Здоровье

АДЗІН РАЗ У ГОД САДЫ ЦВІТУЦЬ…

10 год таму дзеці, якія першымі з нашай школы адпачывалі ў Швейцарыі, адзначылі гэту падзею пасадкай дрэва. Летась яблынька дала добры ўраджай. І кожны год – цвіце!

Нядаўна грамадскасць Дзятлавіч адзначыла 10-годдзе супрацоўніцтва з дабрачыннай арганізацыяй “Хардвальд Опфікон Глатбург” са Швейцарыі. Партнёрскія сувязі ўстанавіў былы дырэктар нашай школы Іван Фёдаравіч Тадорскі. У маі 1999-га першая група – 40 дзяцей – правяла месяц у швейцарскіх сем’ях. За прайшоўшы час у гэтай краіне аздаравілася 205 вучняў. Многія з іх ужо сталі выпускнікамі, працягнулі адукацыю ў ВНУ ці спецыяльных навучальных установах, атрымалі прафесію, увогуле ўступілі ў дарослае жыццё. 

Швейцарскія дабрачынцы працуюць з нашай рабочай групай, кіраўніком якой з’яўляецца выкладчыца хіміі Ірына Міхайлаўна Молчан, а ў склад уваходзяць дырэктар школы Аляксандр Уладзіміравіч Баўкуновіч, яго намеснікі – Любоў Васільеўна Чарнавокая (па выхаваўчай рабоце) і Юрый Паўлавіч Кацуба (па гаспадарчай частцы), настаўніца нямецкай мовы Таісія Барысаўна Мацкевіч.

Супрацоўніцтва адбываецца па некалькіх напрамках. Галоўнае – аздараўленне вучняў за мяжой. Швейцарцы матэрыяльна падтрымліваюць дзяцей-інвалідаў сельсавета (на здымку – іх бацькі дзякуюць дабрачынцам), у свой час прывозілі медыцынская прылады і абсталяванне ў якасці гуманітарнай дапамогі. Дружба паміж сем’ямі дзвюх краін дазволіла развіваць сапраўды народную дыпламатыю. 

Работу па наладжванню партнёрскіх сувязей Опфікон-Дзятлавічы пачынаў пастар Андрэас Гёрліх. Цяпер кіраўнік швейцарскай арганізацыі – Вераніка Ройшэнбах (на здымку), якая разам з дэлегацыяй наведала Дзятлавічы. Цікава было паслухаць прадстаўніцу адной з самых багатых краін свету. Некаторая інфармацыя стала адкрыццём.

Аказваецца, багатыя швейцарцы рэдка супрацоўнічаюць з дабрачынцамі. Беларускіх дзяцей бяруць звычайна сем’і так званага “сярэдняга класа”. Цяпер многія з іх пацярпелі ад наступстваў сусветнага фінансавага крызісу. Галоўны банк Швейцарыі абанкруціўся. Яго падтрымала дзяржава за кошт сродкаў падаткаплацельшчыкаў. У гэтых умовах няпроста дзейнічаць членам арганізацыі – ім даводзіцца хадзіць літаральна з працягнутай рукой. Але дабрачынцы прывыклі да цяжкасцей. Вераніка ўжо рыхтуе сабе змену, шукае новых міласэрных людзей. Сёлета на аздараўленне ў Швейцарыю запрошаны 12 вучняў. Замежныя госці сустрэліся з іх бацькамі, выказалі свае пажаданні і парады па падрыхтоўцы да летняга адпачынку.  

Назіраючы за ходам сустрэчы, пастаянна лавіў сябе на думцы: колькі часу і сіл мы часта дарэмна трацім на сваркі, крыўду, скардзімся на свой лёс, уладу і ўвесь свет разам узятыя. Але ж, якім прагрэсіўным ні было б жыццяўладкаванне ў любой краіне, сярод прадстаўнікоў кожнай нацыі заўсёды знойдуцца незадаволеныя. Шлях да ідэальнага грамадства пачынаецца з дабра ў нашых душах і сэрцах. Швейцарцы даказалі нам гэта: не апускаюць рукі, не засяроджваюцца на сваіх праблемах, дапамагаюць тым, на чый лёс прыпала больш складанасцей. Нам застаецца толькі вучыцца і натхняцца на стваральныя справы іх энергіяй, упэўненасцю ў дакладнасці выбранай дзейнасці, верай у яе запатрабаванасць.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть