Здоровье

ЗДАРОВЫ ЛАД ЖЫЦЦЯ І ДОБРЫЯ СПРАВЫ паспрыяюць зніжэнню тэмпаў развіцця ВІЧ-інфекцыі

Прафілактыка яе і венерычных захворванняў стала галоўнай тэмай вучобы з куратарамі, якая прайшла ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Удзел у абмеркаванні прынялі загадчыца аддзела прафілактычнай дэзінфекцыі Людміла Кляўцэвіч, урач-інфекцыяніст Анатоль Раковіч, раённы дэрматавенеролаг Жанна Немец, валеолаг Жанна Кулеш і псіхолаг Святлана Дмітрыева.

Па стану на 01.05.2009 г. у Беларусі зарэгістравана 9998 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, з іх 380 – выяўлена за 4 месяцы гэтага года. Найбольшая колькасць пражывае ў Гомельскай вобласці (5212), Мінску (1401) і Мінскай вобласці (1275). Па Брэсцкай вобласці на тую ж дату зафіксаваны 721 выпадак. Па-ранейшаму сумнае лідэрства ўтрымліваюць Пінск (347), Брэст (123), Баранавічы (620) і наш раён (42). Прыкра, але сітуацыя па ВІЧ-інфекцыі на Лунінеччыне працягвае пагаршацца. У эпідэмічны працэс уцягнуты 7 адміністрацыйных тэрыторый.

Каварная хвароба паражае ў асноўным маладых людзей ва ўзросце да 35 год. Практычна ўсе яны ўжываюць ін’екцыйныя наркотыкі. 19,1 працэнта ад агульнай колькасці заразіліся падчас палавых кантактаў. Ад ВІЧ-інфіцыраваных маці ў раёне нарадзілася 4 дзяцей. Страшны дыягназ не пацверджаны, на шчасце, ні ў аднаго малыша.

ВІЧ-інфекцыя – невылечнае захворванне, пры якім паражаецца і павольна разбураецца імунная сістэма арганізма. Яна мае некалькі стадый развіцця, апошняя з якіх называецца СНІД. Крыніцай захворвання з’яўляецца інфіцыраваны чалавек. Існуюць тры асноўныя шляхі перадачы – палавы, пры траплянні віруса ў кроў і ад маці – да дзіцяці. Па меркаванню большасці даследчыкаў, заражэнне праз бытавыя кантакты (поціск рукі, абдымкі, сяброўскія пацалункі, карыстанне агульнымі сталовымі прыборамі, ваннай, санвузлом, купанне ў басейне, лазні) не даказана. Нельга “падчапіць заразу” праз посуд, ежу, дзвярныя ручкі. Вірусы імунадэфіцыту, выяўленыя ў катоў, цялят, малпаў і іншых жывёлін, не ўяўляюць небяспекі для чалавека.

Развіццю эпідэміі ВІЧ садзейнічае неспрыяльная сітуацыя па інфекцыях, што перадаюцца палавым шляхам. Імі, па ацэнках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штодзень заражаюцца каля 1 мільёна чалавек. Найбольш высокія ўзроўні захворваемасці рэгіструюцца ва ўзроставай групе 15-29 год, часцей – сярод жанчын. Прыкра, што ў апошні час змяніліся адносіны маладых людзей да дашлюбных палавых сувязей. Шэраг даследаванняў сведчаць, што ўжо да 16 год палова падлеткаў мае сексуальны вопыт.

Якія ж прафілактычныя меры прымаюцца сёння? Спецыялісты заклікаюць да здаровага ладу жыцця, выкарыстання прэзерватываў пры выпадковых палавых кантактах, ігнаравання наркотыкаў, правядзення ў спецыялізаваных установах праколвання вушэй і нанясення татуіровак.

У час вучобы былі раздадзены тэматычныя памяткі “Беражыце дзяцей ад наркотыкаў”, “Прафілактыка ВІЧ/СНІДу”, “Ананімнае і бясплатнае абследаванне на ВІЧ-інфекцыю”.

АНАНІМНА І БЯСПЛАТНА

Абследавацца на ВІЧ-інфекцыю (СНІД) можна:

– у раённай паліклініцы УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” (вул. Чырвоная, 100, каб. 60) з 08.00 да 19.00, тэл. 2-25-28;
– у філіяале №1 “Мікашэвіцкая бальніца” УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” (вул. Першамайская, 18, каб. 19) з 08.00 да 19.00, тэл. 2-25-28.

Пракансультуюць па пытаннях ВІЧ-інфекцыі:

– урач-эпідэміёлаг ДУ “Лунінецкі РЦГіЭ” (вул. Чырвоная, 162, каб. 19), тэл. 2-67-40;
– урач-інфекцыяніст УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” (вул. Чырвоная, 100, каб. 22), тэл. 2-61-33.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть