Спорт

15 МАЯ — ДЕНЬ РАБОТНІКАЎ ФІЗІЧНАЙ КУЛЬТУРЫ І СПОРТУ

Лёгкая атлетыка

ЗА БРЭСТЧЫНУ – З ПОСПЕХАМ

У абласным цэнтры адбылося першынство Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 1993-94 гадоў нараджэння.

За каманду Брэстчыны выступала выхаванка Лунінецкай ДЮСШАР Алена Герасімчук. У фінальным забегу на 100 метраў яна фінішавала трэцяй з вынікам 12,59 секунды, а эстафетны квартэт заняў першае месца, як, дарэчы, і зборная нашай вобласці.

Міні-футбол

ПРАЎЛЕННЕ – НА ВЫШЫНІ

У турніры па міні-футболе, прысвечаным 65-годдзю Вялікай Перамогі, сярод філіялаў райспажыўтаварыства прынялі ўдзел 5 каманд.

Спаборніцтвы праходзілі па кругавой сістэме. Жаданне перамагчы дэманстравалі ўсе ўдзельнікі, адсюль і барацьба была вельмі напружанай. Але ў спорце перамагаюць мацнейшыя. Імі на гэты раз сталі футбалісты праўлення: Барыс Веляскевіч, Яўген Ераміевіч, Вячаслаў Кузьміч, Юрый Сарока, Аляксандр Богдан і Максім Каховіч.

Другое і трэцяе месцы занялі філіялы «Аўтабаза” і «Грамадскае харчаванне”.

Пераможцы і прызёры спаборніцтваў узнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі ад прафсаюзнага камітэта.

Удзельнікі спаборніцтваў выказваюць удзячнасць дырэктару РФСК «Здароўе” Ігару Гапону за садзеянне ў правядзенні турніра на стадыёне «Палессе”.

Іван ЕРАМІЕВІЧ, старшыня прафкама райспажыўтаварыства.

ЗА ТУР ДА ЗАКАНЧЭННЯ

Да завяршэння чэмпіянату краіны па міні-футболе ў першай лізе застаецца ўсяго адзін тур, які яшчэ можа ўнесці змяненні ў размяшчэнні нашых каманд у турнірнай табліцы. А вось чэмпіёнскі тытул «МАПІД” заваяваў датэрмінова.

Усё так цудоўна пачыналася ў Лунінцы, дзе «Базар” прымаў «Жлобін”. Па ходу гульні нашы вялі з лікам 3:1, аднак паступова пачалі растрачваць перавагу. На перапынак каманды накіраваліся пры нічыйным выніку – 3:3. Барацьба была прынцыповай, але фартуна ў гэты дзень аказалася на баку гасцей – 5:6. У нашай камандзе вызначыліся Юрцэвіч (2), Санюковіч, Бандарук, Луцэвіч.

Падобным чынам складвалася сітуацыя ў першым тайме ў гульні мікашэвіцкага «Граніта” і бярозаўскага «Камунальніка”. Вось толькі ў другой палове сустрэчы «гранітаўцы” прыбавілі і перамаглі – 6:4. Аўтарамі забітых мячоў сталі Ярмоліч, Кіслюк (2), Семянюк, Шылоўскі, Скакалкін.

30-ы тур, 15 мая, нашы каманды правядуць на выездзе. «Базар” сустрэнецца з «ВітЭнам”, які прэтэндуе на бронзу, а «Граніт” – са «Жлобінам”.

Футбол

У ЛІДЭРАХ – ПАЛЕШУКІ

Пасля чатырох тураў пакуль дзве каманды маюць у сваім «арсенале” 100-працэнтны вынік – «Граніт” і «Хваля”.

Са стартавага свістка «Граніт” узяў пад кантроль мяч у дамашнім матчы з рэчыцкім «Ведрычам-97”. Між тым, гэта не значыць, што яны стварылі шмат галявых момантаў. Іншы раз тэрытарыяльная перавага ўсё ж была за гасцямі. Але ў тым, што «гранітаўцы” даволі паспяхова рэалізуюць апошнім часам стандартныя становішчы, пацвердзіла 38-ая хвіліна гульні. Штрафны ўдар з 25 метраў у выкананні Маргульца быў настолькі прыгожы і моцны, што варатар рэчыцкай каманды не змог супрацьстаяць яму. 1:0 – з такім лікам футбалісты адправіліся на перапынак.

Пачатак другога тайма «Граніт” пачаў з актыўных дзеянняў. Адну з контратак дакладным ударам завяршыў Бойка, падвоіўшы лік у матчы. Надалей падзеі разгортваліся не зусім цікава з пункту гледжання балельшчыкаў, якія выказвалі незадаволенасць частымі судзейскімі спыненнямі ў гульні. Арбітр не шкадаваў жоўтых картак для футбалістаў. Між тым, «гранітаўцы” з кожным матчам набываюць упэўненасць, дэманструючы разнастайную, тактычна вывераную, высокага ўзроўню гульню.

15 мая, у суботу, «Граніт” правядзе гульню на выездзе з «Гомелем”, а ў сераду, 19 мая, на гарадскім стадыёне «Палессе” будзе прымаць «Смаргонь”. Пачатак у 17.00.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть