Здоровье

“УНІВЕРСАЛЬНЫ ДОСТУП І ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА”

Менавіта такую тэму сёлета мае Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. Часам яго называюць хваробай паводзін. Ад яго няма спецыфічных сродкаў абароны. Вучоныя пакуль не распрацавалі вакцыну. Галоўнае – захаванне маральных прынцыпаў.
ВІЧ-інфекцыя застаецца беспрэцэндэнтнай па сваіх памерах глабальнай праблемай. Нікому невядомы 28 год таму ВІЧ забраў жыцці 28 мільёнаў чалавек на зямлі. Найбольшую эпідэміялагічную значнасць мае палавы шлях перадачы. Вельмі лёгка заразіцца пры канцтакце з крывёю. Сярод людзей, якія з’яўляюцца носьбітамі гэтага вірусу, многа тых, хто ўжывае наркотыкі ўнутрывенна. Заражэнне можа адбыцца і падчас драк. Вядомы выпадкі, калі да страшнага дыягназу прыводзяць татуіроўкі, брытвенныя і манікюрныя наборы, якія выкарыстоўваюцца паўторна без дэзінфекцыі. Небяспечнымі могуць быць агульныя зубныя шчоткі і іншыя прадметы асабістай гігіены.
Вертыкальны шлях перадачы ад маці плоду адбываецца ў час цяжарнасці, у працэсе родаў, пры грудным ускормліванні. Па меркаванню большасці даследчыкаў, заражэнне праз бытавыя кантакты (поціск рук, абдыманні, сяброўскія пацалункі, карыстанне агульнымі сталовымі прыборамі, ваннамі, санвузламі, купанне ў басейне, лазні, душу) не даказана. Невядомы выпадкі, калі хваробу прыносілі ўкусы насякомых.
ВІЧ не мае свайго “твару”, як іншыя інфекцыі. Ведаць СНІД – значыць, ведаць усю медыцыну. Аднак варта выдзеліць так званы першасны сімптомакомплекс – калі праз 1,5-2 тыдня пасля трапляння вірусу ў арганізм чалавека паяўляюцца прыкметы пагаршэння здароўя: тэмпература 38-39 градусаў, павялічаныя лімфатычныя вузлы, кашаль, патлівасць па начах, адышка, слабасць.
МОВАЙ ЛІЧБАЎ
СНІД у свеце
– Штохвіліны 6 чалавек становяцца ВІЧ-станоўчымі;
– Больш як 42 мільёны зямлян жывуць з ВІЧ сёння;
– Звыш 45 мільёнаў новых выпадкаў інфекцыі чакаецца ў бліжэйшыя 10 год;
– Толькі 12 працэнтаў людзей з ВІЧ атрымліваюць неабходнае лячэнне;
– Толькі 5 працэнтаў моладзі маюць доступ да прафілактыкі ВІЧ.
ВІЧ у Беларусі
Па дадзеных афіцыйнай статыстыкі, па стану на 1 лістапада 2009 года ў нашай краіне зарэгістравана 10529 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, з іх сёлета выяўлена 911. Большасць інфіцыраваных – маладыя людзі ва ўзросце ад 15 да 29 год (удзельная вага ў агульнай структуры – 67,3 працэнта). Асноўны шлях перадачы – ін’екцыйнае ўвядзенне наркотыкаў. Аднак, штогод расце колькасць тых, хто заразіўся ў выніку сексуальных кантактаў (2007-ы – 66,8 працэнта, 2008 – 75, 10 месяцаў 2009-га – 76,7).
Усяго за перыяд назірання за эпідэміяй (адлік вядзецца з 1987 года) ад хворых матуль нарадзілася 1466 немаўлят. У 151 малыша пацверджаны дыягназ “ВІЧ-інфекцыя”, з іх 8 дзетак памерлі.
ВІЧ на Брэстчыне
У эпідэмічны працэс уцягнуты ўсе адміністрацыйныя тэрыторыі. Сумнае лідэрства ўтрымліваюць Пінск (357), Брэст (132), Баранавічы (63) і Лунінецкі раён (45). Сярод усіх зарэгістраваных людзей 22,6 працэнта – асобы з месцаў пазбаўлення волі, 57,8 – без пэўнага віду дзейнасці. Антырэтравірусную тэрапію атрымліваюць 97 хворых, у тым ліку – трое дзетак.

Медыкі рэкамендуюць захоўваць правілы паводзін. Іх не так многа: чысціце зубы ўласнай шчоткай; гуляючы на вуліцы, не паднімайце выкінутыя іголкі, лязо, шпрыцы і іншыя прадметы, якімі можна парэзацца; устрымайцеся ад неабдуманных учынкаў: татуіровак, удзел у абрадах братання, прапаноў ад равеснікаў ці старэйшых мужчын уступіць у інтымную сувязь; выключыце раннія палавыя адносіны; майце аднаго надзейнага партнёра, а пры выпадковых кантактах выкарыстоўвайце прэзерватывы; грунтоўна і даходліва растлумачце дзіцяці, што ўяўляюць сабой нароктыкі ў рэальным жыцці, каб дапамагчы яму падрыхтавацца да правільнага выбару; перад рашэннем пытання аб мацярынстве прайдзіце тэсціраванне на ВІЧ, калі не выключаеце для сябе магчымасць заражэння; праводзьце працэдуры (праколванне вушэй, татуіроўкі) у спецыяльных установах; карыстайцеся індывідуальнымі прадметамі асабістай гігіены.
Памятайце, за кароткае імгненне “кайфу” настане расплата ў выглядзе страты здароўя, а, магчыма, і жыцця.
Аляксандр ДУБІНІЧ, галоўны ўрач ДУ “Лунінецкі РЦГіЭ”.
Рыма ШЭЎЧЭНКА, загадчыца акушэрска-гінекалагічнага аддзялення.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть