяк новай праваахоўнай структуры.

– Аддзел адразу заявіў пра сябе бездакорнай работай. Па выніках 2012-га і мінулага года сярод аналагічных структур трымаем лідзіруючыя пазіцыі. І гэта пры тым, што нагрузка на аднаго работніка ў нас прыкметна большая, чым у сярэднім па рэспубліцы, а разбіраць даводзіцца практычна ўсе катэгорыі злачынстваў, за выключэннем тых, якімі займаецца КДБ. Дастаткова сказаць, што ў 2013 годзе разгле-джана 513 крымінальных спраў. 308 – у адносінах да 347 асоб – накіраваны пракурору для далейшага разгляду ў судзе. Для 62-х падазраваемых мерай стрымання было выбрана змяшчэнне пад варту. Зараз такі падыход у адносінах да патэнцыяльных злачынцаў будзе больш частым. У пэўным сэнсе гэтую меру можна лічыць хоць і жорсткай, але дастаткова дзейснай. Асабліва для тых, хто ўжо меў канфлікт з законам. Заўважце, што летась прыкладна трэцяя частка ад агульнай колькасці злачынстваў учынена раней судзімымі асобамі.
– У агульным спектры па-ранейшаму пераважаюць крадзяжы?
– Так. Летась іх было 96. Прычым з 19 цяжкіх злачынстваў нераскрытымі засталіся якраз 2 крадзяжы ў буйным памеры. Адзін учынены ў жылым доме ў Мікашэвічах, адзін – на Прыпяці, дзе зніклі дорагакаштуючая  лодка і матор. Дзясятак спраў накіравана летась у суд за прычыненне цяжкіх цялесных пакалечанняў. У двух выпадках яны сталі прычынай смерці пацярпелых. Зарэгістравана летась і адно наўмыснае забойства. Пабольшала злачынстваў, учыненых непаўналетнімі. Пільную ўвагу следчых адчулі і тыя, хто рызыкуе займацца незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Па-ранейшаму трывожыць сітуацыя на дарогах. У мінулым годзе дарожна-транспартныя здарэнні сталі падставай для ўзбуджэння 17 крымінальных спраў. Дваіх удзельнікаў ДТЗ давялося нават змясціць у следчы ізалятар. Найчасцей туды трапляюць асобы, якія былі п’янымі за рулём і, больш таго, уцяклі з месца здарэння. Увогуле, хачу падкрэсліць, што любое дарожна-транспартнае здарэнне можна лічыць злачынствам, учыненым па неасцярожнасці. І вельмі цяжка зразумець тых, хто, не думаючы аб наступствах, спяшаецца схавацца ад адказнасці, пакідаючы ў небяспецы пацярпелых. Нярэдка можа стацца так, што вадзіцель магчыма і невінаваты ў тым што здарылася, але ў стане шоку, спалоханы, абсалютна не ўсведамляе, што робіць. Колькі было выпадкаў, калі пешаход ці веласіпедыст нечакана паяўляўся перад праязджаючым транспартным сродкам, і наезд проста нельга было прадухіліць. Але вадзіцель уцёк з месца ДТЗ і тым самым аўтаматычна трапіў у разрад злачынцаў. Адказнасць па артыкуле159 ч.3 Крымінальнага кодэкса РБ дастаткова сур’ёзная. Яе магло б не быць увогуле, ці наступіла б адміністрацыйная адказнасць, калі б вадзіцель прыняў усе меры па аказанню дапамогі тым, хто трапіў у бяду, патэлефанаваў медыкам, у міліцыю.
– Але я не згодна з вашым выказваннем наконт таго, што ДТЗ – злачынства, учыненае па неасцярожнасці. Асабліва ў выпадку, калі пад падазрэнне трапляе п’яны вадзіцель.
– А вось уявіце, што нават выпіўшы вадзіцель у пэўных абставінах можа панесці не крымінальную, а адміністрацыйную адказнасць. Усё залежыць ад цяжкасці ўчыненага і таго, як паводзіў сябе ён пасля ДТЗ. Іншая справа, калі назіраецца, так бы мовіць, рэцыдыў, і шафёр нецвярозым за рулём у поле зроку праваахоўнікаў трапляе не першы раз. Тым больш, на працягу года. За гэта гарантавана крымінальная адказнасць. А змяненні і дапаўненні ў заканадаўства, якія ўступілі ў сілу з 24 кастрычніка мінулага года, даюць права на канфіскацыю аўтамабіля. У нашым раёне ўжо тры выпівохі пазбавіліся транспарту менавіта па гэтай прычыне. Варта задумацца і кіраўнікам гаспадарак, устаноў, арганізацый. Такім жа чынам і на такой жа падставе канфіскоўваецца транспартны сродак і ў юрыдычных асоб. Патэнцыяльныя прэтэндэнты на такую меру ёсць і ў нашым раёне. А значыць, варта зрабіць больш строгім кантроль не толькі за тым, у якім тэхнічным стане выходзіць на лінію трактар, аўтамабіль ці аўтобус, але і за тым, хто і ў якім стане садзіцца за руль.
– Юрый Васільевіч, ведаю, што апошнім часам пры разглядзе спраў дастаткова актыўна пачалі прымяняць артыкул 30 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які дае права вызваляць ад крымінальнай адказнасці. Што з’яўляецца для гэтага падставай?
– Названы вамі артыкул дае права чалавеку пазбегнуць крымінальнай адказнасці, калі ён учыніў менш цяжкае злачынства. Здараецца гэта ў выпадку прымірэння бакоў, што бывае часта, калі ў ролі абвінавачваемых і пацярпелых выступаюць муж і жонка. У выпадку, калі парушальнік шчыра раскайваецца ў тым, што ўчыніў; калі ён зрабіў усё для таго, каб кампенсаваць нанесеную шкоду, актыўна супрацоўнічае са следчымі, дапамагае ў ходзе правя-дзення папярэдніх аператыўных дзеянняў. У гэтым выпадку можна абмежавацца адміністрацыйнай адказнасцю.
– Ці сталі больш строгімі падыходы да фігурантаў спраў, звязаных з наркотыкамі?
– Летась у суд было накіравана 13 такіх спраў. Выяўлена 6 фактаў незаконнага збыту наркатычных сродкаў і адзін прытон. Прадаўцы атруты адразу ж былі арыштаваны. Увогуле, усё часцей у ходзе папярэдняга расследавання асобы, якія затрыманы за незаконнае захоўванне і збыт наркатычных сродкаў, трапляюць у камеры следчых ізалятараў. Па-ранейшаму месцам найбольш актыўнай “дыслакацыі” аматараў наркотыкаў застаюцца Мікашэвічы і навакольныя вёскі. У выкарыстанні – ацэціліраваны і экстракцыйны опій, гашыш, марыхуана. У падлеткаў папулярнасцю карыстаюцца так званыя курыцельныя сумесі – спайсы. Параўнаўча нядаўна яны таксама аднесены да забароненых рэчываў, а таму адказнасць за іх захоўванне ці распаўсюджванне такая ж, як і за іншыя наркотыкі. Яна дастаткова сур’ёзная – да 15 год пазбаўлення волі з кан-фіскацыяй маёмасці. Колькі разоў даводзілася назіраць, як лёгка і бяздумна людзі ламаюць уласныя лёсы і як цяжка вяртаюцца да нармальнага жыцця.
– Якія з мінулагодніх спраў, на ваш погляд, сталі найбольш рэзананснымі?
– Забойства на бытавой глебе, якое адбылося ў Мікашэвічах, калі жанчына з дастаткова інтэлігентнай прафесіяй урача ўзняла руку на мужа. Адбыўся суд, вінаватая панесла заслужанае пакаранне. Пэўны рэзананс у грамадстве мелі справы, узбуджаныя па лініі эканамічнай злачыннасці. Іх фігурантамі ў нашым раёне сталі супрацоўнік упраўлення капітальнага будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, судмедэксперт. Паявіліся справы, узбуджаныя за заведама падманны данос і лжывыя паказанні сведкаў. Да 5 год пазбаўлення волі – такой можа быць расплата за хцівасць і падман. Дастаткова абмяркоўваемымі былі і два згвалтаванні. Некалькі апошніх год такі від злачынстваў не рэгістраваўся наогул, але мінулы даў вось такую сумную статыстыку. Дарэчы, крымінальная справа, узбу-джаная па аналагічнаму злачынству, учыненаму ў Азярніцы, неўзабаве будзе перададзена ў суд. Двое падазраваемых у згвалтаванні непаўналетняй дзяўчыны, затрыманы і знахо-дзяцца ў камеры следчага ізалятара. Такія злачынствы не толькі абураюць, але і наво-дзяць на роздум. Чаму так адбываецца? Ці не віной таму разбэшчанасць і ўсёдазволенасць пэўных асоб, якую нярэдка моўчкі прымае грамадства? Стала звычным сужыцельства, якое інтэлігентна называем “грама-дзянскім шлюбам”. А гэта ў большасці выпадкаў звычайная распуста. Невыпадкова сёння ў вытворчасці знаходзіцца справа, узбуджаная па артыкуле 168 Крымінальнага кодэкса РБ за палавыя зносіны і іншыя дзеянні сексуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту. У поле зроку праваахоўнікаў трапілі двое акселератаў. Зараз ёй – 16, яму – 18. Пэўны час яны сужыцельствавалі, нарадзілі дзіця і нават паспелі зарэгістраваць шлюб. Аднак гэта абсалютна не вызваляе ад адказнасці маладога галаву сямейства, якому сёння пагражае ні многа, ні мала – да 5 год пазбаўлення волі. Вядзецца праверка матэрыялаў па аналагічным выпадку. Не выключана, што будзе ўзбу-джана яшчэ адна крымінальная справа.
– Неспакойная і турботная работа праваахоўніка яшчэ і дастаткова небяспечная. Летась гэтаму таксама было нямала доказаў. Варта ўспомніць нападзенне на суддзю і ўзброенае процістаянне супрацоўнікам міліцыі, якія выехалі на сямейны скандал у Лунін.
– Гэтыя інцыдэнты таксама не засталіся без увагі. Узбу-джаны крымінальныя справы. Яны ўжо закончаны, вінаватыя пакараны. А што да работы, то ў нас яна была і будзе небяспечнай, але ад гэтага прафесія праваахоўніка не становіцца менш важнай і запатрабаванай. Сюды прыходзяць людзі па поклічу сэрца – адданыя, адказныя, надзейныя. Такія, як следчыя па асоба важных справах Аляксандр Гаруноў і Сяргей Пахолак, старшы следчы Віктар Колчын, следчыя Віталь Случак, Ганна Санковіч… У кожнага з іх – свой участак работы, свае абавязкі, галоўны з якіх – прыходзіць на дапамогу лю-дзям. І ў гэтым заўсёды дапамагае Закон, які забяспечвае строгае пакаранне для злачынцаў і надзейную абарону – для добрых людзей.
Гутарыла
Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.
Фота Аляксандра КОЎКІ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть