Здоровье

ЗДАРОВАЕ ХАРЧАВАННЕ: ЕСЦІ ЧАСТА, МАЛА І НЯСМАЧНА

Чаму каварныя хваробы сэрца робяць інвалідамі зусім, здавалася б, маладых людзей? Як сталася, што цукровы дыябет – хваробу сталага пакалення – дыягнастуюць дзеткам? Чаму Беларусь мае сумнае лідэрства па колькасці анкалагічных захворванняў страўнікава-кішэчнага тракту? Чым растлумачыць той факт, што пераважная колькасць юнакоў прызыўнога ўзросту церпіць ад атлусцення? І ці даступныя, урэшце, звычайнаму жыхару раёна прадукты здаровага харчавання?  
Адказы на гэтыя пытанні шукалі ўдзельнікі “круглага стала” – урач-эндакрынолаг Наталля КАШКЕВІЧ, загадчык гігіенічнага аддзела РЦГіЭ Людміла МАРОЗ, урач-валеолаг Жанна КУЛЕШ і галоўны педыятр раёна Валянціна ТРУХАНОВІЧ.

Вядучы. Старажытныя грэкі казалі : “Мы ёсць тое, што мы ядзім”. Наколькі актуальна сёння гэтае выказванне?

Мароз. Вельмі актуальнае. Па дадзеных экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, колькасць і якасць ужываемых прадуктаў харчавання з’яўляюцца асноўнымі фактарамі, якія вызначаюць здароўе чалавека. Менавіта з няправільным харчаваннем медыкі звязваюць рост выпадкаў туберкулёзу, сардэчна-сасудзістых і анкалагічных захворванняў. Чым вызначаецца харчаванне беларуса? Празмерным ужываннем тлушчу, халестэрыну, цукру, солі, алкаголю і катастрафічным недахопам поліненасычаных тлушчаў, морапрадуктаў, расліннай ежы, багатай вітамінамі, мінераламі і клятчаткай. А значыць, у арганізм недапаступае кальцый (у пажылых гэта становіцца прычынай остэпарозаў і павышанай ломкасці касцей), жалеза (у цяжарных жанчын і дзяцей гэта – перадумова анеміі), ёду (у дзяцей можа прывесці да страты інтэлектуальных здольнасцей), фтора, селена, цынка… Акрамя гэтага, у рацыёнах абследаваных груп насельніцтва выяўлены дэфіцыт тлушча- і водарастваральных вітамінаў (Д, А, В1 і В2), фоліевай кіслаты.

Вядучы. Вось вы ўспомнілі халестэрын. Але ж гэтае тлушчавае рэчыва ў пэўнай колькасці проста неабходна арганізму чалавека!

Мароз. Вы правільна сказалі – у пэўнай колькасці. Штодзённы расход халестэрыну – 1200 міліграмаў. Яго ўзмоцнены сінтэз пачынаецца пры павелічэнні ўжывання цукру, алкаголю, прадуктаў жывёльнага паходжання і вырабаў з мукі вышэйшага гатунку. Празмернае ўжыванне лёгказасвоеваемых вугляводаў вядзе да павышэння ўзроўню глюкозы ў крыві, актывацыі выпрацоўкі інсуліну і ў выніку – да павышэння ўзроўню ўтрымання ў крыві халестэрыну, што значна павялічвае рызыку развіцця атэраслерозу. Урэшце, усе харчовыя рэчывы ў разумных дозах – на карысць арганізму. 

Вядучы. Гэта значыць, трэба есці мала?

Трухановіч. Аднойчы на семінары па здароваму харчаванню спыталі ў аднаго са спецыялістаў, што значыць правільна харчавацца? Яна, а гэта была жанчына, адказала: “Трэба есці часта, мала і нясмачна”. Давайце паглядзім, як харчуемся мы. Раніцой – чай ці кава, у абед стараемся “перахапіць” на рабоце, а вечарам даем волю страўніку. Прычым, спецыфіка нашага харчавання вызначаецца перавалодваннем тлустых, смажаных ці вэнджаных прадуктаў. Калі салата, то абавязкова добра запраўленая маянэзам. Смятану выбіраем большай тлустасці, любім смятанку ў каву… Прапануй многім з нас на сняданак кашу, на абед – салату, запраўленую аліўкавым алеем, посны суп з агародніны ці адвараную нятлустую рыбу-мяса? Нясмачна – скрывяцца многія. А гэтыя прадукты павінны быць частымі на нашым стале. Прычым есці трэба не адзін-два разы на дзень, а сама меней – пяць. Варта звярнуць увагу і на тое, што правільна харчавацца – справа нятанная. Ды і клапатлівая. Ці ў многіх нашых магазінах знойдзеш сёння малако 0,1-0,3-працэнтнай тлустасці? Нятлустыя смятану і тварог? Ды і морапрадукты, агародніна-фрукты каштуюць нятанна. Але ж на лекі потым грошай ідзе значна больш. І тады мы іх ужо не лічым. То магчыма варта прыйсці да ўсведамлення гэтага раней, пакуль ёсць яшчэ час?

Вядучы. Са сказанага можна вывесці некалькі асноўных прынцыпаў здаровага харчавання. Якія яны?

Кулеш. Па-першае, неабходна захоўваць раўнавагу паміж паступаючай з харчаваннем энергіяй і яе расходваннем. Прасцей кажучы, лічыць калорыі. Зараз гэта нескладана – на кожнай упакоўцы з прадуктамі ёсць такія лічбы. Адзначу, што для чалавека, які займаецца фізічнай працай трэба 3900-4000 ккал у суткі, разумовай – 2500-2800 ккал. Па-другое, трэба захоўваць рэжым харчавання – есці ў вызначаны час вызначаную колькасць ежы. Суадносіна бялкоў, тлушчаў і вугляводаў у ёй павінна адпавядаць 1:1:4 пры абавязковай наяўнасці вітамінаў і мінеральных рэчываў. Ежа павінна быць разнастайнай з вялікай колькасцю агародніны і свежых фруктаў, нятлустага мяса і рыбы, цэльных круп, малочных прадуктаў з нізкім утрыманнем тлушчу. Як бачыце, не так і складана. Хаця, згодна з калегай, і нятанна. 

Вядучы. Ці не дае гэта падставы яшчэ раз упэўніцца ў карыснасці шматлікіх дыет?

Кулеш. Не стала б гаварыць так адназначна. Сёння карысць вегетарыянства, раздзельнага харчавання, харчавання па Шэлтану, Брэгу стараюцца даказаць многія. І ўсё ж ёсць неаспрэчныя медыцынскія аргументы, якія даказваюць, што дыеты не адпавядаюць прынцыпам здаровага харчавання, бо ніякім чынам не змогуць задаволіць арганізм ва ўсіх неабходных рэчывах.

Вядучы. Скажыце, калі ласка, на якіх групах насельніцтва найбольш прыкметны вынікі няправільнага харчавання?

Кашкевіч. Як на дарослых, так і на дзецях. Традыцыйнасць нашага харчавання, парушэнне яго рэжыму вядзе да змянення вагі цела, атлусцення і выкліканых гэтым сур’ёзных праблем. Павялічваецца нагрузка на сэрца, паяўляецца адышка, павышаецца артэрыяльны ціск, развіваецца ішэмічная хвароба сэрца, цукровы дыябет, жоўцевакаменная хвароба, павялічваецца рызыка анкалагічных захворванняў… А ўсё разам узятае скарачае наша з вамі жыццё ў сярэднім прыкладна на 10 год. Сёння эндакрынолагі з трывогай канстатуюць прыкметнае амалажэнне цукровага дыябету. У нашай краіне такі дыягназ упершыню пастаўлены дзіцяці! Цукровы дыябет ІІ тыпу часцей дыягнастуецца ў людзей з павышанай вагой. Зараз ідзе прызыўная кампанія. Днямі на медыцынскі агляд прыйшоў 18-гадовы юнак, вага якога 124 кілаграмы. Прычым падлеткаў з павышанай вагой цела большасць. У недалёкім будучым гэта – атлусценне дарослага, метабалічны сіндром, гіпертанія… Прычынай усяго становяцца так званыя “схаваныя” тлушчы – у малацэ, сасісках, тлустых сырах, іншых прадуктах. Неяк глядзела тэлеперадачу, дзе расказвалася пра цікавы эксперымент. Чалавека на працягу тыдня кармілі папулярнымі сярод нашай дзетвары (ды і дарослых!) “фаствудамі”. За тыдзень ён паправіўся на 8 кілаграмаў! Тут жа былі выяўлены сур’ёзныя змяненні ў крыві, у асноўных органах. Каб прывесці чалавека ў норму, спатрэбілася больш як паўгода! А мы нішчым сябе на працягу ўсяго жыцця.

Вядучы. Няўжо сітуацыя такая крытычная?

Кашкевіч. Яна дастаткова складаная, але небезнадзейная. Патрэбна метадычная, вывераная растлумачальная работа па прапагандзе здаровага харчавання. У тым ліку і з падключэннем магутных рычагоў рэкламы. У якасці доказу магу прывесці прыклад з рэкламай прэпаратаў, утрымліваючых ёд. Сёння хіба гультай не ведае, што такое ёдаваная соль ці той жа ёдамарын. Мэтанакіраванае ўжыванне ёдаванай солі ў грамадскім харчаванні, прапаганда яе і прэпаратаў ёду ў друкаваных СМІ, па радыё і тэлебачанні дало свой эфект. Яшчэ год 10 таму у старэйшых групах садкоў у некаторых дзяцей абавязкова дыягнаставалі зоб І ступені. Цяпер такія выпадкі наогул не рэгіструюцца. Ды і сярод дарослых захворванні шчытападобнай залозы ўжо не такія частыя, як раней. Прыкладна так – настойліва і мэтанакірвана – трэба дзейнічаць і ў справе праганды здаровага харчавання. І вынік не прымусіць сябе чакаць.



Показать больше

Похожие статьи

2 комментария Комментариев

  1. Здоровье,Кирилл,за деньги не купишь.Традиционная белорусская еда – простая и здоровая пища. Самое страшное,что люди совершенно безграмотны в плане здорового питания.

  2. Мне заголовок нравится… Есть часто и мало… Что я поем два раза на день, но плотно, и тоже самое что буду есть 10 раз на день, но бегать к холодильнику через каждые сорок минут… Мало того, что пол по пути к холодильнику и газовой плите (ну или как сейчас модно к микроволновке tongue ) будет до того затерт ногами в тапочках, что на краску, что бы его покрасить заново, уйдет больше денег чем на еду, так еще и не понятно что и какого цвета есть…

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть